Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

В.Портнікаў: “Дыялёг Лукашэнкі і Захаду – гэта дыялёг глухіх”


Юры Дракахруст, Прага Ці можа Захад у цяперашніх умовах прымусіць Аляксандра Лукашэнку пайсьці на дэмакратызацыю Беларусі? Ці можа Эўропа пайсьці на супрацоўніцтва з афіцыйным Менскам дзеля супрацьдзеяньня расейскай энэргетычнай палітыцы? Ці варта Захаду падтрымліваць Лукашэнку дзеля захаваньня беларускай незалежнасьці? Прапануем Вашай увазе адказы палітычнага аналітыка Віталя Портнікава на пытаньні перадачы “Праскі акцэнт”.

Дракахруст: “У інтэрвію нямецкай “Die Welt” Аляксандар Лукашэнка зрабіў цэлы россып авансаў у бок Захаду, асабліва Эўропы. Гаварылася і пра магчымы саюз транзытных краінаў, і пра магчымы продаж беларускіх прадпрыемстваў заходнім кампаніям, і пра магчымасьць пераходу Беларусі на эўра, і нават пра тое, што Беларусь – абарончы вал Захаду, праўда, у кантэксьце абароны Эўропы ад нелегальных мігрантаў. Ну а абвінавачваньнямі на адрас Расеі быў прасякнуты кожны абзац інтэрвію.

Варта прыгадаць, што яшчэ 14 студзеня Лукашэнка падзякваў Эўразьвязу і ЗША за падтрымку падчас беларуска-расейскага крызісу і дадаў, што Беларусь гэтага “ніколі не забудзе”.

Замежны, у прыватнасьці, польскі друк, паведамляе пра нейкія сакрэтныя перамовы, якія прадстаўнікі Лукашэнкі вядуць з заходнімі прадстаўнікамі.

Здаецца, што Захад, Эўропа апынуліся перад вельмі складанай дылемай (ці нават трылемай). З аднаго боку відавочна, што нешта ў беларускай уладзе зрушылася, што брутальнае сутыкненьне з Масквой, якое насамрэч далёка ня скончылася, вымушае Менск шукаць іншыя геапалітычныя варыянты. З другога боку існуюць абвешчаныя раней заходнія ўмовы паляпшэньня адносінаў: гэта дэмакратызацыя, вызваленьне палітвязьняў – як мінімум. Нарэшце з трэцяга боку – крызіс, на думку некаторых, пагражае беларускай незалежнасьці, і Захад, праігнараваўшы захады Менску, можа прапусьціць страту Беларусьсю незалежнасьці. Дык што ж яму, Захаду, рабіць, і што ён практычна будзе рабіць? І ці лічыце Вы, што цяперашняя сытуацыя – унікальная, такая , якой не было паўгода, два гады ці пяць гадоў таму?”

Портнікаў: “Я сапраўды лічу, што самае жаданьне прэзыдэнта Беларусі размаўляць з Захадам зьяўляецца унікальным хаця б з пункту гледжаньня ягонага ўласнага погляду на рэальнасьць. Таму што да апошняга часу нават калі Лукашэнка спрабаваў рабіць нейкія авансы ў бок Захаду, гэта не было зьвязана з нагэтулькі сур''ёзнай сытуацыяй у ягонай уласнай краіне.

Калі б мы рэальнага глядзелі на палітычную сытуацыю ў Беларусі, можна было б меркаваць, што нават такое пагадненьне , якое дазволіла б стварыць легальную парлямэнцкую апазыцыю, якая была б прадстаўленая ў СМІ – усё гэта ўжо было б вялікім крокам наперад адносна сёньняшняй сытуацыі.

Шмат прадстаўнікоў беларускай апазыцыі жывуць у сьвеце ілюзіяў, і я мяркую, што іх уласная палітычная кар''ера і скончыцца ў гэтым сьвеце. Але ёсьць і рэалістычныя людзі, якія разумеюць, што Беларусь – ня Польшча, не Вугоршчына і нават не Ўкраіна, і будучыня Беларусі – гэта крок за крокам, гэта марудны крок да выздараўленьня пасьля даўгой хваробы жыцьця з Лукашэнкам.

Ці можа сам Лукашэнка стаць бацькам такой перабудовы – гэта пытаньне. Але размова ідзе менавіта пра перабудову, а не пра "аксамітную" рэвалюцыю.

Але ёсьць іншая праблема, зьвязаная з энэргетычнай залежнасьцю Беларусі ад Расеі. І гэта значна больш сур''ёзная праблема, чым любы дыялёг з Захадам. Мы пераканаліся ў гэтым на ўкраінскім прыкладзе. Я памятаю самазадаволенасьць украінскіх апазыцыянэраў у 2004 годзе, калі ім спрабавалі патлумачыць, што перамога Юшчанкі на прэзыдэнцкіх выбарах прывядзе да сур''ёзных праблемаў для ўкраінскай эканомікі і да паразы "аранжу" ў даволі хуткім часе. А зараз прэзыдэнт Віктар Юшчанка папракае тых, хто дазволіў у Кіеве выступаць лідэрам туркмэнскай апазыцыі з крытыкай рэжыму, які куды больш жорсткі, чым расейскі. Прычынай гэтых папрокаў стала залежнасьць Украіны ад паставак туркмэнскага газу. На гэтым і скончылася палітычная кар''ера лідэраў украінскай дэмакратыі – у спробах абараніць рэжым нашчадкаў Сапармурада Ніязава. Гэта жахлівая палітычная рэальнасьць, але яна аб''ектыўная.

Так што перш чым абмяркоўваць адносіны Беларусі з Захадам, варта абмеркаваць адносіны Беларусі з Расеяй. Таму што Беларусь сёньня , як шмат у чым і Ўкраіна, гэта не незалежная дзяржава – гэта энэргетычная калёнія Расеі. І які шлях ператварэньня калёніі ў незалежную. самадастатковую краіну – гэта галоўнае пытаньне, якое павінны абмяркоўваць і апазыцыянэры, і прадстаўнікі ўлады, не падманваючы сябе размовамі пра беларускую незалежнасьць да таго моманту, пакуль яны не пачнуць плаціць за энэрганосьбіты сапраўдную цану”.

Дракахруст: “Невялічкую саступку Менск на гэтым тыдні зрабіў – Беларускі Хэльсынскі камітэт ня сталі выкідаць зь ягонага офісу. Разумею, што гэта гучыць сьмешна. Але так выглядае, што нават мінімальнае патрабаваньне, перадумову – вызваленьне палітзьняволеных, Менск выконваць не зьбіраецца. А можа, менавіта ў гэтай сытуацыі Захад мусіць проста не прадзешавіць, і Менск з прычыны безвыходнасьці становішча пойдзе на саступкі і ў гэтым?”

Портнікаў: “Мне здаецца, што дыялёг Лукашэнкі і Захаду – гэта дыялёг глухіх. Калі Лукашэнка гаворыць, што гатовы да супрацоўніцтва з Захадам, ён робіць Захаду вялікую саступку. А Захад, калі гаворыць Лукашэнку, што трэба пачаць палітычныя рэформы, і тады зь ім пачнуць размаўляць, таксама лічыць, што робіць Лукашэнку вялікую саступку, бо зь лідэрам з такім мінулым наагул не размаўляюць ні пры якіх абставінах.

Але калі Вы пытаецеся, ці зможа Лукашэнка прыняць умовы Захаду, гэта грунтуецца на дапушчэньні, што Захад яму рэальна можа штосьці паабяцаць. А што Захад яму можа паабяцаць у цяперашняй энэргетычнай сытуацыі? Прыгадваючы ўкраінскую сытуацыю, трэба сказаць, што Захад ня можа зрабіць для Беларусі а-ні-чо-га. І гэта галоўная праблема.

Лукашэнка мог бы прыняць любыя ўмовы, калі б гэта былі ўмовы пакупкі, працягу палітычная існаваньня ў абмен на рэальныя грошы. Усе гэтыя гады Лукашэнка абменьваў інтэграцыйныя лёзунгі на грошы для свайго рэжыму. Калі зараз у Брусэлі яму вылучаюць палітычныя ўмовы, яму павінны прапанаваць тое самае, што яму давалі ў Маскве. А гэтага Захад не зьбіраецца рабіць хаця б з тае прычыны, што для большай часткі эўрапэйскіх краінаў Беларусь – гэта ўсяго толькі транзыт расейскіх энэрганосьбітаў у Эўропу. І Захад аддасьць перавагу дамоўленасьці з Расеяй, каб яна ўсталявала стабільныя маршруты паставак праз Украіну і Беларусь, чым дамаўляцца пра гэта з Кіевам і Менскам. Толькі ў Кіеве і Менску ніяк ня могуць зразумець, што ў гэтым сутнасьць заходняй палітыкі, а ня ў лёзунгах адносна дэмакратыі”.

Дракахруст: “Гледязчы па інтэрвію Лукашэнкі “Die Welt”, ён, так бы мовіць, імкнецца прадаць Эўропе гатоўнасьць гуляць на яго баку ў канфлікце з Расеяй наконт энэрганосьбітаў. Можа, купяць менавіта ў такой якасьці? Зараз ужо шмат хто праводзіць аналёгію з адносінамі Захаду з румынскім камуністычным дыктатарам Чаўшэску. Ніхто на Захадзе Чаўшэску саюзьнікам не лічыў, але за пэўную незалежнасьць ад Масквы сёе-тое давалі, так бы мовіць, “by default” , па змаўчаньні.

Вось нядаўна сэнатар США Рыгард Лугар заявіў, што “энэргетычны ціск небясьпечней за Чырвоную Армію”. Вось Лукашэнка і хоча атрымаць нешта за супрацьстаяньне гэтаму ціску, з Чаўшэску вялі гульню і без дэмакратызацыі”.

Портнікаў: “Я хацеў бы сказаць, што Лукашэнка ня сам згуляў сваю ролю. І не румынская апазыцыя, якой тады не было, у адрозьненьне ад цяперашняй беларускай, Чаўшэску гэту ролю прапанавала. Скіданьне Чаўшэску было вынікам складай палітычнай акцыі з удзелам зьнешніх палітычных сілаў. І магчыма гэта было тады, калі гэтыя зьнешнія сілы маглі лёгка схавацца за заслонай тагачасных грандыёзных геапалітычных падзеяў. Зараз, калі ня так лёгка хавацца, калі зьмены пасьля краху рэжыму могуць быць непрадказальнымі, я ня думаю. што Лукашэнка зможа згуляць ролю Чаўшэску.

Тут трэба яшчэ прызнаць такую бясспрэчную рэч, што значная частка беларускага грамадзтва па розных прычынах, але падтрымлівае Лукашэнку. Чаўшэску не падтрымліваўся большай часткай румынскага грамадзтва ва ўмовах поўнай інфармацыйнай ізаляцыі. У Беларусі сытуацыя іншая. Дарэчы, і эканамічная сытуацыя ў Румыніі падчас скіданьня Чаўшэску была такая, што дэманстравала ўсю ілжывасьць афіцыйных лёзунгаў. Эканамічная сытуацыя ў Беларусі ў прынцыпе можа стаць такой, але інфармацыйная рэальнасьць будзе іншай. І невядома, як грамадзтва адрэагуе на эканамічныя зьмены ў горшы бок, калі яму іх здолеюць “правільна” патлумачыць”.

Дракахруст: “Днямі “Gazeta Wyborcza” апублікавала артыкул “Пакт з д’яблам у імя свабоднай Беларусі”, у якім аўтар Яцэк Паўліцкі ставіць пытаньне рубам: “Эўразьвяз апынуўся перад дылемай: працягнуць руку дыктатару, які зьнішчае дэмакратыю, каб ратаваць незалежную Беларусь, ці пагадзіцца на “дэмакратызацыю” Беларусі пры дапамозе Крамля. Польшча, як сусед Беларусі і краіна, якая хоча ўплываць на ўсходнюю палітыку Эўразьвязу, павінна знайсьці адказ на гэтае пытаньне раней, чым Брусэль”. Дык які ж адказ, які выбар?”

Портнікаў: “Я мяркую. што мы не павінны перабольшваць значэньне апазыцыі. Яна можа не прывесьці да тых вынікаў, якія сёньня зьвязваюцца зь яе будучым уплывам на падзеі ў Беларусі. Але гэта нармальны накірунак усходнеэўрапэйскай думкі. Напярэдадні 2004 году Польшча падпісала вырак сваёй украінскай палітыцы, калі паставіла на адну палітычную сілу – на "аранжавую" апазыцыю. У выніку мы бачым, што і дэмакратычныя працэсы ва Ўкраіне не такія бліскучыя, як на гэта спадзяваліся ў Варшаве, але што больш важна – што для польскага кіраўніцтва, для польскай дыпляматыі зачыненыя дзьверы ўкраінскай улады.

Польшча, якая шмат гадоў лічыла сябе краінай, якая абараняе ўкраінскія інтарэсы ў Эўропе, ня мае ніякага ўплыву на ўкраінскія падзеі. Такой краіны для Ўкраіны больш не існуе. Як такой краіны не існуе і для Расеі. Гэта зьнешнепалітычная катастрофа, якая не павінна адбыцца ў беларускім накірунку. А адбудзецца, і гэта дакладна, калі ня будзе рэалістычнага разуменьня таго, што адбываецца ў гэтай краіне, калі ня будзе разуменьня працы з тымі людзьмі, якія прымаюць рашэньні ў Беларусі.

Прадстаўнікі беларускай апазыцыі гавораць пра неабходнасьць росту самасьвядомасьці беларускага народу. Я згодны, што гэта неабходная ўмова для далейшага існаваньня беларускай дзяржавы. Але гэта ўмова недастатковая. Татарскі народ сёньня мае больш моцную нацыянальную самасьвядомасьць, чым беларускі, але існуе ў межах расейскай дзяржавы. Я ня думаю, што беларускія апазыцыянэры хацелі б, каб беларускі народ, які сябе самаўсьвядоміць, гэтак жа камфортна пачуваўся ў межах расейскай дзяржавы. Але гэта мажліва, і ня толькі ў Расеі, але ў Гішпаніі, Вялікай Брытаніі ды іншых краінах.

Каб Беларусь была незалежнай і эфэктыўнай дзяржавай, недастаткова самаўсьведамленьня беларускага народу, неабходны яшчэ дакладны і прагматычны эканамічны выбар”.

Дракахруст: “Яшчэ адна цытата з артыкулу Паўліцкага “...Як падаецца, Пуцін ужо падпісаў вырак. Так ці іначай ён давядзе да падзеньня рэжыму Лукашэнкі і пасадзіць на троне прыхільных сабе палітыкаў і давядзе да “інтэграцыі” Беларусі з Расеяй. Расейскія дыпляматы ўжо пачалі казаць сваім калегам з Эўразьвязу, што могуць дапамагчы ўсталяваць дэмакратыю ў Беларусі. Частка краінаў аб’яднанай Эўропы гатовыя пагадзіцца на гэтую прапанову, але роля Польшчы ў тым, каб паказаць, што гэта памылковы шлях”, – піша “Gazeta Wyborcza”. А ён памылковы? Можа, гэта варыянт для Эўропы – далучыцца да такога расейскага праэкту на пэўных умовах, хаця б таксама “by default”, па змаўчаньні? Якая альтэрнатыва – выставіць патрабаваньне дэмакратызацыі і чакаць, пакуль Менск не саступіць? Ці чакаць чагосьці іншага?”

Портнікаў: “Мне здаецца, што зараз можа быць шмат сцэнароў. Усе магчымасьці, якія Лукашэнка выкарыстоўваў на працягу ўсіх 14 гадоў, у той ці іншай ступені захоўваюцца. Ён ня мае такіх дабротаў, якія меў дагэтуль, але існаваць, як гаспадар Беларусі, ён можа. І далейшыя сцэнары залежаць ад таго, наколькі акуратна будзе Масква зацягваць пятлю на ягонай шыі.

Пры гэтым мы павінны разумець, што гэта пятля ня толькі на шыі Лукашэнкі, гэта пятля і на шыі Беларусі. Калі гэта будзе рабіцца далікатна, нічога акрамя інтэрвію “Die Welt”, мы ня ўбачым. Калі гэта будзе рабіцца недалікатна і хутка, магчымыя больш энэргічныя крокі з боку прэзыдэнта Беларусі. Як ён будзе сябе паводзіць, мне цяжка сказаць, бо гэта глухі кут для яго. Але ён моцны палітык і ён можа пайсьці на нестандартныя крокі.

Што тычыцца магчымасьці аб''яднаньня высілкаў Расеі і Захаду, гэта будзе залежыць ад таго, ці будзе Расея паводзіць сябе, як слон у пасуднай лаўцы, ці яна будзе далікатнай. Адэкватнасьць Расеі мне таксама не здаецца відавочнай, бо ў Маскве дагэтуль існуе ілюзія, што якісьці іншы прэзыдэнт Беларусі значна лягчэй вырашыць пытаньне аншлюсу, чым Лукашэнка. Разуменьне таго, што Лукашэнка – адзіная асоба, якая была ў прынцыпе здольная на вырашэньне гэтага пытаньня, у Расеі адсутнічае. У чым, дарэчы, і ўратаваньне беларускай дзяржаўнасьці”.
XS
SM
MD
LG