Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падчас “паўлаўскай” рэформы беларусы страцілі 30 мільярдаў савецкіх рублёў


Ігар Карней, Менск Паводле падлікаў Нацыянальнага банку Рэспублікі Беларусь, у выніку грашовай рэформы савецкага ўраду ў 1991 годзе беларусы страцілі больш як 30 мільярдаў савецкіх рублёў. Як кажуць у Нацбанку, захадаў дзеля кампэнсацыі ўкладаў грамадзянам Беларусі пакуль ня плянуецца — на гэта няма сродкаў.

Прадстаўнік Нацыянальнага банку Беларусі Анатоль Драздоў кажа, што захадаў, аналягічных тым, што робяцца ў Літве, хутка не плянуецца. На кампэнсацыйныя выплаты ў бюджэце “лішніх грошай” няма. Як падлічылі экспэрты Нацбанку, на гэтыя мэты неабходна выдаткаваць некалькі дзясяткаў мільярдаў даляраў.

Драздоў: “Было некалькі гадоў таму даручэньне прэзыдэнта — вывучыць гэтае пытаньне. Яно было вывучанае — у тым ліку і Нацыянальным банкам. Мы выказалі свае прапановы. Але, разумееце, у чым напраўду праблема? Няма грошай! Пры пэўным разьвіцьці ў эканоміцы іх знайсьці, безумоўна, можна. Але вы можаце сабе ўявіць, колькі сродкаў для гэтага неабходна? Нават калі прыраўнаць адзін да аднаго да даляра (ня будзем ужо браць курс 1 даляр = 62 капейкі, які тады быў афіцыйна), то цана пытаньня — 30 мільярдаў даляраў. І гэта пры дзяржаўным бюджэце 20 мільярдаў! Вось і палічыце — дзе такую суму ўзяць, тым болей у такой складанай сытуацыі. Карацей кажучы, гэтае пытаньне пакуль замерла”.

Анатоль Драздоў удакладняе: ад канца 1990-х гадоў разглядалі розныя варыянты кампэнсацыі страчаных укладаў. Перадусім Нацыянальны банк прапаноўваў выпускаць каштоўныя паперы, падмацаваныя ўрадавымі гарантыямі, паколькі выплаты мелі б ажыцьцяўляцца зь бюджэту. Браць замежныя крэдыты пад выплаты, на думку дзяржаўных фінансістаў, было ня надта разумна.

Што да досьведу Літвы, то, паводле спадара Драздова, ён ня варты перайманьня. Прадстаўнік Нацыянальнага банку кажа, што грашовая кампэнсацыя літоўскіх уладаў неадэкватная.

Драздоў: “Разумею, што насельніцтва Літвы ў два з паловай разы меншае. Але такую суму мы хоць зараз можам насельніцтву аддаць. Мы ж двойчы ўжо рабілі кампэнсацыю ў невялікіх памерах. Але паглядзіце — нават багатая Расея, у якой больш як 300 мільярдаў даляраў золатавалютных рэзэрваў, выплачвае сваім укладчыкам 1000 расейскіх рублёў кожнаму, што меней за 40 даляраў.

Ніхто гэтай праблемы паўнавартасна ня можа вырашыць. Таму праблема ўсюды аднолькавая — у зацікаўленых краінах няма грошай, патрэбныя вельмі значныя сродкі. Дзеля справядлівасьці: мы ведаем, у каго грошы цяпер знаходзяцца — у тых, хто потым за бесцань скупляў дзяржаўную ўласнасьць і цяпер мае мільярды. Гэта тыя ж грошы, яны ж не зьнікаюць. Яны проста зьмянілі ўласьніка, перацяклі з адных рук у іншыя. Але гэтага ўжо ня выправіш. Таму, на жаль, пытаньне застаецца неразьвязаным”.

Спадар Драздоў кажа, што пытаньня кампэнсацыі страчаных грашовых укладаў на парадку дня зацікаўленых дзяржаўных установаў няма.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG