Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасада ЗША плянуе аднавіць мэмарыяльны знак у Курапатах (фота)


Ганна Соўсь, Менск Амбасада ЗША ў Беларусі асудзіла вандалізм у Курапатах. У заяве дыпляматычнай місіі гаворыцца, што амбасада і надалей зьбіраецца шанаваць памяць загінулых у Курапатах і разглядае варыянты аднаўленьня мэмарыяльнага знаку. Тым часам у міліцэйскіх зводках МУС, а таксама гарадзкой і абласной міліцыі факт вандалізму ў Курапатах ня быў зафіксаваны.

Прадстаўнік прэсавай службы амбасады ЗША Аляксей Саламаха агучвае заяву амбасады ЗША, якую зрабілі з нагоды апаганьваньня мэмарыяльнага знаку “Ад народу Злучаных Штатаў народу Беларусі дзеля памяці”. У 1994 годзе падчас візыту ў Беларусь лаву падараваў прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан.

Саламаха: “Амбасада шкадуе, што зноў была пашкоджаная мэмарыяльная лаўка — падарунак беларускаму народу ад народу Злучаных Штатаў. Аднак яшчэ большую занепакоенасьць выклікае тое, што гэты акт вандалізму зьневажае памяць тысячаў ахвяраў сталінізму ў Курапатах. Амбасада зьбіраецца і надалей ушаноўваць памяць тых, хто загінуў у Курапатах, і разглядае шэраг варыянтаў аднаўленьня мэмарыяльнай лаўкі”.



Сёньня ж я наведала ўрочышча Курапаты. Там усё застаецца, як і 30 студзеня, калі быў выяўлены факт вандалізму. Лава разламаная, частка пліты адсутнічае. Мэмарыяльны знак засыпаны сьнегам. Побач заўважаю сьляды аўтамабіля. Праўдападобна, што гэта праяжджала міліцэйская машына — раней гэтак некалькі разоў на дзень патрулявалі ўрочышча.



У прэсавых службах Міністэрства ўнутраных справаў, гарадзкой і абласной міліцыі Радыё Свабода паведамілі, што ў міліцэйскіх зводках пра вандалізм у Курапатах не паведамляецца. Гаворыць кіраўнік прэсавай службы міліцыі Менскай вобласьці Аляксандар Шункевіч

Шункевіч: “У нас гэта не праходзіла. Калі заведзеная крымінальная справа, то гэта трапляе ў зводкі. Пра факт вандалізму я сам даведаўся з інтэрнэту”.

Пры канцы 2005 году паводле факту вандалізму ў Курапатах завялі крымінальную справу. Тады вандалы нанесьлі свастыку і абражальныя надпісы на курапацкія мэмарыяльныя знакі. Расьсьледаваньне гэтай справы прыпынялася, потым ізноў аднаўлялася. Вось што паведаміў Радыё Свабода сьледчы менскага райаддзелу міліцыі Ўладзімер Хвошч, які раней займаўся расьсьледаваньнем:

Хвошч: “Справу перадалі ў абласное ўпраўленьне ўнутраных справаў, там цяпер знаходзіцца. Там праводзяцца мерапрыемствы дзеля росшуку асобаў, датычных да вандалізму. Але гэта таямніца сьледзтва”.

Дасьледчык гісторыі сталінскіх рэпрэсіяў Ігар Кузьняцоў неаднаразова зьвяртаўся ў міліцыю з прычыны фактаў вандалізму ў Курапатах, аднак ён больш ня верыць у плённасьць гэткіх захадаў.

Кузьняцоў: “Калі 30 студзеня мы былі ў Курапатах, то ўсю інфармацыю перадалі другому сакратару амбасады ЗША. Чарговы зварот у міліцыю нічога ня дасьць. Павінна быць заява да імя амбасады, нота пратэсту ў МЗС, потым МЗС зьвернецца ў МУС — тады, можа, схема спрацуе. На ўзроўні раённай міліцыі гэта даўно ўжо не працуе”.

Дарэчы, апошнім часам на некалькіх курапацкіх камянях зьявіліся абразы Маці Божай. Як кажа гісторык Ігар Кузьняцоў, гэта зрабіў мастак-рэстаўратар Анатоль Кузьняцоў. Яго майстэрня знаходзіцца недалёка ад Курапатаў у прыходзе храму Ўваскрасеньня Хрыстова.



XS
SM
MD
LG