Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У апазыцыі няма згоды адносна кангрэсу


Алесь Дашчынскі, Менск Апазыцыя распачала падрыхтоўку да другога Кангрэсу дэмакратычных сілаў. І ўжо сутыкнулася зь цяжкасьцямі падчас пошуку памяшканьня. Апроч таго, некаторыя актывісты апазыцыі сумняюцца, ці варта ўвогуле праводзіць кангрэс.

Кангрэс дэмсілаў прызначаны на 17—18 сакавіка. Заяўкі на арэнду накіравалі гаспадарам сямі буйных заляў Менску. Канцэртная заля “Менск” і Палац культуры аўтазаводу адмовілі ў арэндзе, а зь іншых адказаў няма. Разглядаецца варыянт правядзеньня кангрэсу за межамі краіны.

Цэнтральная рэвізійная камісія пакуль не закончыла праверку подпісаў, што сабралі патэнцыйныя дэлегаты. Некаторыя подпісы выклікалі сумнеў. Гэтую сытуацыю патлумачыў старшыня Партыі камуністаў беларускай Сяргей Калякін:

Калякін: “На сёньняшні дзень, паводле маіх зьвестак, Цэнтральная назіральная камісія зацьвердзіла паўнамоцтвы 530 дэлегатаў кангрэсу. І больш за 170 яшчэ знаходзяцца на разглядзе. Некаму адмовілі, бо гэтыя сьпісы прызналі несапраўднымі”.

Дагэтуль ня вызначаны і зьмест кангрэсу. Паводле аднаго зь сяброў палітрады, нехта хоча прыняць “малую канстытуцыю” ці каштоўнасную альтэрнатыву, а нехта хоча памяняць лідэраў.

Над праграмнымі дакумэнтамі працуе група, якую ўзначальвае намесьнік старшыні БСДП (Грамада) Аляксей Кароль:

Кароль: “Асноўная ідэя — кангрэс мусіць стаць свайго роду перадпарлямэнтам, які легітымізуе адказнасьць аб’яднанай апазыцыі за іхныя дзеяньні. Гэта якраз і імкненьне рэгіянальных структураў, якія б не хацелі пераўтварэньня кангрэсу ў спрэчку за лідэрства, а хацелі б аб’яднаньня пад сцэнар дзеяньняў і пераменаў”.

Паводле старшыні аргкамітэту Аляксандра Бухвостава, адзінства пакуль няма:

Бухвостаў: “Адны хочуць кангрэсу, другія ня хочуць. Таму ідзе пэўнае хваляваньне вакол таго, быць кангрэсу ці ня быць. Але мы сказалі: быць, і мы прысьпешваем падрыхтоўку”.

Адносна палітрады, якая зьбярэцца ўвечары 2 лютага, каб абмеркаваць гэтыя пытаньні, Сяргей Калякін сказаў:

Калякін: “Я думаю, будзе разглядацца пытаньне — мы зьбіраемся праводзіць кангрэс, ці будзем гуляць у гульні далей? Калі кангрэсу ня будзе — гэта будзе канстатавана, што няма ніякай палітрады, ніхто нікога прадстаўляць ня можа, і патрэбная будзе новая канфігурацыя, якая будзе зробленая, і тут увойдуць тыя, хто гэтага хоча”.

Паводле старшыні палітрады Аляксандра Мілінкевіча, кангрэс мусіць кансалідаваць апазыцыю і таемным галасаваньнем абраць лідэра, якому ўсе падпарадкуюцца.

Мілінкевіч: “Калі кангрэс ня будзе абіраць лідэра, а будзе працаваць паводле прынцыпу ратацыі, я лічу, што гэта вялікая памылка. Ніколі ў дыктатуры ратацыі не перамагалі. І цяпер сапраўды ў многіх людзей, ужо нават будучых дэлегатаў кангрэсу, пытаньне: ці варта такі кангрэс зьбіраць. Я рашэньне не прыняў пакуль што. І мае ўмовы: кангрэс павінен быць легітымным, там не павінна быць людзей, якія паводле сфальшаваных подпісаў патрапілі на кангрэс. І, па-другое, ён мусіць спрыяць кансалідацыі. Калі ён разбурыць — ня варта”.
XS
SM
MD
LG