Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Швэдаў хвалююць наступствы пабудовы Паўночнаэўрапейскага газаправоду


Валер Каліноўскі, Прага Амэрыканская газэта “International Herald Tribune” сёньня піша пра заклапочанасьць у Швэцыі расейска-нямецкімі плянамі будаўніцтва новага газаправоду па дне Балтыкі у абход Беларусі і Ўкраіны.

Паўночнаэўрапейскі газаправод, які Расея зьбіраецца збудаваць да 2010 году па дне Балтыйскага мора, выклікаў занепакоенасьць насельніцтва Швэцыі. І перш за ўсё – вострава Готлянду, аддзеленага ад кантынэнтальнай Швэцыі 100-кілямэтровым пралівам.

Справа ў тым, што на гэтым востраве зьбіраюцца збудаваць плятформу для асблугоўванья новага газаправоду. Насельніцтва Готлянда хвалюецца, што новы аб’ект адаб’е ад вострава турыстаў, а сам газаправод пашкодзіць разьвіцьцю рыбалоўства.

Апрача таго, расейцы зьбіраюцца патруляваць газаправод сваімі вайскова-марскімі сіламі і адпаведна будуць заходзіць ў швэдзкія тэрытарыяльныя воды. Гэтая акалічнасьць нагадвае пра гістарычны досьвед Швэцыі, якая цягам 850 гадоў ваявала з Расеяй, у тым ліку за востраў Готлянд.

Швэдзкі ўрад ня можа спыніць будаўніцтва новага газаправоду паводле міжнароднага права, але здольны заблякаваць будаўніцтва інфраструктуры на сваёй тэрыторыі і запатрабаваць перагляду маршруту. Прэм’ер-міністар Швэцыі Фрэдрык Райнфэльд ужо заявіў, што ўрад адрэагуе на гэтую сытуацыю сёлета пасьля атрыманьня канчатковай прапановы з боку Расеі і Нямеччыны.

Тым часам швэдзкія маракі і эколягі б’юць трывогу, што будаўнікі газаправоду могуць зачапіць шматлікія міны, якія былі выкінутыя на дно Балтыкі напрыканцы другой Усясьветнай вайны.

Праектуемая даўжыня Паўночнаэўрапейскага газаправоду – 1195 кілямэтраў, магутнасьць – 55 мільярдаў кубамэтраў газу штогод, папярэдні кошт будаўніцтва – 8 мільярдаў даляраў.
XS
SM
MD
LG