Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Міхал Ляпеха


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі "Імёны Свабоды"

Такіх людзей, як ён, на ўсю Беларусь было, як сказаў паэт, "багата — магчыма, чацьвёра". Адзін — брат Якуба Коласа Юзік, апеты ў "Новай зямлі" Юзік-шаляніца, добры дух тых запаведных наднёманскіх мясьцінаў, які, памятаю, з асаблівым пачуцьцём дэклямаваў гасьцям прысьвечаныя яму строфы паэмы. Другім быў ён, Міхал Ляпеха, таксама сапраўдны народны інтэлігент, у якога вырабіўся з простага селяніна.

Неяк на пачатку 1950-х яго, тады рабочага Смаргонскага прамкамбінату, паслалі шукаць па навакольлі вапняк. Так ён упершыню трапіў у родныя Багушэвічавы Кушляны. Літаратуразнаўца Ўладзімер Содаль апавядае, што у душы Міхала, які штосьці чуў пра паэта і "мужыцкага адваката" ды ведаў пару ягоных вершаў, у той дзень адбыўся пераварот.

Genius loci — геній месца зрабіў сваё дзіва: Міхал пакінуў у роднай вёсцы дыхтоўную хату і разам з сям’ёй пераехаў у Кушляны, пасяліўшыся ў былым паэтавым доме, дакладней, у яго невялікім кутку з кухняй. Пасада дзядзькі Міхала афіцыйна называлася "вартаўнік", аднак, па сутнасьці, ён стаў і экскурсаводам, і хавальнікам сядзібы аднаго зь першых будзіцеляў нацыі, які растлумачыў беларусам, дзе іх краіна, як яна мусіць звацца і наказаў берагчы — каб ня ўмёрлі — мову сваю, такую ж людзкую і панскую, як нямецкая або французская.

Найверагодней, што без ахвярнасьці Ляпехі, якога ў 1960—1980-я ведала ўся сьвядомая Беларусь, Багушэвічаў дом пры тагачаснай ахове помнікаў гісторыі й культуры да рэстаўрацыі проста б не дацягнуў. Але ў Міхала была мэта — дажыць да таго дня, пакуль маленькая саматужная экспазыцыя ператворыцца ў сапраўдны музэй. Ляпехаў сын Генадзь займаў высокую пасаду ў Падмаскоўі. Бацька мог бы спакойна ўладкавацца пад яго крылом, але ён нават на дзевятым дзесятку наведваўся да сына адно каб падлекавацца і зноў вярнуцца ў Кушляны — да родных сьценаў і сьцежак, да вандроўнікаў зблізку і здаля, да кнігаў водгукаў з сотнямі, а мо й тысячамі ўдзячных водгукаў. "Без Кушлянаў я, як птушка бяз крылаў", — казаў дзядзька Міхал.

Ён дачакаўся свайго: у 1990-м мэмарыяльны музэй-сядзіба Францішка Багушэвіча адчыніў дзьверы першым наведнікам. Яшчэ й цяпер, пад’язджаючы да Кушлянаў, я лаўлю сябе на чаканьні, што ўбачу на ганку знаёмую постаць...
XS
SM
MD
LG