Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці стане Беларусь экспартаваць больш алькаголю?


Ігар Карней, Менск Польшча, Фінляндыя і Швэцыя выступаюць зь ініцыятывай, каб Эўрапарлямэнт прыняў рашэньне, паводле якога сапраўднай гарэлкай можна лічыць моцны алькагольны напой, выраблены са збожжа ці бульбы. Усе астатнія сумесі мусяць пазначацца ўдакладненьнем "гарэлка купажаваная" ці "зьмешаная" (blended). Калі такая прапанова будзе прынятая, экспэрты прагназуюць вялізныя страты для шэрагу эўрапейскіх вытворцаў моцных алькагольных напояў. Як магчымыя зьмены на алькагольным рынку могуць паўплываць на памеры экспарту беларускіх напояў?

Вытворцы алькаголю - Вялікая Брытанія, Нямеччына, Гішпанія, Вугоршчына ды іншыя - настойваюць на захаваньні цяперашніх правілаў, паводле якіх водкай называюць вытворнае пітнога сьпірту на аснове любога сельскагаспадарчага прадукту.

Спэцыялісты кажуць, што беларускія бровары ня ўмеюць вырабляць прадукцыю на падставе іншай сыравіны, апроч зерня і бульбы. А таму аўтаматычна апынаюцца ў лепшым становішчы. Гаворыць першы намесьнік генэральнага дырэктара менскага заводу “Крышталь” Сяргей Машкоў.

Машкоў: "Шчыра кажучы, думаю, што ў нас праблемаў ня будзе. Мы ўжываем толькі зерневы сьпірт. Бульбу, на жаль, ня можам перапрацоўваць (а можа, і на шчасьце). Таму ў гэтым сэнсе ўсё на нашу карысьць. Ведаеце, у нас увогуле вытворчасьці сьпірту, апроч як з зерня, нідзе ў краіне няма. Раней маглі рабіць і з бульбы, але, на жаль, такі сьпірт атрымліваецца паводле сабекошту даражэйшы. Таму сэнсу няма ніякага рабіць яго з бульбы. А зерне ў нас пераважна жыта, трацікалі, пшаніца, калі звонку завязём. Так што, ня бачу праблемаў для беларускіх сьпіртавікоў і лікёрагарэлачнікаў".

Паводле экспэртаў, спажываньне гарэлкі ва ўсім сьвеце істотна павялічылася. Ня столькі ў чыстым выглядзе, колькі ў якасьці аднаго са складнікаў да кактэйляў. Гэтым імкнуцца скарыстацца беларускія вытворцы, якія бяруць удзел у спэцыялізаваных выставах алькагольнай прадукцыі. Днямі зь Нямеччыны вярнуўся адзін з кіраўнікоў прадпрыемства "Бел Пі", якое вырабляе настойку "Крамбамбуля", Сяргей Дайнэка. Ён, адрозна ад спадара Машкова, бачыць больш сьціплыя пэрспэктывы беларусаў на эўрапейскім алькагольным рынку.

Дайнэка: “Гарэлка ў пэўным сэнсе падпадае пад вядомы германскі закон аб чысьціні піва. Гарэлка – гэта тое, што зроблена са сьпірту зерня і з бульбы. Гэта безумоўна. Але, думаю, што нашы вытворцы ніякіх стратаў не панясуць, таму што, на жаль, сёньня мы амаль туды нічога не экспартуем; сёньня наша прадукцыя даражэйшая за тое, што прапануюць Эўропе нашыя суседзі – і палякі, і расейцы. Да таго ж, нашая якасьць – гэта ня ёсьць якасьць. Тым больш, пры такім кошце. І гэта рэальная сытуацыя".

Аднак, як сьцьвярджае першы намесьнік кіраўніка менскага "Крышталю" Сяргей Машкоў, ініцыятыва Польшчы, Фінляндыі і Швэцыі ў выпадку посьпеху можа ўскосна дапамагчы Беларусі замацавацца на зьнешнім рынку. Праўда, паводле спадара Машкова, калі сытуацыя з энэрганосьбітамі будзе заставацца няпэўнай, беларуская гарэлка можа насамрэч стаць занадта дарагой для заходнеэўрапейскага спажыўца.

Машкоў: "Тут усё, бачыце, з чым трэба параўноўваць? Трэба параўноўваць з эканомікай. То бок, з коштам на сьпірт. Цана на сьпірт складваецца так: 40% – гэта энэргарэсурсы (я маю на ўвазе, калі супастаўляць два паказьнікі сьпірт-гарэлка). Калі ў сярэднім падлічыць, то насамрэч сягае ажно да 40%. Працэнтаў пад 50 – гэта ўжо будзе сыравіна, усё астатняе – іншыя выдаткі".



Гл. аксама: • Што наліваюць ў чаркі літоўцы
XS
SM
MD
LG