Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці кампэнсуюць у сацыяльным прытулку недахоп бацькоўскай увагі?(фота)


Ігар Карней, Менск Ад пачатку году набыў моц дэкрэт, паводле якога ў па-за судовым парадку сацыяльныя органы маюць права забіраць дзяцей з сем’яў, дзе бацькі не забясьпечваюць паўнавартаснае выхаваньне. Ці насамрэч дзейнічае гэтая норма? Куды і як надоўга адвозяць дзяцей з праблемных сем’яў? Адзін зь менскіх сацыяльна-пэдагагічных цэнтраў з прытулкам наведаў карэспандэнт Свабоды.

Сацыяльна-пэдагагічны цэнтар Ленінскага раёну месьціцца ў былым дзіцячым садку насупраць Менскага мотавелазаводу. Пры здольнасьці забясьпечыць паўнавартаснае існаваньне 14 выхаванцам тут цяпер 17 рознаўзроставых дзяцей. Практычна ўсе школьнікі, толькі тры хлопчыкі – ад трох да пяці гадоў. Зусім нядаўна, у сьнежні, прытулак адзначыў гадавіну свайго існаваньня. Статыстыку мінулага году агучвае намесьніца дырэктара ў вучэбна-выхаваўчай працы Аксана Говен.

Говен: “Летась у прытулку прайшлі рэабілітацыю 57 непаўнагадовых. 27 зь іх вернутыя ў свае родныя сем’і. Сямёра зьмешчаныя ў інтэрнаты, то бок, бацькі былі пазбаўленыя бацькоўскіх правоў. Астатнія дзеці ўладкаваныя ў дзіцячы гарадок Ленінскага раёну, а таксама ў апякунскія і прыёмныя сем’і”.

У прытулку выхаванцы знаходзяцца максымум паўгоду. Цягам гэтага часу бацькам даецца магчымасьць пераасэнсаваць стаўленьне да ўласных чадаў і адмовіцца ад заганных звычак, якія і спынілі дзяцей у кроку ад інтэрнацкай будучыні. А ці праблемныя самі дзеці пры праблемных бацьках? Выхавацелька Вера Якаўлеўна такога меркаваньня.

Выхавацелька: “Вы ведаеце, дзеці абсалютна не адрозьніваюцца. Усе аднолькавыя. Галоўнае, трэба умець да іх падыйсьці, знайсьці агульную мову, даць крыху ўвагі, любві, і ўсе дзеці будуць аднолькава ўдзячныя. Што вялікія, што малыя. Тым больш, ў нармалёвых сем’ях дзеці розныя. Таму гэта дзеці такія ж, як і з нармалёвых сем’яў. Канешне, яны перажываюць, бо мама для іх у любым выпадку мама. Як правіла, малыя хутчэй прыстасоўваюцца, чым большыя, якім трэба больш свабоды. Але мама для усіх патрэбна аднолькава”.

У поўным складзе выхаванцы прытулку зьбіраюцца бліжэй пад вечар. Раніцай старэйшыя йдуць у суседнюю школу. Таму ўвесь дзень сапраўднымі гаспадарамі цэнтру – самы малы выхаванец, 3-х гадовы Данілка, і два ягоныя не нашмат старэйшыя таварышы – Вадзік і Андрэй. У адказ на пытаньне – што падабаецца ў прытулку – адразу пачынаюць з пераліку мэню.


Паводле афіцыйных зьвестак, у краіне 2 мільёны 27 тысяч дзяцей ва ўзросьце да 18 гадоў. Зь іх 32 тысячы – сіроты. Амаль 70% ад гэтай колькасьці зьяўляюцца так званымі сацыяльнымі сіротамі – гэта значыць, выхоўваюцца ў інтэрнатах ці дамах дзіцяці пры жывых бацьках, якія альбо злоўжываюць алькаголем, альбо вядуць амаральны лад жыцьця. і

Андрэй: “Мне тут падабаецца каўбаска, макароны, сасіскі…”

Карней: “А ты што любіш?”

Вадзік: “Сасіскі, кампот, гарбату, рыс таксама”.

Карней: “А кашу?”

Андрэй: “Так, але толькі маміну”.

Карней: “Данілка, а што табе падабаецца?”

Вадзік: “А ён у нас толькі пальцы грызе…”

На традыцыйную з боку дарослых просьбу што-небудзь прадэклямаваць, Андрэй успамінае маму.

Андрэй: “Зараз…

“Мамочек красивых, добрых и любимых, Мы сейчас поздравим, песню им подарим…”.

Намесьніца кіраўніка сацыяльна-пэдагагічнага цэнтру Аксана Говен кажа, што бальшыня бацькоў, перажыўшы шок хоць ад часовай, але ўсё ж страты дзіцяці, робяць адэкватныя высновы. Але ёсьць і выключэньні.

Говен: “Калі дзіця трапляе да нас, то для кожнага з бацькоў гэта, натуральна, шок. Усе яны ў першы дзень тут стаяць са сьлязьмі, усе плачуць, усе раскайваюцца. І, канешне, мы не забараняем; наадварот, вітаем, каб бацькі наведвалі сваіх дзяцей. У нас ёсьць пэўныя дні, гадзіны, калі бацькі могуць іх праведаць, могуць прынесьці гасьцінец. Але, на жаль, ёсьць такія бацькі (іх было зусім ня шмат), якія са сьлязьмі аддалі сваё дзіця, і пасьля гэтага мы іх больш ня бачылі”.

Сацыяльныя прытулкі працуюць у кожным раёне Менску. Усяго па Беларусі ўжо адкрыта ці пачне працаваць бліжэйшым часам паўтары сотні аналягічных установаў, якія мусяць стаць своеасаблівым “фільтрам” на шляху да інтэрнатаў.

На здымку: Тут дзеці чакаюць “выпраўленьня” сваіх бацькоў

На здымку: Данілка – самы малы выхаванец прытулку

На здымку: Недахоп бацькоўскай увагі кампэнсуюць выхавацелі

На здымку: Вадзік і Андрэй – сябры ў агульным няшчасьці

Фота аўтара.
XS
SM
MD
LG