Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На ліквідацыю наступстваў цыклёну “Квазімода” не хапае энэргарэсурсаў


Радыё Свабода Цыклён “Квазімода” напярэдадні прынёс у Беларусь моцныя сьнегапады, мяцеліцы і шквалісты вецер. Паводле Міністэрства надзвычайных сытуацыяў, з-за дрэнных умоваў надвор’я пацярпелі людзі. У некаторых населеных пунктах была адключаная электраэнэргія, разбураныя пабудовы.

Сёньня ў рэанімацыі Дзяржынскай раённай бальніцы дзяжураць мэдыкі зь Менску. Яны змагаюцца за жыцьцё пасажыраў аўтобуса нямецкай турыстычнай кампаніі. Учора на трыццатым кілямэтры ад Менску ён зьехаў пад адхон і перакуліўся. Два пасажыры загінулі на месцы. Пра стан здароўя яшчэ чатырох паведамляе ўрач Ірына Захарчук:

“У рэанімацыі – цяжкія. Тут, у траўматалёгіі, сярэдняй цяжкасьці. Вось жанчыне з Тальяці ўжо тэлефанавалі. Так што сувязь у іх ёсьць”.

У Дзяржаўтаінспэкцыі ўдакладнілі, што напярэдадні на тэрыторыі краіны адбылося больш за 30 дарожна-транспартных здарэньняў, у якіх пацярпелі людзі. Прычына гэтаму – сьнежныя заносы. На ачыстку вуліцаў у камунальнікаў не хапае грошай. Канкрэтызуе дыспэтчар камунальнікаў Пінску Фёдар Каліна:

“Дакладна ведаю, што наш начальнік будзе ў Берасьці, на калегіі. Будзе там і міністар камунальнай гаспадаркі. Дырэктар будзе дакладваць, прасіць грошы”.

Пра нястачу паліва для тэхнікі, што працуе на ачыстцы дарог ад сьнегу заяўляюць і гаспадарнікі Віцебшчыны. Беларуска-расейскі энэргетычны канфлікт прывёў да адмены ільготных коштаў для сельгаспрадпрыемстваў на бэнзін і салярку.У крэдыт паліва не прадаюць. У выніку глыбінка адрэзаная бездарожжам. Гаворыць жыхар Астравецкага раёну Іван Буры:

“Вялізны каапэратыў зрабілі – ад Міхайлішак да Падбродзьдзя. Граніца літоўская відаць ужо. Вось як ураган – сьвятла няма. Ад Астраўца да нас – 70 кілямэтраў. Вельмі благая дарога. Завея цяпер вялікая. Замеценыя дарогі”.

Як хутка ў Беларусі будуць зьліквідаваныя сьляды чарговай непагадзі? Дзяжурны службы апэратыўнага рэагаваньня Міністэрства ўнутраных справаў “Страла” Алег Кіслы:

“Пасьля гэтага вялікага сьнегу ў Менску і Менскай вобласьці і раёнах Берасьцейшчыны ўвялі плян “Надвор”е”.

Маёр міліцыі Алег Кіслы ўдакладніў, што пакуль у палоне бездарожжа застаюцца больш як дзьве тысячы беларускіх вёсак і каля 30 райцэнтраў.
XS
SM
MD
LG