Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Бюджэт пражытачнага мінімуму: толькі ўводзяць у зман…”


Міхал Стэльмак, Менск Урадам устаноўлены новы памер бюджэту пражытачнага мінімуму для беларусаў. Цяпер у сярэднім ён складае крыху больш як 170 тысяч рублёў на чалавека.

Урадавую пастанову пра новы памер бюджэту пражытачнага мінімуму ўжо атрымалі мясцовыя органы ўлады. Гаворыць кіраўніца камітэту працы й сацыяльнай абароны Лепельскага райвыканкаму Марына Іназемцава:

“Бюджэт пражытачнага мінімуму выкарыстоўваецца”.

Карэспандэнт: “Якім чынам?”

Іназемцава: “У нас ёсьць 25-працэнтавая надбаўка ад бюджэту пражытачнага мінімуму да пэнсіі. Яшчэ дапамога па доглядзе плаціцца ад гэтай велічыні”.


Паводле заканадаўства, бюджэт пражытачнага мінімуму выкарыстоўваецца для вызначэньня памераў пэнсій, сацыяльных дапамог малазабясьпечаным грамадзянам й аплаты працы. Савет Міністраў вызначае гэты паказчык для ацэнкі ўзроўню дабрабыту насельніцтва. Цяпер рыса беднасьці – 170 тысяч 500 рублёў. Ці ёсьць грамадзяне, якія жывуць ніжэй за гэтую рысу? Аляксандр Сыракваш – рабочы вялейскага заводу “Зеніт” – кажа:

“Калі браць сям’ю з чатырох чалавек па нашым заводзе, то ў сярэднім даход мужа й жонкі – дзесьці 500-600 тысяч рублёў. А, калі хто на акладах, напрыклад, дзяўчаты, якія зьяўляюцца інжынэрна-тэхнічнымі работнікамі, 160-168 тысяч, кантралёры, лябаранты. Дык ці могуць яны пражыць? Тым больш, што ёсьць у сем’ях беспрацоўныя. На маю думку, гэты пражытачны мінімум павінен быць тарыфнай стаўкай першага разраду. Бо сёньня тарыфная стаўка – 65 тысяч. Налічваецца зарплата накруткамі, прэміямі – падганяецца да гэтага пражытачнага мінімуму. Толькі ўводзяць у зман”.

Незадаволеныя памерам пражытачнага мінімуму пэнсіянэры, інваліды, шматдзетныя сем’і, іншыя малазабясьпечаныя грамадзяне. Іхныя скаргі на малую дапамогу штодня чуюць тыя ж работнікі лепельскай службы сацыяльнага забесьпячэньня. Паводле спадарыні Іназемцавай, памер дапамогі ад іх не залежыць:

“Да нас прыходзяць парамэтры з камітэту. Гэта – устаноўленая велічыня. Яна вызначаецца не намі. У нас ніхто не пытаецца, на колькі яе трэба павялічыць”.

Памер мінімальнага пражытачнага мінімуму пераглядаецца штоквартальна. Ці ўлічыў урад сёлетні рост камунальных плацяжоў, які адбыўся ў сувязі з падаражаньнем расейскіх энэрганосьбітаў? Вось што патлумачыла на гэты конт начальнік упраўленьня Міністэрства працы й сацыяльнай абароны насельніцтва Тамара Рак:

“Бюджэты зацьвярджаюцца ў цэнах апошняга месяца квартала. Вось гэты зацьверджаны ў цэнах сьнежня. І якія нам Мінстат даў тарыфы, што склаліся ў сьнежні, то толькі тыя тут і ўлічаны. А калі было павышэньне ў студзені, то, натуральна, студзеньскія кошты будуць толькі пасьля 15-га лютага”.
XS
SM
MD
LG