Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Салігорску школьнікам нельга агітаваць за беларускую мову


Любоў Лунёва, Менск Cябры незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” у Салігорску пачалі збор подпісаў жыхароў гораду за тое, каб назвы вуліц, афішы ў кінатэатрах, прыпынкі гарадзкога транспарту былі напісаныя па-беларуску. Моладзевыя актывісты заплянавалі шэраг мерапрыемстваў, прысьвечаных да 125-годдзя Якуба Коласа і Янкі Купалы. Ініцыятараў пачалі выклікаць у адміністрацыі навучальных установаў.

Актывіст незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Іван Шыла распавёў, што маладафронтаўцы ад пачатку тыдня сабралі ўжо больш за 350 подпісаў. Людзі ахвотна падпісваюцца пад зваротам у мясцовую адміністрацыю.

Шыла: “За апошнія пяць гадоў у Салігорску кардынальна пагоршылася сытуацыя, што тычыцца беларускамоўных назоваў крамаў, фірмаў. Афішы каля кінатэатраў таксама выключна на расейскай мове. Ёсьць пэўны адсотак беларускіх назваў, але, на жаль, яны напісаныя з грубымі памылкамі. Мы вырашылі, што настаў час правесьці шэраг мерапрыемстваў, мэтай якіх будзе папулярызацыя беларускай мовы”.

Іван Шыла адзначыў, што большасьць падпісантаў – вучні старэйшых клясаў. Школьнікі, якія вучацца ў 8 і 9 клясах да беларускай мовы ставяцца скептычна. Шмат хто зь іх бацькоў падалі заявы 1 верасьня ў адміністрацыю школ, каб гісторыю Беларусі выкладалі па-расейску. Самі вучні не выказваюць жаданьня ведаць беларускую мову. Актывісты “Маладога фронту” неаднойчы ладзілі ў школах віктарыны па гісторыі Беларусі. Яны лічаць, што гэта можа палепшыць сытуацыю ў вывучэньні роднай мовы. У сваім звароце да салігорскіх гарадзкіх уладаў маладафронтаўцы прапануюць правесьці ток-шоў на мясцовым тэлебачаньні, каб закрануць гэтую праблему. Моладзь просіць дазволу на правядзеньне літаратурных конкурсаў ва ўсіх салігорскіх школах.

Мясцовай адміністрацыі акцыя маладафронтаўцаў прыйшлася не даспадобы. Хрысьціну Самойлаву, якая летась удзельнічала ў галадоўцы пратэсту супраць крымінальнага перасьледу сяброў “Маладога фронту”, выклікалі з бацькамі да дырэктара школы № 10, дзе вучыцца дзяўчына. Дырэктар Ігар Цыбулька патлумачыў “Свабодзе”.

Цыбулька: “Энэргію Хрысьціны трэба скіраваць у стваральнае рэчышча. Гэта розныя людзі – вучні чацьвёртай школы і Хрысьціна Самойлава. Я сёньня прапанаваў ёй узяць удзел у распрацоўцы экалягічнага праекту для нашай школы: добраўпарадкаваньне тэрыторыі, тое, што яе раней вельмі цікавіла”.

Рыгор Астапеня вучыцца ў чацьвёртай школе.

(Астапеня:) “Тэлефануюць людзі з гарвыканкаму і патрабуюць, каб мы спынілі збор подпісаў”.

Актывісты “Маладога фронту” у Салігорску дзеля распаўсюду беларускай мовы маюць намер ладзіць ня толькі культурніцкія акцыі. Яны заплянавалі шэраг флэш-мобаў у цэнтры гораду. Акцыі будуць адбывацца на пачатку кожнага месяцу.
XS
SM
MD
LG