Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хэльсынскаму камітэту вярнулі офіс, які развальваецца (фота)


Алег Грузьдзіловіч, Менск. Адміністрацыя офіснага будынку на вуліцы Лібкнехта, ў якім арэндуе офіс Беларускі Хэльсынскі камітэт адмовілася праводзіць ў офісе рамонт да вяртаньня туды праваабаронцаў. Нагадаю, будынак належыць Кіраўніцтву справамі прэзыдэнта.

Пры канцы мінулага году з гэтага офісу праваабаронцаў спачатку высялілі, а пасьля заяваў ураду ЗША і Эўразьвязу дазволілі ў яго вярнуцца, паабяцаўшы зрабіць ў памяшканьні рамонт. Зараз гэтае абяцаньне ануляванае. “У нас няма магчымасьцяў”, -- патлумачылі ў адміністрацыі будынку.

На просьбу “Свабоды” старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэта Тацяна Процька правяла кароткую экскурсію ў офісе БХК. Уласна офіс -гэта падзелены перагародкай невялікі пакой без мэблі, з паперамі на пацёртым паркеце, са сьценамі ў вадзяных падцёках, са шчылінамі у шыбах, праз якія дзьме вецер, з абвіслымі дратамі электрычнай праводкі, з даўно нябеленай стольлю.

Процька: “Вось тут мы праіснавалі амаль 10 гадоў, і ніякіх прэтэнзіяў да нас адносна аплаты не было. Тут працавалі, прымалі наведвальнікаў, праводзілі прэсавыя канфэрэнцыі. За гэты час не было ніводнага рамонту. Пасьля дажджоў вада цякла па сьценах, зімой без абагравальніка было занадта холадна, бо заклееныя шыбы не дапамагалі. Сёньня нам сказалі, што рамонт прыйдзецца праводзіць самім. Будзем шукаць рабочых і грошы, бо нашы рахункі дагэтуль закрытыя”.



XS
SM
MD
LG