Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы замежжа пра ўмовы вяртаньня на бацькаўшчыну


Тацяна Поклад, Прага (эфір 23 студзеня 2007) Беларускі ўрад паведаміў, што распрацоўвае праграму рэпатрыяцыі беларусаў, якія жывуць і працуюць за мяжой. Беларусы з розных эўрапейскіх краінаў называюць розныя умовы, патрэбныя для іх магчымага вяртаньня.

Урад распрацаваў дзяржаўную праграму з мэтай заахвоціць былых грамадзянаў Беларусі да рэпатрыяцыі. Першы намесьнік кіраўніка Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі Міністэрства ўнутраных справаў Аляксей Бягун паведаміў, што праграма патрэбная, каб прывабіць у Беларусь прафэсіяналаў, і што рэпатрыянты будуць мець сацыяльныя і эканамічныя выгады.

У часе размоваў з беларусамі замежжа я не раз чула ад іх, што яны сумуюць па Беларусі. Яны гавораць пра сучасны глябальны сьвет і пра тое, што эмігрантамі сябе ня лічаць, аднак жа... Словам, жыць у Беларусі хацелі б многія зь іх, хаця ня ўсе і могуць сабе дазволіць гэта цяпер.

Умовы вяртаньня

Я распытала беларусаў, якія жывуць і працуюць за мяжой у розных краінах Эўропы, як яны ставяцца да ідэяў рэпатрыяцыі, да вяртаньня на радзіму пры падтрымцы адмысловай урадавай праграмы – дэталі гэтай праграмы пакуль афіцыйная Беларусь не паведамляе.

Язэп Паўловіч зь Нямеччыны сказаў , што для яго гэтая інфармацыя – навіна, нічога пра гэта ён ня чуў, але што ён, як кіраўнік мясцовай суполкі Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” мае кантакты з многімі замежнымі беларусамі і перакананы, што сярод іх знойдуцца такія, хто хацелі б вярнуцца на бацькаўшчыну. А вы самі, запыталася я яго, хацелі б вярнуцца?

Паўловіч: “Так! Толькі першая умова вяртаньня – каб на радзіме ступень свабоды хаця трошкі супадала б з той свабодай, што існуе тут. Гэта важна таму, што так толькі ў таго, хто вяртаецца, будзе магчымасьць рэалізавацца ізноў на сваёй радзіме. Вяртаньне на радзіму праз пяць ці болей гадоў -- гэта як бы другая эміграцыя па сутнасьці...”

Каб не адабралі тое, што прывязуць з сабой



Які, на думку беларусаў-замежнікаў, павінен быць пакет сацыяльных і эканамічных прапановаў , каб яны згадзіліся вярнуцца?

Язэп Паўловіч зь Нямеччыны:

Паўловіч: “Пакет сацыяльных і эканамічных прапановаў для рэпатрыянтаў? Ведаеце, трэба, каб было гарантавана тым, хто вяртаецца, што ў іх не забяруць тое, з чым яны прыедуць і ня будуць забіраць тое, што яны заробяць у далейшым.

Іншымі словамі, трэба каб спалучэньне свабоды і пэрспэктывы вольнага існаваньня ў краіне, тады магчымая самарэалізацыя тых, хто вернецца.

Калі ўжо гаварыць пра вяртаньне, трэба разглядаць гэта ў гістарычнай пэрспэктыве. Імкнуцца, каб вярнуліся нашчадкі тых беларусаў, якія зьехалі раней. Эталёнам было б тое, каб маглі пры жаданьні вярнуцца нашчадкі Радзівілаў, Скірмунтаў... Калі такія беларусы змогуць пры жаданьні вярнуцца, тады у нас ў Беларусі наогул ня будзе праблемаў”.

Мой суразмоўца нагадаў, што вяртаньне эмігрантаў і патомкаў эмігрантаў на радзіму – гэта прыкмета таго, што краіна пасьпяхова разьвіваецца і мае спрыяльныя умовы для самарэалізацыі актыўных, здольных, энэргічных людзей.

Паўловіч: “Гэта як такая лякмусавая паперка. Калі чалавек зможа вярнуцца, і ніхто яго не абразіць, ня будзе прыціскаць, ня будзе абіраць, -- я упэўнены, што тысячы беларусаў вярнуліся б”.

Абараніць ад крыміналу

Такім чынам, у ліку іншых і такая умова для вяртаньня беларусаў замежжа: каб ў іх не адабралі тое, што яны прывязуць з сабой. Маюцца на ўвазе найперш заробленыя грошы. Беларусы замежжа разважаюць і над тым, ці будуць яны абароненыя па вяртаньні на радзіму.

Паўловіч: “Гэта істотна, таму што тыя беларусы за мяжой, якія мелі там сталую працу, зарабілі грошы, і немалыя. Калі яны вернуцца, іх трэба ад крыміналу абараняць нават. Так што тут шмат праблемаў можа ўзьнікнуць многа праблемаў можа ўзьнікнуць”.

Язэп Паўловіч адзначыў і іншую праблему, злучаную з рэпатрыяцыяй – вяртаньне беларускамоўных рэпатрыянтаў.

Паўловіч: “У нашай сытуацыі на радзіме дай Бог, каб прыйшла каманда міліцыі іх не чапаць за тое, што яны будуць па-беларуску размаўляць.

Ці можа краіна прыняць такіх беларусаў, якія вернуцца багатыя, з досьведам асабістай свабоды, размаўляюць на роднай мове альбо на іншай, але не па-расейску?

Можна стварыць умовы, каб такія людзі зьявіліся? Нерэальна. Але пакуль гэтага ня будзе, праграма (рэпатрыяцыі) проста працаваць ня будзе. Нават калі гэта і сур''ёзна, але я маю засьцярогу што гэта такая піяр-акцыя альбо нешта накшталт таго”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG