Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у Беларусі прымушалі свабодную прэсу маўчаць


Радыё Свабода, Прага Міжнародная праваабарончая арганізацыі “Рэпартэры бязь межаў” апублікавала сёньня гадавую справаздачу па сытуацыі са свабодай СМІ ў 100 краінах сьвету. У сьпіс абраных арганізацыяй краінаў сярод іншага ўвайшлі Беларусь, Расея, Кітай, Дэмакратычная Рэспубліка Конга, Вэнэсуэла, ЗША, Нямеччына.

Як заявіла Свабодзе прэсавы сакратар “Рэпартэраў бязь межаў” Катрын Эвэрс, у параўнаньні зь папярэднімі гадамі сытуацыя са свабодай СМІ ў 2006 ніколькі не палепшылася.

Эвэрс: “Беларускаму прэзыдэнту напярэдадні апошніх прэзыдэнцкіх выбараў удалося прымусіць замоўкнуць усе незалежныя СМІ. Летась у часе нашага апошняга вызначэньня рэйтынгу ў пытаньні свабоды прэсы Беларусь заняла 151 месца. Пытаньнем новага рэйтынгу мы ізноў зоймемся ў кастрычніку. Сёньня ў справаздачы мы паспрабавалі даць ацэнку і аналіз сытуацыі са свабоднымі мэдыямі. Мы вельмі занепакоеныя менавіта беларускай сытуацыяй”.

Са справаздачы “Рэпартэраў бязь межаў”

“У часе апошняй выбарчай кампаніі прэзыдэнт Лукашэнка выкарыстаў ўсе сродкі, каб прымусіць змоўкнуць незалежную прэсу. Шмат замежных журналістаў ў выніку асьвятленьня сакавіцкіх падзеяў былі дэпартаваныя з краіны. Найменей дзевяць журналістаў былі арыштаваныя, а таксама зьбітыя міліцыянтамі. Прадстаўнікі ўладаў канфіскавалі 250 тысяч экзэмпляраў спэцыяльнага выпуску незалежнай газэты “Народная воля”, прысьвечаных арышту Аляксандра Казуліна. 17 сакавіка міліцыянты канфіскавалі 200 тысяч экзэмпляраў газэты “Товарищ”, у якой быў зьмешчаны маніфэст кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Мілінкевіча.

Беларускія ўлады маюць манаполію ў галіне тэлекамунікацыяў і не саромеюцца блякаваць доступ да апазыцыйных вэб-сайтаў. Напрыклад, летась у сакавіку загадкава на некалькі дзён зьніклі зь Інтэрнэту некалькі крытычных ў дачыненьні да Лукашэнкі вэб-сайтаў.”



Паводле Катрын Эвэрс, свабода прэсы вымяраецца самымі рознымі фактарамі. Яна прыводзіць шэраг клясычных, паводле яе словаў, спосабаў, якімі беларускія ўлады прымушаюць журналістаў замоўкнуць.

Эвэрс: “Лукашэнка вельмі вынаходлівы ў гэтым пляне. Недзяржаўныя выданьні ў Беларусі абкладаюцца самымі рознымі штрафнымі санкцыямі. Чытачоў пазбаўлялі магчымасьці падпісвацца на выданьні, купляць незалежныя газэты ў дзяржаўных шапіках. Рабіўся ціск на тыпаграфіі, якія друкавалі незалежныя выданьні, тыражы гэтых выданьняў арыштоўваліся, газэты мусілі друкавацца за мяжой, напрыклад у Расеі, і тады ўлады спынялі на мяжы наклады гэтых газэтаў”

Паводле Катрын Эвэрс, цяперашняя справаздача “Рэпартэраў бязь межаў” зьяўляецца зваротам да міжнароднай супольнасьці, перад усім да буйных эканамічных краінаў сьвету, каб тыя ў часе дыялёгу зь кіраўніцтвам так званых праблемных у галіне СМІ краінаў, выстаўлялі адпаведныя патрабаваньні і дабіваліся іх выкананьня.

Гл.таксама: Лукашэнка пра свабоду журналіста
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG