Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

25 cакавіка ў Менску пройдуць мітынг і канцэрт “За незалежнасьць”


Альгерд Невяроўскі, Менск Гэтак пастанавіла Палітычная рада аб’яднаных дэмакратычных сілаў. У 89-ю гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі ў Менску мае прайсьці мітынг і канцэрт “За незалежнасьць”. Аргкамітэт таксама рыхтуе зварот да Аляксандра Лукашэнкі — у ім, сярод іншага, прапануецца зрабіць Дзень абвяшчэньня БНР дзяржаўным сьвятам. Рада таксама зацьвердзіла дату правядзеньня другога Кангрэсу дэмакратычных сілаў – 17-18 сакавіка.

Сябры Палітычнай рады доўга не маглі прыйсьці да згоды наконт дня для правядзеньня вулічнай акцыі. Адны палітыкі прапаноўвалі арганізаваць мітынг 19 сакавіка, у гадавіну прэзыдэнцкіх выбараў. Іншыя ж настойвалі на тым, каб арганізаваць акцыю менавіта на Дзень Волі 25 сакавіка. Гаворыць лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

Лябедзька: “Што тычыцца акцыі 25 сакавіка, для нас гэта ўжо абсалютна непрынцыпова. Мы хацелі выкарыстаць палітычную кампанію мясцовых выбараў, як мабілізацыю на 19 сакавіка. Мы думалі, што гэта й пазыцыя адзінага кандыдата. На вялікі жаль, гэта не было рэалізавана на практыцы. Мы страцілі час, тэмп, энэргетыку. Таму 25-га — значыць, 25-га. Для нас гэта не прынцыпова.

Што тычыцца Кангрэсу, то я галасаваў з адной папраўкай. Да гэтага часу павінны быць падрыхтаваныя дакумэнты, якія можна прад’явіць грамадзтву як каштоўнасную альтэрнатыву. Гэта “малая Канстытуцыя” і плятформа, якая дае адказ на тыя пытаньні, якія сёньня хвалююць грамадзтва. Гэта пытаньні сацыяльна-эканамічнага зьместу”.

“Малая Канстытуцыя”, на думку Анатоля Лябедзькі, павінна адказаць на пытаньне, якая будзе сыстэма кіраваньня ў Беларусі на пераходным этапе.

А вось што сказаў пра падрыхтоўку да акцыі 25 сакавіка сябра аргкамітэту, намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Грамада Аляксей Кароль:

Кароль: “Вырашана 25-га правесьці акцыю-мітынг “За незалежнасьць”. Ну і ў зьвязку з тымі праблемамі, што паўсталі — найперш гэта энэргетычны крызыс. З такім пасылам, што нарэшце незалежнасьць асэнсаваная і ўладамі. І пацьвердзіць гэта дазволам на правядзеньне такой акцыі”.

Аргкамітэт для правядзеньня акцыі 25 сакавіка рыхтуе зварот да Аляксандра Лукашэнкі — у ім, сярод іншага, прапануецца зрабіць Дзень абвяшчэньня БНР сьвятам.



На фота: менавіта гэты здымак Яўгена Ацецкага зь Менску -- "25 сакавіка 2006 году" -- перамог у фотаконкурсе Свабоды за 2006 год.
XS
SM
MD
LG