Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Магілёўсаюздрук” адмовіўся прадаваць недзяржаўны “Бабруйскі кур’ер”


Радыё Свабода Бабруйскі філіял “Магілёўсаюздруку” ня будзе прадаваць у сваіх шапіках грамадзка-палітычную газэту “Бабруйскі кур’ер”. Кіраўніцтва філіялу не падоўжыла на 2007 год дамовы на продаж недзяржаўнай газэты — спаслаліся на тое, што выданьне нібыта не карыстаецца попытам

Начальніца бабруйскага філіялу “Магілёўсаюздруку” Тацяна Бежалева пацьвердзіла, што супрацоўнічаць з “Бабруйскім кур’ерам” больш ня будзе — і вось чаму:

Бежалева: “Два гады я начальніцай, і мы прааналізавалі — наклад газэты дужа нізкі, нам яе папросту нявыгадна прадаваць. Вялікія страты мы нясем у дастаўцы, вялікая колькасьць яе сьпісваецца”.

Галоўны рэдактар “Бабруйскага кур’еру” Анатоль Санаценка мяркуе, што прэтэнзіі бабруйскай філіі “Магілёўсаюздруку” беспадстаўныя. Ён кажа, што паводле дамовы ў выпадку зьмяншэньня продажу газэты на 10% філіял мусіў зьвярнуцца да рэдакцыі, каб замовіць менш асобнікаў.

На думку Анатоля Санаценкі, дамову скасавалі з ідэалягічных прычынаў. Апошні нумар газэты, у якім быў аналітычны матэрыял пра выбары ў мясцовыя саветы, а таксама інфармацыя пра надпіс на будынку мясцовага КДБ “Свабоду Дашкевічу”, зацікавіў аддзел ідэалягічнай работы гарвыканкаму. Спадар Санаценка дапускае, што прычынай для скасаваньня дамовы можа быць зьмена кіраўніка Бабруйскага гарвыканкаму.

Санаценка: “Трэба сказаць, што ў Бабруйску адбываюцца зьмены. Старое кіраўніцтва склала зь сябе паўнамоцтвы. Магчыма, што падзеі, якія адбываюцца вакол нашай газэты на пачатку году, скасаваньне дамовы з “Саюздрукам” — на іх таксама паўплывала зьмена ўлады. Як кажуць, новы венік чыста мяце”.

Цяпер рэдакцыя “Бабруйскага кур’еру”, які выходзіць накладам 5 тысяч асобнікаў, шукае альтэрнатыўных шляхоў распаўсюджаньня. У Бабруйску газэту можна набыць у рэдакцыі, а таксама ў незалежных распаўсюднікаў.

Акрамя “Бабруйскага кур’еру”, у Бабруйску выходзяць недзяржаўныя выданьні “Вечерний Бобруйск”, “Коммерческий курьер” ды “Телеграф”. У Магілёве гэткі ж статус мае самая тыражная газэта вобласьці “Вечерний Могилёв” — наклад выданьня большы за 60 тысяч асобнікаў. У Горках выходзяць “Региональные ведомости”, а ў Крычаве як незарэгістраванае выданьне распаўсюджваецца “Вольны горад”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG