Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Казулін выказваецца за ўрад народнага даверу


Алег Грузьдзіловіч, Менск Ірына Казуліна і адвакат Ігар Рынкевіч пераказваюць палітычныя заявы былога кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна — іх запісалі падчас сустрэчаў з палітыкам у віцебскай калёніі. Палітычны вязень выказаўся пра паліўны крызіс, унутраную сытуацыю ў Беларусі і дзейнасьць аб’яднанай апазыцыі.

“Лямант вакол грашовых стратаў у выніку канфлікту з Расеяй падняўся не таму, што забралі грошы ў народа, а таму, што забралі грошы з кішэняў вышэйшых чыноўнікаў”,— такое меркаваньне Аляксандра Казуліна перадаў ягоны адвакат Ігар Рынкевіч падчас прэсавай канфэрэнцыі, якая адбылася 1 лютага ў офісе БНФ.

Ігар Рынкевіч пераказаў і іншыя заявы Казуліна адносна расейска-беларускіх дачыненьняў.

Рынкевіч: “Паводле Аляксандра Казуліна, асноўная праблема дачыненьняў — у асобе Аляксандра Лукашэнкі. З Лукашэнкам, мяркуе Казулін, вельмі цяжка весьці перамовы, бо ў любую хвіліну ён можа адступіць ад дамовы. Казулін заўважае, што канфлікт абвастрыўся, калі Расея пачала называць рэчы сваімі імёнамі. Казулін згодны, што гэтак званы беларускі эканамічны цуд тлумачыцца выключна датацыямі з расейскага бюджэту.

Між тым, паводле палітыка, расейскаму кіраўніцтву даўно трэба было падзяліць стаўленьне да Аляксандра Лукашэнкі, якога Казулін называе дыктарам, і да беларускага народу. Пры гэтым Аляксандар Казулін мяркуе, што Беларусі лёсам наканавана сябраваць як з Расеяй, гэтак і з Эўропай”.

Аляксандар Казулін выказаўся і пра магчымы дыялёг беларускага кіраўніцтва з Эўразьвязам. Палітык лічыць, што краінам Эўразьвязу варта афіцыйна прапанаваць ураду Беларусі, каб той стварыў незалежную камісію для ацэнкі спраў палітвязьняў. Адмову ад гэтай прапановы трэба разглядаць як прызнаньне таго, што ў краіне ёсьць палітвязьні, — і Беларусь не выконвае сваіх міжнародных абавязацельстваў у галіне правоў чалавека, мяркуе Аляксандар Казулін.

Шэраг зь перададзеных заяваў тычацца дзеяньняў апазыцыі. Аляксандар Казулін, сказаў ягоны адвакат, прапануе апазыцыі найперш падняць пытаньне пра легітымнасьць Аляксандра Лукашэнкі. Казулін мяркуе, што ў лістападзе Лукашэнка канчаткова страціў права заставацца пры ўладзе. “Таму трэба ствараць урад народнага даверу, які будзе здольны кіраваць краінай”, — мяркуе палітык.

Адвакат Ігар Рынкевіч сказаў, што атрымаў ад свайго падабароннага ўказаньне падрыхтаваць скаргу ў пракуратуру з нагоды заявы Аляксандра Лукашэнкі, што прэзыдэнцкія выбары ўлады сфальсыфікавалі. Нагадаю, кіраўнік Беларусі падчас сустрэчы з украінскімі журналістамі ў лістападзе сказаў: “Апошнія выбары мы сфальсыфікавалі... За Лукашэнку прагаласавала 93,5 працэнта. Кажуць, гэта не эўрапейскі паказчык. Мы зрабілі 86. Гэтак сапраўды было”, — казаў кіраўнік дзяржавы.

Падчас прэсавай канфэрэнцыі быў прэзэнтаваны дакумэнтальны фільм “На перадавой праўды”, прысьвечаны беларускім палітвязьням. Аўтар фільма праваабаронца Алег Воўчак кажа, што фільм дашлюць у пракуратуру як рэчавы доказ незаконнага перасьледу Аляксандра Казуліна і іншых палітзьняволеных.

Воўчак: “У гэты фільм мы зьмясьцілі хроніку, у тым ліку зьнятую аматарамі, фотаздымкі, дакумэнты, якіх на 80% не было на тэлебачаньні. Гэта ўсё эксклюзіўная інфармацыя”.





На здымках: на пытаньні журналістаў адказваюць адвакат Ігар Рынкевіч, Ірына Казуліна, праваабаронца Алег Воўчак; дэманстрацыя дакумэнтальнага фільму “На перадавой праўды”.
XS
SM
MD
LG