Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыянты забралі кампутары з кватэры сакратара ўправы Партыі БНФ


Любоў Лунёва, Менск Міліцыянты забралі кампутары з кватэры сакратара ўправы Партыі БНФ У кватэры сакратара ўправы Партыі БНФ Андрэя Саротніка міліцыя правяла ператрус. У выніку сканфіскавалі кампутары, аргтэхніку, кнігі і ўсе носьбіты інфармацыі. Андрэя Саротніка і кіраўніка цэнтральнай рады Партыі БНФ Уладзімера Кішкурну, які знаходзіўся ў кватэры, завезьлі ва ўпраўленьне міліцыі Цэнтральнага раёну Менску. Уладзімера Кішкурну трымалі да трэцяй гадзіны ночы, а Андрэя Саротніка адпусьцілі ў пяць раніцы.

У дзьверы пазванілі ў 22.30. Трое ў цывільным прадставіліся супрацоўнікамі міліцыі. Уладзімер Кішкурна распавёў “Свабодзе” падрабязнасьці падзеяў:

Кішкурна: “Я пачаў пытацца: “А чаму вы без санкцыі пракурора робіце тут ператрус?” А яны: “Мы ператрусу ня робім, мы робім агляд”. Я ім казаў, што калі робяць агляд, то папросту глядзяць. Калі трэба нешта запісаць, то няхай запісваюць, але корпацца нельга. Няма ж ні панятых, ні дазволу пракурора. Кажу: “Андрэй, бяры паперу і запісвай іхныя прозьвішчы”. Тады яны троху пацішэлі”.

Уладзімер Кішкурна ў аддзеле міліцыі Цэнтральнага раёну Менску даваў пісьмовыя тлумачэньні пра тое, чаму наведваў свайго аднапартыйца Андрэя Саротніка. Міліцыянты не патлумачылі спадару Кішкурну прычыны затрыманьня. У тры гадзіны ночы яго адпусьцілі дахаты. Андрэй Саротнік даваў паказаньні да пятай раніцы. Кампутараў і носьбітаў інфармацыі сьледчыя не вярнулі. Усе рэчы застаюцца ў міліцыі.

Лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка не выключае, што ўлады могуць распачаць крымінальную справу паводле штучнага абвінавачаньня. На яго думку, інцыдэнт таксама можа быць спробай запалохаць апазыцыянэраў напярэдадні вулічных вясновых акцыяў.

Вячорка: “Я думаю, што гэта можа быць і першае і другое. Самае галоўнае для мяне тое, што ўсе словы Лукашэнкі, адрасаваныя Рару, Ван дэр Ліндэну ды іншым наіўным эўрапейцам, ня маюць нічога супольнага зь ягонай штодзённай практыкай. Гэта ёсьць працягам палітыкі вайны зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі, зь беларускімі незалежніцкімі сіламі. Што гэта канкрэтна мела на мэце — запалохаць ці распачаць крымінальныя справы і г.д., я гэтага ня ведаю. Магчыма — усё, што заўгодна”.

Андрэй Саротнік і Ўладзімер Кішкурна паведамілі Радыё Свабода, што будуць падаваць скаргу ў пракуратуру на дзеяньні міліцыянтаў.

Нагадаем, у жніўні 2005 году супрацоўнікі КДБ наведалі сяброў грамадзянскай ініцыятывы “Трэці шлях”. Яны зрабілі ператрус у кватэрах і забралі носьбіты інфармацыі. Тады яны мелі санкцыю пракурора і дзейнічалі ў адпаведнасьці з крымінальнай справай за абразу Аляксандра Лукашэнкі. Кампутары дагэтуль застаюцца ў пракуратуры.
XS
SM
MD
LG