Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сытуацыя вакол БХК: палітыка ці грошы?


Уладзімер Глод, Менск Міністэрства замежных справаў Беларусі пракамэнтавала сытуацыю вакол Беларускага Хэльсынскага камітэту. Прэсавы сакратар МЗС Андрэй Папоў лічыць, што інцыдэнт вакол БХК тлумачыцца не палітычным перасьледам, а тым, што грамадзкая арганізацыя неакуратна плаціла за арэнду. Нагадаем: Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта спачатку запатрабавала высяленьня БХК з офіснага будынку, але пасьля міжнародных пратэстаў працягнула арэнду яшчэ на год.

Афіцыйны прадстаўнік МЗС ў камэнтары цьвердзіць, што плата за арэнду для БХК складае толькі 54 эўра на месяц. Такімі льготамі камітэт карыстаецца “дзякуючы спэцыяльнаму ўказу прэзыдэнта Беларусі, дзейнасьць якога так любяць крытыкаваць і БХК, і нашы партнэры на Захадзе”, — падкрэсьлівае Андрэй Папоў.

Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Тацяна Процька тлумачыць, што дадзеная льгота распаўсюджваецца ня толькі на БХК, а на ўсе грамадзкія арганізацыі, якія зарэгістраваныя ў Міністэрстве юстыцыі. Такая практыка існуе шмат гадоў:

Процька: “Сапраўды, для зарэгістраваных грамадзкіх арганізацыяў стаўка арэнды малая. Але таму і ня хочуць даваць арэнду грамадзкім аб’яднаньням. Стаўка ў Менску — дзесяць эўра за адзін квадратны мэтар, а для грамадзкіх арганізацыяў за той жа мэтар — адзін даляр. Розьніца істотная. Дзяржава такую льготу дала, але яна не прымушае дзяржаўныя гаспадарчыя аб’екты даваць арэнду”.

Прэсавы сакратар МЗС адзначае таксама, што выплату арэндных плацяжоў БХК “рэгулярна затрымліваў”. Спадарыня Процька тлумачыць, чаму так здаралася:

Процька: “З таго, што ў нас фактычна арыштаваны з 2004 году фінансавы рахунак у банку, супрацоўнікі БХК вымушаныя ўносіць грошы за арэнду ў банк сваімі грашыма. Для гэтага мы вызначылі чаргу. На жаль, у сыстэме быў пэўны збой. З гэтага мы зрабілі арганізацыйныя высновы. На дадзены момант, нават на момант скасаваньня дамовы аб арэндзе, у нас было заплачана наперад на тры месяцы. Дзяржава не панесла ніякіх стратаў з гэтага, паколькі мы заўжды плацілі тую пэню, якая нарастала”.

Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту лічыць, што ўлады наўмысна паспрабавалі выселіць праваабарончую арганізацыю якраз падчас візыту ў Беларусь старшыні Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы Рэнэ ван дэр Ліндэна:

Процька: “У беларускім кіраўніцтве ёсьць такая плынь, якая робіць усё, каб Беларусь ня стала на шлях супрацоўніцтва з Эўропай, каб каштоўнасьці сучаснага дэмакратычнага сьвету не перайшлі на Беларусь. І вось гэтая частка, карыстаючыся “тэлефонным правам”, і дала такі загад. Мэта — паказаць Эўропе, што ў Беларусі ёсьць свой, асобны шлях разьвіцьця. Палітычная зьява гэта ці не? Пра гэта, канечне, можна разважаць”.

У прэсавай службе Міністэрства замежных справаў ад далейшых камэнтароў на гэтую тэму адмаўляюцца. Начальніца аддзелу прэс-службы Марыя Ваньшына гаворыць: Ваньшына: “Ва ўчоршанім камэнтары прэсавага сакратар МЗС Андрэя Папова быў дадзены вычарпальны адказ на гэтае пытаньне”.
XS
SM
MD
LG