Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Вянок памяці: Сяргей Старычэнка


Радыё Свабода У панядзелак у Гомелі пахавалі кіраўніка абласной арганізацыі Сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) Сяргея Старычэнку. У красавіку яму б споўнілася сорак гадоў.

Яго знайшлі павешаным у прыватным бацькоўскім доме на вуліцы Марата Казея, дзе ён жыў са сваёй грамадзянскай жонкай. Спадарыня Аксана прыгнечаная й ні з кім не кантактуе. Пра раптоўную сьмерць Старычэнкі бальшыня мясцовых актывістаў даведалася толькі цяпер.

Намесьнік Старычэнкі ў абласной арганізацыі Сацыял-дэмакратычнай партыі Алег Шабетнік з Рэчыцы згадвае пра чалавечыя якасьці памерлага сябра.

Шабетнік: “Чалавек быў ня звадны, прыстойны ва ўсім. Заўсёды знаходзіў магчымасьць вырашыць усе пытаньні станоўча — і для ўсіх. Хацеў нейкага такога замірэньня для ўсіх людзей. Пытаньні вырашаў хутка й дакладна.

Калі былі выбары, усю Гомельскую вобласьць ахопліваў, як толькі мог. Ведаю, што і ў легкавіку яму даводзілася начаваць. Ён сваю ролю выконваў да канца.

Сяргей зьвяртаўся да мяне, мы шукалі яму адваката. У яго былі праблемы з жытлом. Ён жыў у прыватным доме й перажываў вельмі, што з жытлом у яго будзе праблема”.

Іншыя мясцовыя сацыял-дэмакраты сьцьвярджаюць, што спадар Старычэнка быў надзвычай адданы партыйным справам. Зьміцер Кутасаў, кіраўнік суполкі Грамады Чыгуначнага раёну апавёў:

Кутасаў: “Даволі зацікаўлены быў у справах партыі. Калі была магчымасьць, праяўляў ініцыятыву. Працавіты быў, пастаянна ў разьездах, прынамсі, перад выбарамі, калі была актыўная праца”.

Сябра Сацыял-дэмакратычнай партыі Зьміцер Крывашэй з Навабеліцы прыгадвае, што працаваць са Старычэнкам было надзвычай прыемна:

Крывашэй: “Ён быў дастаткова камунікабэльны чалавек, зь ім было прыемна гутарыць і працаваць”.

Некаторыя сябры дэмакратычнай кааліцыі, у якую ўваходзіла й арганізацыя Сацыял-дэмакратычнай партыі, лічаць, што сьмерць спадара Старычэнкі не зьвязаная зь ягонай партыйнай дзейнасьцю. Фактычны кіраўнік Сацыял-дэмакратычнай партыі Анатоль Ляўковіч зь Бярэсьця глядзіць на гэта інакш:

Ляўковіч: “Я часткова лічу, што нешта зьвязана й з грамадзкай дзейнасьцю, бо чалавек, які такой дзейнасьцю займаецца, зьведвае ціск уладаў. Разумееце, грамадзка-палітычная дзейнасьць — гэта адно. А ўсё-такі сацыяльны статус вымяраецца яшчэ й прафэсійнай дзейнасьцю. Любы грамадзкі дзеяч, а Сяргей быў рэгіянальны грамадзкі й палітычны дзеяч, рэгіянальны лідэр — усе яны маюць зусім ня моцны сацыяльны статус. У любы час могуць “наехаць”. А быць беспрацоўным у грамадзтве — вельмі цяжкая ноша. Я лічу, што гэта таксама адна з прычынаў таго, што адбылося зь Сяргеем”.

Сапраўды, апошнім часам Сяргей Старычэнка заставаўся бяз працы. Некалі ён вучыўся на біёляга ў гомельскім унівэрсытэце імя Францішка Скарыны. Працаваў у Маскве, дзе жыве ягоная першая жонка з дачкою. У Гомелі працаваў на заводзе вымяральных прыбораў.

Цяпер палітыкаў браць на працу прадпрыемствы адмаўляюцца. Сяргей гэта ведаў, але ад палітычнай дзейнасьці не адмовіўся.

Гаворыць Анатоль Ляўковіч:

Ляўковіч: “Калі гаварыць пра чалавечыя якасьці Сяргея Мікалаевіча, то ён адбыўся як чалавек у дачыненьнях зь іншымі, наколькі я яго ведаю. Сяргей, нягледзячы на ўціск, прыйшоў у палітыку й грамадзкую дзейнасьць. Я шчыра скажу, што ў нас самая слабая арганізацыя абласная — гэта Гомельская. І мы зь ім пачыналі, як кажуць, паціхеньку яе прыпадымаць. Але гэтая праца абарвалася на гэтым этапе. Такая сьмерць, я так разумею, і для сяброў, і для блізкіх, і для партыі вельмі нечаканая. Вельмі шкада, канечне”.

Падобнае адчуваюць цяпер многія, хто ведаў гомельскага лідэра сацыял-дэмакратаў.

Тым часам пракуратура Савецкага раёну Гомелю расьсьледуе гвалтоўную сьмерць Сяргея Старычэнкі.
XS
SM
MD
LG