Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары Нясьвіжу — пра тое, ад чаго залежыць паляпшэньне жыцьця


Радыё Свабода Ад чаго залежыць паляпшэньне вашага жыцьця? На пытаньне тыдня Радыё Свабода адказваюць жыхары Нясьвіжу, дзе пабываў карэспандэнт Свабоды.

Спадарыня: “Ад чаго залежыць паляпшэньне нашага жыцьця? Як наш правіцель дабаўляе нам пэнсію, дык і нам лепш крышачку, а як не — дык і не. Не пасьпеюць падвысіць пэнсію, дык адразу павялічваюць цэны. Дык якое можа быць жыцьцё?”

Спадарыня: “Я лічу, што толькі ад дабрабыту чалавека. Калі будзе добрая зарплата, то будзе й добры дастатак у сям’і. Калі будзе дастатак у сям’і, то будзе дастатак і ў нашым горадзе”.

Спадарыня: “Калі будзеш больш працаваць, то будзеш і мець нешта”.

Спадарыня: “Мы зь Нясьвіжу. У нас ёсьць агарод на Ленінскай вуліцы. Трэба ўсё дагледзець, кветак пасадзіць, каб было прыгожа, каб людзям было прыгожа прайсьці каля дому”.

Спадар: “Як мы будзем працаваць, так будзем і жыць”.

Спадарыня: “Мы спадзяемся на наша кіраўніцтва, што яно нас не забудзе”.

Спадарыня: “Каб крэдыты давалі для моладзі. А то ў нас халасьцяк ня можа стаць на чаргу, каб пабудаваць каапэратыўную кватэру”.

Спадар: “Частка залежыць ад самога сябе, а частка — ад палітыкі нашага ўраду”.

Спадарыня: “Каб большы заробак плацілі. Бо калі малая зарплата, то іншы раз няма за што й купіць нешта”.

Спадар: “У нас холадна ў кватэрах, кепска ацяпляюць, эканомяць”.

Спадарыня: “Ад зарплаты. Мы тут мала зарабляем. Мне б хаця 600 тысяч рублёў. У Нясьвіжы цяжка працу добрааплачваную знайсьці. Бо якія тут прадпрыемствы?”

Спадарыня: “Напэўна, ад мяне самой. Такі маленькі прыклад. Мы прадалі кватэру ў цэнтры Нясьвіжу, насупраць аўтастанцыі, купілі дамок, прывялі яго ў боскі выгляд, даглядаем агародзік, вырошчваем клубніцы. Цяжка, але цікава”.
XS
SM
MD
LG