Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У.Пуцін: “Мы не жадалі шкодзіць дзейнаму прэзыдэнту Беларусі”(аўдыё)


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня ў Маскве адбылася вялікая прэсавая канфэрэнцыя прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна. На яе акрэдытавалі больш за 1100 расейскіх і замежных карэспандэнтаў. У Беларусі яна часткова трансьлявалася на расейскім тэлеканале, цалкам канфэрэнцыю можна было пабачыць у інтэрнэце. Уладзімер Пуцін выказаўся і пра беларуска-расейскія стасункі.

На пытаньне беларускай журналісткі, ці трэба ратаваць саюзную дзяржаву, Уладзімер Пуцін адказаў:

Слухаць:



Пуцін: "Навошта выратоўваць? Трэба спакойна працаваць, без эмоцыяў над рашэньнем тых пытаньняў і тых праблемаў, якія могуць быць вырашаныя ў часе добразычлівага й канструктыўнага дыялёгу. У нас увесь час мяняецца разуменьне тага, што мы можам лічыць саюзнай дзяржавай... Мы неаднаразова чулі ад беларускага кіраўніцтва, што беларускаму боку імпанавала бы аб''яднаньне паводле савецкага ўзору. Давайце скажам шчыра, што такое паводле савецкага ўзору? Савецкі Саюз быў супэрцэнтралізаванай краінай. Там на паперы былі нейкія правы ў савецкіх рэспублік, але ў жыцьці нічога такога не было. Таму калі мы гэта пачулі, мы сказалі: "Давайце тады інтэгравацца ў Расейскую Фэдэрацыю". Адразу пасьля гэтага мы пачулі іншую пазыцыю, што трэба бараніць сувэрэнітэт. Мы і з гэтым згодныя. Мы гатовыя ісьці гэтым шляхам, калі суб''екты саюзнай дзяржавы будуць валодаць поўным ці няпоўным сувэрэнітэтам... Я тады прапанаваў: "Давайце шляхам Эўразьвязу". "Гэтага недастаткова. Трэба, каб аб''яднаньне было больш глыбокім"... Нам трэба знайсьці якая форма нас задаволіла б".

Паводле Пуціна, беларускі бок не задаволіла і прапанаваная мадэль саюзу на ўзор Эўразьвязу. Прэзыдэнт Расеі заявіў, што мае намер працягнуць будаўніцтва саюзнай краіны і яшчэ магчымы пераход на адзіную валюту. Уладзімер Пуцін спадзяецца, што беларускія партнэры здольныя ўспрыняць “надзейнасьць расейскай эканомікі і расейскай нацыянальнай валюты”.

Адносна энэргетычных канфліктаў на тэрыторыі СНД Уладзімер Пуцін заявіў, што Расея ня можа бясконца й маштабна фундаваць эканомікі суседніх транзытных краінаў — і будзе пераходзіць на рынкавыя стасункі.

Пуцін: “Мы робім гэта ў мяккім рэжыме, спакойна, у саюзьніцкім стылі. Але мы ня можам рабіць усяго адразу, і ва Ўкраіне, і ў Беларусі — мы не маглі адкрыць баявых дзеяньняў на ўсіх франтах. А па-другое, скажу шчыра, мы не жадалі шкодзіць дзейнаму прэзыдэнту Беларусі летась — у зьвязку з палітычнымі падзеямі, у тым ліку і з выбарамі. Мы не хацелі ствараць яму праблемаў”.

Уладзімер Пуцін нагадаў, што пра пераход на рынкавыя стасункі беларускае кіраўніцтва паінфармавалі яшчэ тры гады таму, а ў сакавіку мінулага году яму перадалі прапановы ў пісьмовай форме.

Пуцін: “Дарэчы, у той момант ніякіх пярэчаньняў не было. Праўда, да мінулага лістапада мы не маглі наладзіць дыялёгу. Гэта мы ўжо праходзілі, гэта з усімі такое бывае, бо нікому ня хочацца зьмяняць сытуацыі, якая склалася. Паўтараю, што мы будзем гэта рабіць — і рабіць вельмі асьцярожна. Я разьлічваю, што нэгатыў, які мы атрымліваем, ён ужо у мінулым”.

Адказваючы на пытаньне пра галоўныя замежнапалітычныя вынікі 2006 году, Уладзімер Пуцін заявіў, што нягледзячы на складанасьці, зь Беларусьсю падпісанае пагадненьне пра транзыт і пра зьмену коштаў — у пэрспэктыве з выхадам на рынак.

Пуцін: “І гэта самае галоўнае. Нават ня важна, колькі плацяць сёньня. Важна, што мы зафіксавалі ў дакумэнтах этапы пераходу да рынку. Зрабілі гэта мякка, цягам чатырох гадоў. Абсалютна ў сяброўскім кантэксьце. Ну, канечне — можа, хацелася б і надалей усё, што было раней. Але немагчыма ж так. Гэта ж немагчыма… Калі мы розныя дзяржавы”.
XS
SM
MD
LG