Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Яўстах Тышкевіч 18.4.1814, Лагойск — 8.9.1873, Вільня. Пахаваны на віленскіх могілках Росы


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”.

Ці кожны з нас бяз роздуму адкажа, які дзень свайго жыцьця лічыць найшчасьлівейшым? Граф Яўстах Тышкевіч ведаў адказ на гэтае пытаньне. Для яго такі дзень быў пазначаны адкрыцьцём створанага ім Віленскага музэю старажытнасьцяў. Тады, у 1856-м, на знак прызнаньня заслугаў у гісторыі й археалёгіі Пецярбургская акадэмія навук абрала ліцьвінскага арыстакрата сваім ганаровым сябрам.

Можна ўявіць, як Тышкевіч у той дзень застаўся сам-насам з сваімі скарбамі — старажытнымі манускрыптамі, партрэтамі прадстаўнікоў беларускіх магнацкіх родаў, слуцкімі паясамі, неверагодна багатымі калекцыямі манэтаў і пячатак... Ён згадваў фамільны палац у Лагойску, ягоныя калекцыі старасьвеччыны, першыя самастойныя раскопкі, дзеля чаго, апрача сродкаў, патрэбная была й мужнасьць. Рэч у тым, што загадкавыя курганы-“капцы” ў навакольлі традыцыйна лічыліся недатыкальнымі, а таму, хто насьмельваўся парушыць іхні спакой, народнае павер’е абяцала страшнае пакараньне. “Мусіў сялянам шчодра плаціць,— пісаў ён у справаздачы,— і сам капаў разам зь імі, каб узяць грэх на душу. Людзі зноў і зноў кідалі працу, укленчвалі і маліліся...”

Гэта былі першыя крокі беларускай археалёгіі.

У той, самы шчасьлівы дзень граф ня ведаў, што зусім хутка справа ягонага жыцьця будзе перакрэсьленая адным узмахам пяра расейскага генэрал-губэрнатара Міхаіла Мураўёва.

Над даляглядам айчыннай гісторыі ўздымаліся навальнічныя хмары 1863-га. Ідэі паўстанцаў былі блізкія, відаць, большасьці супрацоўнікаў музэю і створанай пры ім Віленскай археалягічнай камісіі. Ці трэба зьдзіўляцца, што ўлады на чале з царскім сатрапам , якога празвалі вешальнікам, убачылі ў музэі “гняздо антырасейскай інтрыгі”. Экспазыцыю было загадана прыстасаваць “для демонстрации живых свидетельств искони присущей здешнему краю русской жизни”. Відаць, дзеля таго, каб адшукаць гэтыя сьведчаньні, значную частку экспанатаў адправілі ў Маскву. Мураўёўскім загадам зачынілі і Археалягічную камісію. Апрача ўсяго на Тышкевіча абрынуліся і нападкі зь іншага боку: палякі абвінавачвалі яго ў “ліцьвінскім патрыятызьме” й “сэпаратызьме”...

Граф мусіў пакінуць Вільню. Весткі пра вяртаньне з Масквы дзьвюх сотняў “рэпрасаваных” экспанатаў прынесла слабую суцеху. Найбольш каштоўнае вывезьлі зь Беларусі назаўсёды. І цяпер у Дзяржаўным гістарычным музэі расейскай сталіцы выстаўленая, да прыкладу, унікальная аршанская кальчуга з славянскімі пісьмёнамі з калекцыі Тышкевіча. Пазьней частка яго збораў апынулася ў Нацыянальным музэі ў Варшаве, а частка — дзякуючы намаганьням Івана Луцкевіча — у Віленскім беларускім. Пасьля Другой сусьветнай вайны новая ўлада раскідала нашы скарбы па літоўскіх экспазыцыях, а навуковыя супрацоўнікі Беларускага музэю трапілі ў рукі МГБ.

На схіле дзён Яўстах Тышкевіч — сябра Лёнданскага археалягічнага інстытуту, Стакгольмскай каралеўскай акадэміі, Дацкага каралеўскага таварыства аматараў старажытнасьцяў — пачуваўся забытым і адарваным ад улюбёнай справы. Засталіся ў рукапісах “Матэрыялы да нашай гісторыі”, аб’ёмны том гістарычных дакумэнтаў, “Зёльнік барысаўскіх ваколіцаў”...

Рыцара навукі пахавалі на славутых віленскіх могілках Росы побач з Уладзіславам Сыракомлем.

Калі трапіце ў Лагойск, паспрабуйце высьветліць у мясцовых жыхароў, што ім вядома пра графа Яўстаха Тышкевіча. Магчыма, вынікі вашага апытаньня будуць больш аптымістычнымі, чым у мяне.
XS
SM
MD
LG