Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юрась Гарбінскі: “Даведнік “Беларускі друк на Захадзе” – помнік эміграцыі”


Міхась Скобла, Менск Пад грыфам Беларускага Інстытуту навукі й мастацтва ў Нью-Ёрку ды Інстытуту славістыкі Польскай Акадэміі навук выдадзены бібліяграфічны даведнік Зоры й Вітаўта Кіпеляў “Беларускі друк на Захадзе”. У ім на 860-ці старонках зафіксавана каля 5000 выданьняў (кніг, пэрыёдыкаў, паштовак ды іншых друкаў), якія за два мінулыя стагодзьдзі пабачылі сьвет у заходнім сьвеце. Гутарка з адным з рэдактараў гэтай унікальнай кнігі, супрацоўнікам варшаўскага Інстытуту славістыкі Юрасём Гарбінскім.

Міхась Скобла: “Юрась, у 2003 годзе пабачыў сьвет “Беларускі і беларусаведны друк на Захадзе: асобныя выданьні”, а ў 2004-м — “Беларускі друк на Захадзе: пэрыёдыкі”. У чым адрозьненьне названых выданьняў ад таго, якое вы прывезьлі ў Менск?”

Юрась Гарбінскі: “Названыя бібліяграфіі якраз і сабраныя пад адной вокладкай. У новым выданьні выпраўленыя недакладнасьці, якія мелі месца. Апрача таго, дададзена шмат новага матэрыялу. Запоўненыя шматлікія прагалы, цягам трох мінулых гадоў дасылаліся інфармацыі зь Нямеччыны, з Францыі, зь Італіі. Такім чынам “Беларускі друк на Захадзе” пашыраны на 500 пазыцыяў – і гэта толькі па разьдзеле “Асобныя выданьні”. Вельмі істотна дапоўніўся і ўдакладніўся разьдзел “Пэрыёдыкі”.

Зора й Вітаўт Кіпелі цягам трыццаці гадоў, зь дня ў дзень, па карталюшках, з розных крыніцаў зьбіралі “зярно да зярняці”. “Беларускі друк на Захадзе” – гэта жывы помнік ня толькі эміграцыі, гэта частка беларускай гісторыі, якая доўгі час заставалася не зрэалізаваная. Не пабаюся параўнаць гэтую бібліяграфію зь беларускай Атлянтыдай, якая ў выглядзе гэтай кнігі фактычна вяртае беларусам, усёй славістыцы цэлы вялікі кантынэнт. Тут знойдзе для сябе матэрыял і гісторык, і філёзаф, і філёляг, і сацыёляг, і географ, і лінгвіст. Поруч з публікацыямі беларускімі мы знаходзім публікацыі замежных дасьледчыкаў — немцаў, швэдаў, французаў. Такім чынам мы бачым і можам параўноўваць некалькі поглядаў на беларускія праблемы. І ў гэтым таксама бясспрэчная вартасьць даведніка”.

Скобла: “Які часавы абсяг ахоплены на яго старонках?”

Гарбінскі: “Пачынаючы з 19 стагодзьдзя і да 2005 году. Фактычна ўсё, што выходзіла на захад ад Польшчы, зафіксавана ў даведніку. Уся друкаваная прадукцыя, якая стваралася беларусамі і беларускімі арганізацыямі на беларускай ды іншых мовах: кнігі, улёткі, паштоўкі (прыкладам, лісты-дэкрэты Папы Рымскага ці Канстантынопальскага Патрыярха, выданьні Кангрэсу ЗША ці Міжнароднае Лігі правоў чалавека, якія датычаць Беларусі. Улічаныя ў даведніку і падручнікі, выдадзеныя ў 1920-я гады ў Бэрліне на заказ БССР. Не забытыя і перавыданьні эміграцыйных аўтараў у Беларусі”.



Скобла: “Бібліяграфіяй на замежжы займаліся і раней: Тамаш Грыб у Празе, Янка Станкевіч у Нямеччыне, Мікола Панькоў у ЗША. Іх напрацоўкі ўлічаныя Кіпелямі?” Гарбінскі: “Безумоўна, нямала зроблена і папярэднікамі. Але ўпершыню сыстэмна і фундамэнтальна бібліяграфіяй заняліся менавіта Зора й Вітаўт Кіпелі. Дарэчы, Зора Кіпель адным часам вяла ў газэце “Беларус” спэцыялізаваную рубрыку “Зьбіраньне эміграцыйнага друку”. Шмат напрацовак было зроблена Міколам Паньковым, але ўсё гэта функцыявала разрозьнена. Зора й Вітаўт Кіпелі зьвялі ў адну сыстэму досьвед сваіх папярэднікаў, што было дастаткова няпроста. Давялося выпраўляць недакладнасьці, якія былі і ў Панькова, і ў таго ж Тамаша Грыба. Як прафэсійныя бібліёграфы, Зора й Вітаўт Кіпелі падыходзілі да справы з выпрацаванай мэтадалёгіяй. А адзін зь яе галоўных прынцыпаў — мець выданьне, якое апісваеш, у руках. Трэба сказаць, што 90% таго, што трапіла ў даведнік, маецца ў беларускай калекцыі Кіпеляў, якая зьберагаецца ў Публічнай бібліятэцы Нью-Ёрку. Гэта 171 скрыня. Першапачаткова меркавалася перадаць калекцыю ў Беларусь. Але палітычная сытуацыя на радзіме не дала гэта зрабіць. Сыстэматызаваць калекцыю ў Нью-Ёрку пачаў яшчэ Лявон Юрэвіч, працягнула супрацоўніца Публічнай бібліятэкі Натальля Кныш. Але асноўную працу выканалі самі Кіпелі”.

Скобла: “Якія ўнікальныя выданьні фіксуе даведнік “Беларускі друк на Захадзе”.

Гарбінскі: “Можна згадаць, напрыклад, кнігу (пераклад з украінскай мовы) “Пра багацтва і беднасьць”, якая надрукаваная ў Жэнэве ў 1881 годзе. Ці выдрукаваную лацінкаю “Гутарку старога дзеда” (Парыж, 1862). Апрача таго, у бібліяграфіі ўлічаны цэлы пласт выданьняў, якія пэўны час трактаваліся палякамі як іхныя. Возьмем спадчыну Аляксандра Рыпінскага, або такі твор Юзафа Крашэўскага, як “Wspоmnenne o Polesse, Volyni і Litve” (Парыж, 1860). Гэта што да 19 стагодзьдзя. А паглядзіце, як цікава ў бібліяграфіі адлюстраваныя 1918—1920 гады. Апісаны, прыкладам, пашпарт грамадзяніна Беларускай Народнай Рэспублікі (выходныя дадзеныя: Бэрлін, 1918 год, друкарня Язэпа Галеўскага). Рэч унікальная, яна і сёньня знаходзіцца ў калекцыі Кіпеляў, здэпанаванай у Нью-ёркаўскай бібліятэцы. Спадзяюся, адтуль не прападзе. З бібліяграфіі мы можам, прыкладам, даведацца, што вядомая кніга Натальлі Арсеньневай “Між берагамі” выйшла рэкордным для эміграцыі накладам 6000 асобнікаў, а паэт Янка Юхнавец выдаў свой трохтомавік мінімальным накладам 8–10 асобнікаў. Усяго ж асобных выданьняў у даведніку ўлічана 4 500 пазыцыяў”.

Скобла: “Зазірнем у разьдзел “Пэрыёдыка”. Колькі ж агулам беларускіх газэтаў і часопісаў выходзіла на Захадзе?”

Гарбінскі: “Пэрыёдыкі (беларускія і іншамоўныя) складаюць 446 пазыцыяў. Гэта часопісы, газэты, бюлетэні, абежнікі, цыркуляры, камунікаты. Паводле зьместу іх можна падзяліць на катэгорыі: грамадзка-палітычныя, рэлігійныя, вэтэранскія і вайсковыя, навуковыя, студэнцкія... Перакананы, што па бібліяграфіі Зоры й Вітаўта Кіпеляў напішацца не адзін дзясятак доктарскіх і магістарскіх працаў. І тут мне хацелася б прыгадаць словы доктара Янкі Запрудніка: “Поўны збор бібліяграфіі — гэта свайго роду шкілет нацыянальнага, сацыяльнага, палітычнага і культурнага бытаваньня беларусаў. Пры сучасным жорсткім кантролі друкаванага слова ў Беларусі праца Кіпеляў будзе незаменным дапаможнікам ня толькі ў вывучэньні гісторыі беларускай дыяспары, але й у вывучэньні гісторыі цэлай краіны. Эміграцыйны друк адлюстроўвае цывілізацыйны мікрасьвет народу. Адзін беларускі паэт на выгнаньні трапна ўхапіў гэты аспэкт эмігранцкага быту словамі: “Глядзі: амэба стварае новую зямлю і неба”. Вось гэтыя дыяспарныя “зямля і неба” задакумэнтаваныя якраз на старонках эмігранцкіх выданьняў”.

Скобла: “Чытацкімі ўражаньнямі ад даведніка “Беларускі друк на Захадзе” я папрасіў падзяліцца народнага паэта Ніла Гілевіча”.

Ніл Гілевіч: “Капітальная, магутная праца! Я з пачуцьцём захапленьня, з пачуцьцём гонару гартаў даведнік Зоры і Вітаўта Кіпеляў. Як радасна, што ў нас ёсьць такія знаўцы беларускай кнігі, такія працаўнікі! Я нават ня ведаю, каго зь імі паставіць побач. Шкада, што мілую Зору я ўжо не павіншую... Гэтае выданьне паказвае ўсім нам, хто мы ёсьць. “Беларускі друк на Захадзе” патрэбны ня толькі для канкрэтнай працы тым, хто займаецца беларусістыкай, ён патрэбен для таго, каб мы паверылі мацней у сябе, у свае сілы. Гартаеш гэты том і думаеш: Божа мой, колькі людзей на сьвеце, ня толькі беларусаў, якія цікавіліся лёсам Беларусі і беларускага народу, нашай гісторыяй, нашай культурай! Дык калі людзі цікавіліся і нешта для Беларусі рабілі, дык хіба мы можам застацца абыякавымі?! Хіба мы можам не задумацца над уласным лёсам? Я шчыра віншую з такім плёнам Вітаўта Кіпеля і тых, хто яму дапамагаў — Юрася Гарбінскага і Лявона Юрэвіча”.

Скобла: “У Беларусі існуе адмысловая ўстанова, якая рэгіструе ўсе выданьні, — Кніжная палата. У замежжы беларускія выданьні ніхто не рэгіструе. Днямі я зайшоў у новазбудаваную Нацыянальную бібліятэку і перадаў у яе фонды кнігу Рыгора Барадуліна “Жыць!”, якая выйшла ў Празе. Калі б я гэтага не зрабіў, то ў галоўнай кніжніцы краіны новага выданьня папросту не зьявілася б. Юрась, як жа ўлічваць і сыстэматызаваць тыя друкі, якія зьяўляюцца і будуць зьяўляцца на Захадзе?”

Гарбінскі: “Выйсьце з сытуацыі ёсьць дзякуючы інтэрнэту. Думаю, неўзабаве будзе падрыхтаваная і электронная вэрсія “Беларускага друку на Захадзе”. Інтэрнэт не прызнае межаў. Таму ўся беларусаведная літаратура, якая выдавацьмецца ў розных краінах сьвету, будзе акумулявацца ў самых розных, дзяржаўных і недзяржаўных, інстытуцыях. Вельмі шмат залежыць ад таго, хто будзе каардынаваць гэтую працу. На сёньня такую працу з посьпехам робіць Беларускі Інстытут навукі й мастацтва ў Нью-Ёрку”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG