Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Gazeta Wyborcza: “З уладаром Беларусі паразуменьне немагчымае”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Польская Gazeta Wyborcza у сэрыі публікацыяў “Дэбаты аб Эўропе й Беларусі” зьмясьціла сёньня артыкул “З уладаром Беларусі паразуменьне немагчымае”. Паводле аглядальніка Gazety Wyborczej Вацлава Радзівіновіча, вера ў тое, што Эўропа зможа неяк дамовіцца з Аляксандрам Лукашэнкам і дзякуючы гэтаму давесьці да дэмакратычных пераменаў у Беларусі, – гэта ілюзія.

“Ёсьць некалькі прычынаў, церазь якія беларускі дыктатар ня можа дазволіць сабе на такі паварот. Ён добра разумеее, што “перабудова” ягонага пост-савецкага музэю давядзе яго да трыбуналу ў Гаазе, перад якім трэба было б адказваць за ліквідацыю палітычных праціўнікаў. Старыя савецкія каштоўнасьці, варожасьць да Захаду – гэта адзіны палітычны капітал, які застаўся Лукашэнку й дзякуючы якому, нягледзячы на антыпатыю Пуціна, зь ім нялёгка расправіцца”, – піша Wyborcza.

Паводле газэты, Беларусь трымаецца цяпер толькі дзякуючы вялізнай эканамічнай падтрымцы з боку Расеі, якая танна прадае Менску энэрганосьбіты і купляе амаль усе МАЗы, трактары ды іншыя тавары.

“Масква ўзяла на ўтрыманьне рэжым Лукашэнкі, бо пры ім да ўлады ня прыйдуць ніякія “аранжавыя”, а Беларусь напэўна ня пойдзе ў бок Эўропы. Таму калі б Лукашэнка выканаў шалёны манэўр і павярнуўся да Захаду, Беларусь адразу згубіла б расейскую падтрымку ды імгненна стала банкрутам”, – піша Вацлаў Радзівіновіч.

Аўтар адзначае, што праблему Беларусі нельга вырашыць, выбіраючы паміж тым, каб аддаць Беларусь Расеі ці “прыручыць Лукашэнку”. Бо, на ягоную думку, справа хутчэй за ўсё скончыцца “палацавым пераваротам” у Менску, ініцыяваным Расеяй.

“Наш адзіны партнэр у Беларусі – гэта слабая, на жаль, апазыцыя й тыя адважныя маладыя людзі, якія на Кастрычніцкім пляцы голасна заявілі, што Лукашэнка ня мае права трэці раз запар стаць прэзыдэнтам. Ім трэба дапамагчы, каб яны былі мацнейшымі, аб’ядноўваліся й пераконвалі землякоў у слушнасьці эўрапейскага выбару. Тады яны, магчыма, сасьпеюць раней за расейцаў”, – напісала ў сёньняшнім нумары Gazeta Wyborcza.
XS
SM
MD
LG