Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва зацікаўленая, каб Беларусь разьвярнулася ў бок Эўразьвязу


Радыё Свабода Сёньня ў Менск прыяжджае новы амбасадар Літвы Эдмінас Багдонас. Бліжэйшы сусед Беларусі ўжо паўгоду ня мае тут амбасадара. Былы кіраўнік літоўскай дыпляматычнай місіі Пятрас Вайцякунас яшчэ ўлетку стаў працаваць міністрам замежных спраў. А на прапанову літоўскага боку прызначыць новым амбасадарам былога кіраўніка МЗС Антанаса Валёніса афіцыйны Менск ня даў станоўчага адказу.

Новы амбасадар Літвы мае вялікі прафэсійны досьвед. Эдмінас Багдонас займаў розныя пасады ў Міністэрстве замежных справаў, быў амбасадарам у Італіі і дарадцам прэзыдэнта Валдаса Адамкуса ў міжнародных пытаньнях. Аднак, нават зь ягоным досьведам новаму кіраўніку літоўскай дыпмісіі ў Беларусі прыйдзецца цяжка, падкрэсьлівае ў інтэрвію нашаму радыё сябар камітэту ў міжнародных справах літоўскага парлямэнту Вацлаў Станкевіч.

Станкевіч: "Наш амбасадар прыяжджае ў Менск у вельмі складаны ды цікавы для Беларусі час. Беларусь цяпер апынулася ў такім становішчы, што трэба рабіць выбар, вызначаць стратэгію. І таму, я лічу, наш амбасадар мусіць тлумачыць і рабіць усё магчымае, каб беларусы зразумелі, што яны маюць краіну-суседку, якая ўваходзіць у склад НАТО і Эўразьвязу. І мы вельмі хочам дапамагчы суседзям выйсьці на апэратыўную палітычную і эканамічную прастору. І наш амбасадар добра разумее – калі ў Беларусі будзе лепш, дык гэта і для Літвы таксама будзе лепш".

Менскі палітоляг Андрэй Фёдараў лічыць: новаму амбасадару Літвы працаваць у Беларусі будзе цяжэй за ягоных папярэднікаў.

Фёдараў: "Раней усё было з большага зразумела – Беларусь выступае супраць Захаду, НАТО, мае нацягнутыя дачыненьні з Эўразьвязам. А Літва – сябар і той, і другой арганізацыі. І таму адносіны да іх распаўсюджваліся і на Літву. Зараз, канечне, будзе складаней, паколькі вядуцца размовы пра паварот на Захад. І таму для Захаду сытуацыя не зусім зразумелая – ці то гэтаму верыць, ці то не. І таму кожнаму амбасадару, які тут працуе, прыйдзецца шмат чаго рабіць, каб даведацца: які ж сапраўдны настрой у беларускага кіраўніцтва".

Вацлаў Станкевіч спадзяецца на пэўныя зьмены ў Беларусі.

Станкевіч: "Маючы на ўвазе сёньняшняе палітычнае становішча Беларусі, мне вельмі б хацелася (і як чальцу літоўскага сойму, і як беларусу па нацыянальнасьці), каб Беларусь пайшла на збліжэньне з Эўразьвязам. У гэтым я бачу вельмі вялікую карысьць".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG