Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму пустуюць аўтастаянкі на трасе Масква-Берасьце?


Віталь Сямашка, Талачынскі раён Пасьля павялічэньня дарожнага мыта ды ўзмацненьня транспартнага кантролю на беларускай мяжы многія грузавікі стараюцца абмінаць Беларусь. З-за нерэнтабельнасьці адна з буйнейшых прыватных аўтастаянак ЗАО “Дарсэрвіс” на беларускім участку трасы Масква – Берасьце апынулася на мяжы банкруцтва.

15 гадоў таму, калі стаянка адкрылася, гаспадары лічылі, што ім здорава пашанцавала. Геаграфічнае становішча выгадней не прыдумаць – у абодва бакі да Масквы і Берасьця па 530 км. Дзённы грузапаток складаў да паўтары тысячы машын. На агульнай плошчы ў пяць гектараў адначасова прымалася да 70-ці аўтацягнікоў. Але ў мой прыезд там стаяла толькі дзьве фуры. Так што кантралёру Мікалаю Касьяну часу на размову хапіла.

Касьян: “За ноч, бывала, пройдзе і 14, і за 30 машын. А было і тры…”

Я прыехаў разам зь Мікалаем Петрушэнкам, сябрам ЦК ПКБ, экс-кандыдатам у дэпутаты Віцебскага аблсавету – стаянка знаходзіцца на адным зь яго нядаўніх выбарчых участкаў.

Петрушэнка: “Вельмі многія заяжджалі заправіцца. Палову шляху ад Берасьця даехаў – трэба заліць бэнзіну ці саляркі. Але ж Лукашэнка адпусьціў зараз фіксаваныя аптовыя цэны на іх – гэта значыць, папаўзьлі ўверх. А рыначныя, адпускныя засталіся на тым жа ўзроўні. Паміж імі за тону саляркі была розьніца ў 20 тысяч. Зараз яна скарацілася. Дык узьнікае пытаньне: а калі б сам Лукашэнка быў гаспадаром заправачнай станцыі, ён бы сабе ва ўбытак гандляваў?!”

На аўтастаянцы зьнікла ня толькі паліва. З-за нерэнтабэльнасьці закрыліся лазьня, гатэль. Кафэ працуе, але бармэн Сьвятлана глядзіць у будучыню без аптымізму.

Сьвятлана: “Каву папілі. Прабіла 18 тысяч – 18 тысяч за ўвесь дзень! Такое часьцяком бывае...”

Кіроўца адной з дзьвюх маскоўскіх фур паведаміў, што найчасьцей абмінае Беларусь празь Літву ці Ўкраіну, бо мытны праезд праз тэрыторыю Беларусі толькі ў адзін канец абыходзіцца ў 50 даляраў. Рэзюмуе ўсё той жа Мікалай Петрушэнка.

Петрушэнка: “Зараз цішыня на аўтастрадзе. Калі і ёсьць машыны, дык мясцовыя. Фуры ідуць у абыход. Гэта вынік той палітыкі, што праводзіць Аяксандар Лукашэнка. І калі гаворыць, што “перакрые ўсе крымінальныя патокі”, дык перакрываць ужо няма каго!”
XS
SM
MD
LG