Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скандальныя выставы ў сьвеце – геі-жывёлы, фэкаліі, эксгумаваныя целы


Алена Струвэ, Прага На думку арганізатараў выставаў, посьпех любой экспазыцыі зусім не залежыць ад вядомасьці аўтараў. Сёньня для посьпеху патрэбныя экстравагантнасьць, нават скандальнасьць тэмы, а таксама вялікая колькасьць крытычных словаў, сказаных на адрас выставы напярэдадні яе адкрыцьця. Пра некаторыя скандальныя выставы раскажа Алена Струвэ.

Пачну з выставы “Сьвет цела”, на якой мне давялося пабываць некалькі год таму ў Бэрліне і якая выклікала нямала скандальных рэцэнзіяў паўсюль, дзе яна экспанавалася. Тым ня менш гэтую экспазыцыю паглядзелі дзясяткі мільёнаў чалавек. Яе аўтар – нямецкі прафэсар, патолягаанатам Гюнтэр фон Гагенс з Гайдэльбэрскага ўнівэрсытэту. У 1980-я ён выпрацаваў сваю ўласную тэхналёгію захаваньня чалавечай тканкі і стаў з чалавечых парэшткаў ствараць так званых плястыноідаў. Муміфікаваныя целы –плястыноіды фон Гагенса гуляюць у шахматы, фэхтуюць, танчаць. Самы скандальны экспанат – цяжарная жанчына. Яе цела эксгумавана так, што ў матцы відаць сямімесячны зародак.

Самае неймавернае, што, наведаўшы выставу, якая экспанавалася ў многіх гарадох Заходняй Эўропы, некалькі тысяч наведнікаў вырашылі пасьля сьмерці аддаць свае целы фон Гагенсу.

Як кажа фон Гагенс (ён, дарэчы, атэіст паводле сваіх перакананьняў), сэнс ягоных экспазыцыяў у тым, каб даказаць: жыцьцё пасьля сьмерці можа быць толькі такім.

Калі гаварыць пра самыя апошнія скандальныя выставы, то гэта фотавыстава ў нарвэскім Осла, прысьвечаная жывёлінам-геям. Яна таксама выклікала напачатку шмат лаянкі, а потым вялікі наплыў наведнікаў. Паводле аднаго з арганізатараў гэтай выставы заоляга Пэтэра Бокмана, задачай экспазыцыі была спроба даказаць, што гомасэксуальныя паводзіны – гэта не вычварэнства, не злачынства перад прыродай, а адна з праяваў прыроды. Дарэчы, назва выставы ў перакладзе гучыць так: “Ці злачынства гэта супраць прыроды?”

На фота былі сфатаграфаваныя геі-жырафы, геі-малпы, нават геі-кіты, прадстаўнікі некалькіх сотняў відаў жывёлін.

І яшчэ пра адну скандальную выставу, але ўжо ў канадзкай Атаве. Яе экспанаты так ці інакш зьвязаныя з фэкаліямі. Выстава так і называецца “Экскрэмэнталёгія: 30 гадоў лайна ў сучасным мастацтве”. Сярод экспанатаў – фота, зробленыя ў прыбіральнях, карціны, дзе мастак замест фарбаў выкарыстоўваў экскрэмэнты. Макеты манумэнтаў. Напрыклад, вулічны гадзіньнік ў Калгары. Аўтары экспазыцыі – 25 прадстаўнікоў гэтага жанру з Канады, ЗША, Аўстрыі, Бэльгіі і Францыі. Дадамо, што ў залях выставы, як ні дзіўна, пахне ружамі.

Некаторыя майстры нават прадаюць свае працы. Цэны – парадку тысячы-паўтары тысячы даляраў ЗША.
XS
SM
MD
LG