Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія незвычайныя выставы існуюць у Беларусі?


Ігар Карней, Менск У 2003 годзе ў вёсцы Мосар на Глыбоччыне пры капліцы Маці Божай Вострабрамскай пачаў працаваць адзіны ў Беларусі Музэй цьвярозасьці. Экспазыцыя паказвае, як п’янства і алькагалізм цягам стагоддзяў псавалі жыцьцё беларусам. Тут жа – багатая калекцыя самагонных апаратаў.

На тэрыторыі мэмарыяльнага комплексу “Лінія Сталіна” ад мінулага году стацыянарна экспануецца комплекс балістычных ракетаў С-300. Тут жа можна пабачыць самалёты, якія бралі ўдзел у вайне ў Аўганістане – штурмавік Су-25 і зьнішчальнік МіГ-23, баявыя гэлікоптары. На "Лініі Сталіна" ўсталяваны помнік правадыру народаў генэралісімусу Іосіфу Сталіну.

У двары музэю Вялікай айчыннай вайны на Кастрычніцкай плошчы ў Менску таксама экспануецца вялікая колькасьць тэхнікі ваенных часоў – ад танкаў да самалётаў.

Некалькі апошніх гадоў Таварыства аховы помнікаў тэхнікі, адзначаючы Дзень чыгуначніка, ладзіць выставу цягнікоў на тэрыторыі Менскай дзіцячай чыгункі. Выстаўляюцца макеты рухомых саставаў у памеры 1 да 87. На гэтай выставе прадстаўленыя нават мадэлі цэлых лякаматыўных дэпо ў мініятуры.

Два гады таму ў Гомелі запачаткаваная батанічная выстава, ініцыяваная супрацоўнікамі аб’яднаньня “Гомсельмаш”. Выстаўляюцца рэдкія для Беларусі расьліны, якія энтузіясты вырошчваюць у кватэрах і на ўласных гаўбцах – ананасы, пальмы, рэдкія віды кактусаў.

У Магілёўскім музэі этнаграфіі стала экспануецца выстава музычных інструмэнтаў Старажытнага Кітаю і краінаў усходу. У экспазыцыі дзесяткі духавых, струнных і ўдарных інструмэнтаў. Сярод іх гэтаксама – копіі старадаўніх музычных інструмэнтаў, якія адносяцца яшчэ да каменнага веку.

На тэрыторыі Гандлёвага дому “Ждановічы” месьціцца музэй “Наша спадчына”. Тут сабраныя тысячы арыгінальных экспанатаў, пачынаючы ад 18-19 стагоддзяў – розныя гаспадарчыя прыстасаваньні, медныя місы, рукамыйнікі. Аснову калекцыі складаюць самавары, сабраныя як у Расеі, так і ў Беларусі.

У Беларускім музэі архітэктуры і побыту на адкрытым паветры "Строчыцы", што пад Менскам, дзейнічае сталая выстава архітэктуры. З усіх куткоў Беларусі сюды зьвезеныя гаспадарчыя будынкі, жытло, цэрквы і касьцёлы 17-19 стагоддзяў

У Берасьці ў музэі "Выратаваныя мастацкія каштоўнасьці" пры мытні "Заходні Буг" стала дзейнічае выстава канфіскату. Збольшага тут прадстаўлены антыкварыят.

У Гомелі пры Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце транспарту, на аддзяленьні дзе рыхтуюць мытнікаў, стала дзейнічае выстава хованак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG