Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Куры Лёніка Тарасевіча (фотарэпартаж)


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Усё больш папулярным хобі ў Польшчы становяцца куры, але куры дэкаратыўныя, якіх гадуюць не дзеля яек ці мяса. Адметна, што адзін з найбольш славутых адмыслоўцаў у гэтай справе ў Польшчы – беларус, вядомы ва ўсім сьвеце мастак Лёнік Тарасэвіч. На выставе ў тым ліку і ягоных курэй у Варшаве пабываў наш карэспандэнт Аляксей Дзікавіцкі.

Ніколі б не падумаў, што на курынай выставе можа быць такі шум.

Карэспандэнт: А ці праўда, што куры – дурныя птушкі, як кажуць у народзе?

Тарасэвіч: “Гэта няпраўда! Кура не дурная птушка, дурныя тыя, хто так гаворыць! Асабліва баявыя куры, пароды “Фэнікс”, пяць разоў ашукаюць гаспадара!”

Дык значыць кура можа ашукаць гаспадара?

Тарасэвіч: Канешне, ды яшчэ як!



Па птушках, якія былі на выставе, арганізаванай Польскім таварыствам дэкаратыўных кураў, цяжка было сказаць, наколькі яны спрытныя, як умеюць уцячы ці ашукаць гаспадара. Усе ж у клетках і ня вельмі схільныя да камунікацыі са зьнешнім сьветам.

Каб запісаць голас пэўнага дзіўнага пеўня з паўднёвых краінаў, давялося стаяць каля клеткі хвілінаў дзесяць. І вось нарэшце!

Між тым Лёнік Тарасэвіч кажа, што даўно цікавіўся птушкамі, але замест таго, каб стаць арнітолягам, стаў мастаком.

Тарасэвіч: Я даўно цікавіўся птушкамі, потым арніталёгіяй, але часу на арніталёгію не было, таму зрабіў сабе гэтую арніталёгію на падворку. Галубы на пачатку былі, потым фазаны, папугаі а цяпер вось куры. Зь імі значна цікавей. Гэта так як бы архітэктар тварыў інтэлектуальна на чатыры пакаленьні наперад”

Сусьветнавядомы мастак Тарасэвіч з’яўляецца таксама аўтарам адзінай польскай прафэсійнай кнігі для аматараў дэкаратыўных курэй.

Тарасэвіч: Не было каму напісаць, дык я напісаў!



А можа вы яшчэ нешта і намалявалі для гэтай кнігі?

Тарасэвіч: Не, не маляваў, здымкі сваіх курэй даў для кнігі. А ведаеце, гэта першая такая кніга ў Польшчы і адначасова першая мая навуковая праца, якую надрукавалі!

Куры, якіх прывёз на выставу Лёнік Тарасэвіч – самыя розныя. Нават ня ведаў, што такія ёсьць. Вось прыкладам кура, якая такім чынам падае голас. А вось яшчэ нейкая заморская квахтуха.

Прыкладам у спадара Тарасэвіча ёсьць зусім незвычайныя куры з выспы Ява:



Тарасэвіч: “Вось за табой чорныя курыцы Аям-Каямі – яны зь Явы. У іх усё чорнае мяса, кроў і косьці, усё чорнае ў іх. Чатыры гады таму 8 яек даехала зь Явы да Бэльгіі, потым на наступны год ужо яны былі ў Нямеччыне а яшчэ праз год я паехаў у Нямеччыну і прывёз іх у Валілы. Вось такая цывілізацыйная дарога! Ну хто скажы мне зь Беласточчыны паедзе па дзеўку ці да хлопца аж пад бэльгійскую мяжу!? А я вось па курыцу паеду! ”

Лёнік Тарасэвіч кажа, што дэкаратыўныя куры, гэта хобі, якое пасуе беларусам, тым больш што гісторыі пра курэй, якія каштуюць па 10 тысячаў эўра, гэта, паводле ягоных словаў, няпраўда.

Тарасэвіч: “На выставах у Нямеччыне самыя дарагія куры – 100-120 эўра і гэта пры тым, што палова кошту ідзе арганізатарам. Так што гэта такая цудоўная рэч – можаш займацца гэтым на самым высокім эўрапейскім узроўні. Кожны можа сабе дазволіць. Ня трэба мець шмат, хопіць некалькі – але добрай якасьці”

Цяжка ўявіць сабе, як сусьветнавядомы мастак узроўню Тарасэвіча, які ўвесь час бярэ ўдзел у плэнэрах ці выставах на ўсіх кантынэнтах сьвету, мае час займацца курамі.

Тарасэвіч: Куры, гэта як кожная сьвядомая дзейнасьць чалавека, накіраваная на разьвіцьцё інтэлекту. Адпачываючы ад мастацтва, я займаюся курамі. Гэта вельмі цікава. Ніхто ня ведае, што я раблю, а куры гэта куры. Тым больш, што ёсьць у мяне такія такія, я б сказаў, узроўню “мэрсэдэсаў”.

Напрыканцы нашай размовы са спадаром Тарасэвічам, побач моцна раскрычаўся нейкі певень, а за мной ужо выстраіліся ў чаргу журналісты, якія хутка пазналі нашага суразмоўцу.

XS
SM
MD
LG