Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Мілінкевіч у Бэрліне: “Дыялёг Захаду з Лукашэнкам -- толькі пасьля вызваленьня палітвязьняў” (абноўлены)


Уладзімер Глод, Менск Сёньня былы кандыдат на прэзыдэнта Беларусі, лідэр аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч правёў шэраг перамоваў у Бэрліне. Ягоны аднадзённы візыт у Нямеччыну — краіну, якая цяпер старшынюе ў Эўразьвязе — пачаўся з сустрэчы ў камітэце міжнародных справаў Бундэстагу. Ён таксама правёў сустрэчы ў палітычных фракцыях парлямэнту, гутарыў з кіраўніцтвам Хрысьціянска-дэмакратычнага саюзу, кіроўнай партыі Нямеччыны і з дарадцамі канцлеркі Ангелы Мэркель.

На паседжаньні камітэту міжнародных справаў Аляксандар Мілінкевіч адзначыў, што быў і застаецца прыхільнікам дыялёгу аб’яднанай Эўропы зь Беларусьсю. Аднак такія дачыненьні могуць даць плён толькі тады, калі афіцыйны Менск зробіць выразныя крокі на збліжэньне.

На пытаньне нямецкіх палітыкаў, якімі канкрэтна мусяць стаць першыя крокі, спадар Мілінкевіч адказаў: вызваленьне ўсіх палітвязьняў і свабода для недзяржаўных мэдыяў. Беларускі палітык асабліва падкрэсьліў: дыялёг Захаду з Аляксандрам Лукашэнкам магчымы толькі пасьля выкананьня гэтых умоваў, але не наадварот:

Мілінкевіч: “Вельмі важна з боку Беларусі выконваць тыя ўмовы, якія ёй ставяцца Эўразьвязам. Улады павінны іх выканаць. Каб рабіць рынкавыя рэформы, патрэбныя сур’ёзныя фінансавыя страхоўкі. І Эўропа можа гэта зрабіць. Але ўлада мусіць вызваліць палітвязьняў на чале з Аляксандрам Казуліным, правесьці сумленныя выбары і гэтак далей. Я — за прагматычную палітыку. І цяпер Эўропа ўсё выказала, зрабіла абсалютна канкрэтныя прапановы. І таму цяпер мяч у гульцоў зь беларускай улады”.

Падчас размовы Аляксандра Мілінкевіча з дарадцамі канцлеркі Ангелы Мэркель абмяркоўваліся праблемы энэргетычнай бясьпекі ў сьвятле нафтагазавага канфлікту Беларусі й Расеі.

Спадар Мілінкевіч адзначае, што для Нямеччыны, якая цяпер ачольвае Эўразьвяз, беларускія праблемы вельмі важныя:

Мілінкевіч: “Я думаю, што на тэрыторыі Эўропы няма цяпер для Эўразьвязу большай праблемы за беларускую. Былі адзін час такія размовы: у Беларусі сапраўды дыктатура, але не зусім крывавая, што правы чалавека не забясьпечваюцца, але не зьнішчаюць там цэлых народаў, як у іншых краінах. І такі падыход: калі эканамічна надзейны транзыт, калі энэрганосьбіты паступаюць — дык і добра. Дык, вось, такіх падыходаў усё менш і менш”.

Глядзіце таксама: Рупрэхт Поленц: «Нямеччына і Эўразьвяз мусяць перагледзіць пытаньне візавых коштаў для беларусаў»
XS
SM
MD
LG