Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: пахавалі апазыцыйнага актывіста Сяргея Старычэнку


Радыё Свабода У панядзелак у Гомелі пахаваны кіраўнік абласной арганізацыі Сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) Сяргей Старычэнка. У красавіку яму б споўнілася сорак гадоў.

Грамадзянская жонка спадара Старычэнкі знайшла яго ў пятлі ў адным з пакояў прыватнага бацькоўскага дому на вуліцы Марата Казея, дзе яны жылі апошнім часам.

Пракуратура Савецкага раёну Гомелю расьсьледуе гэтае трагічнае здарэньне.

Мясцовыя актывісты даведаліся пра раптоўную сьмерць Сяргея Старычэнкі толькі сёньня. Некаторыя чальцы дэмакратычнай кааліцыі, у якую ўваходзіла й арганізацыя Сацыял-дэмакратычнай партыі, лічаць, што сьмерць спадара Старычэнкі найхутчэй не зьвязаная зь ягонай грамадзкай дзейнасьцю.

Апошні раз Сяргей Старычэнка кантактаваў з уладамі летась 17 сьнежня на памежнай беларуска-ўкраінскай станцыі Цяруха, калі вяртаўся цягніком у Гомель з Чарнігава, дзе браў удзел ва ўстаноўчай канфэрэнцыі Саюзу левых партыяў Беларусі. Тады ў яго й ягонага аднапартыйца беларускія мытнікі сканфіскавалі матэрыялы ўстаноўчай канфэрэнцыі Саюзу левых партыяў, а таксама асобнікі брашуры пра культ асобы Аляксандра Лукашэнкі.
XS
SM
MD
LG