Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апошнія два гады расейцы адчуваюць расчараваньне ў Лукашэнку


Радыё Свабода Сёньня “Российская газета» публікуе артыкул Валерыя Фёдарава, генэральнага дырэктара Усерасейскага цэнтра вывучэньня грамадзкай думкі. Аўтар публікацыі аналізуе, якія зьмены адбываюцца ў стаўленьні расіян як да беларусаў увогуле, так і да беларускага лідэра.

Беларусь заўсёды ўспрымалася амаль як адзіны саюзьнік Расеі. Аднак, чым далей тым болей складаецца ўражаньне, што рэальны сэнс інтэграцыйных працэсаў – гэта імкненьне слабых і бедных рэспублік былога СССР эксплуатаваць нашы рэсурсы, - піша Фёдараў. Паступова сфарміраваўся адмоўны стэрэатып, падобны таму, які існаваў у былым СССР – “мы ўсіх кормім”.

Паступова мяняецца і стаўленьне да асобы беларускага лідэра. Дасьледаваньні, якія правёў Усерасейскі цэнтар летась увосень, паказвалі, што Лукашэнка выклікаў павагу ў 19 працэнтаў апытаных расіян, сымпатыі – у 13, расчараваньне – толькі ў 5 працэнтаў. Расіянам, асабліва людзям старэйшага пакаленьня, у лукашэнкавым стылі кіраваньня падабаліся “блізкасьць да народа, жорсткасьць, дысцыпліна, парадак, настойлівасьць, адказнасьць”.

Але апошнія два гады паказалі, што мы адчуваем пэўнае расчараваньне ў Лукашэнку, - піша ў Валеры Фёдараў. Цяпер Лукашэнку крытыкуюць за палітыку ізаляцыі ад Захаду, імкненьне пабудаваць дабрабыт сваёй краіны за кошт расейскіх нафты і газу, крывадушнасьць адносна саюзу з Расеяй, калі на словах ён – за, а на справе – супраць. Апошнія падзеі , калі Лукашэнка раптам ператварыўся ў жорсткага апанэнта Расеі, не дадалі яму папулярнасьці. Тая частка расіянаў, якія глядзелі на яго з перасьцярогай, пераконваюцца, што гэты чалавек клапоціцца перш за ўсё пра сваю выгаду. А ў сьвятле яго апошніх выказваньняў удзячнасьці ЗША і краінам Эўропы за іх “узважаную пазыцыю” у канфлікце з Расеяй, стала відавочнай спэкулятыўнасьць яго антызаходняй рыторыкі.

У сваёй публікацыі ў “Российской газете” генэральны дырэктар Усерасейскага цэнтра вывучэньня грамадзкай думкі Валеры Фёдараў заключае : нам ня варта ні ў якім разе гнацца за прывідамі, верыць у адраджэньне саюза. Трэба мераць усё па ўласнай кішэні, а інтэграцыйныя праекты з прымесьсю альтруізму пакінуць да лепшых часоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG