Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Цяпер стараемся памяняць машыну на штосьці меней пражэрлівае...”


Сяргей Астраўцоў, Горадня У Беларусі чакаецца новае (чацьвёртае за апошні час) падаражэньне бэнзіну, гэтым разам на 5%. Намесьнік кіраўніка канцэрну “Белнафтахім” Міхаіл Асіпенка паведаміў, што паліва ўрэшце будзе каштаваць прыблізна столькі, як у Польшчы. Зь ягоных словаў вынікае, што дзяржава ня хоча спрыяць бізнэсу тых, хто вывозіць у суседнія краіны бэнзін, “зарабляючы на каністры дваццаць даляраў”. Як рэагуюць на абвешчанае чарговае падаражэньне паліва гарадзенскія аўтааматары?

Малады спадар: “Ну, калі даходы ў нас будуць такія, як у палякаў, тады нястрашна, тады хай падвышаюць кошты. А калі не, дык тады я супраць падвышэньня коштаў паліва. Машына ў мяне ёсьць, але, шчыра кажучы, езьдзіць цяпер стаў амаль удвая меней”.

Спадар: “Такая рэальнасьць: калі цэны на нафту ўзрасьлі, грамадзкі транспарт таксама падаражэе. Так што ёсьць у цябе машына ці няма, так ці інакш гэта ўсіх закране, бо падаражэюць і перавозкі, і сабекошт прадуктаў”.

Малады спадар: “Я лічу, што з Польшчай нас параўноўваць ня трэба — у нас даходы ня тыя, гэта раз. Па-другое, рэч тут ня ў тым, што вывозяць паліва. Папросту прамысловасьць павінна нармальна працаваць, і хай вывозяць, усім толькі будзе добра. А тое, што падвышаюць кошты — канечне, дрэнна, езьдзіць на машыне становіцца вельмі дорага”.

Спадар: “Балюча, можна сказаць, калі цэны падвышаюць раз за разам на бэнзін. Цяпер стараемся памяняць машыну на штосьці меней пражэрлівае. Карацей, адной з прычынаў для замены машыны стала менавіта тое, што цэны на бэнзін сталі расьці вельмі актыўна”.

Сталы спадар: “Ведаеце, можна падвышаць кошты бэнзіну ў працэнтных адносінах да заробку. А калі заробак застаецца той жа, то тады падвышэньне цэнаў на паліва ці на што іншае ніяк ня можа быць апраўдана цэнамі ў Польшчы, Эўропе ці ў Амэрыцы. Калі ў нас заробкі будуць такія, як у Нямеччыне, тады можна і цэны такія рабіць, як у іх. Вось гэта мая думка”.

Ягоны сябра: “У мяне таксама ёсьць машына, але пры такім узроўні цэнаў на паліва, шчыра кажучы, лішні раз задумаесься ўвогуле наконт мэтазгоднасьці мець аўтамабіль. А раўняцца ў цэнах на палякаў зусім нельга, бо спачатку трэба даць людзям нармальныя заробкі”.

Спадар: “Дрэнна гэта, бо трэба тады, каб заробкі падвышаліся, калі бэнзін даражэе. У мяне машына на бэнзіне і, ведаеце, цяпер гэта вельмі адчувальна для кішэні, даводзіцца эканоміць. Я раней запраўляўся на дваццаць літраў, а цяпер на тыя ж грошы толькі пятнаццаць літраў магу ўзяць”.

Сталы спадар: “Дзяржаўны бюджэт трэба папаўняць, вось нашым коштам і папаўняюць. А тое, што ў Польшчу вывозяць паліва… Вывозяць, вядома, але гэта, я лічу, не прычына падвышэньня цэнаў на бэнзін. Мне як аўтааматару падвышэньне, канечне, б’е па кашальку добра. Але гэта дзяржаўная палітыка — што тут зробіш, застаецца толькі прымаць да ведама”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG