Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у Беларусі ахоўваюць інтэлектуальную ўласнасьць?


Іна Студзінская, Менск Сёньня ў Беларусь з рабочым візытам прыбыў генэральны дырэктар Усясьветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасьці Каміл Ідрыс. Першы раз ён прыяжджаў у Беларусь у чэрвені 2003 году. Як выглядае Беларусь у сфэры абароны аўтарскіх правоў і інтэлектуальнай уласнасьці?

Вытворчасьць і распаўсюджваньне кантрафактнай прадукцыі, абарона аўтарскіх правоў і інтэлектуальнай уласнасьці — праблемы, якія абмяркоўваюцца ў часе гэтага візыту. Ёсьць краіны, якія ўваходзяць у сьпіс так званага пільнага, прыярытэтнага назіраньня. Гэта Кітай, Расея, Індыя, Бразылія, Інданэзія, Віетнам, Тайвань, Пакістан, Турэччына і Ўкраіна.

Беларусь у гэты сьпіс не ўваходзіць. Дарадца кіраўніка Нацыянальнага цэнтру інтэлектуальнай уласнасьці Валянцін Рачкоўскі ўдакладняе:

Рачкоўскі: “Калі краіна не фігуруе ў нейкіх вельмі зламысных прыярытэтных сьпісах, гэта не азначае, што ў краіне няма кантрафакту. Гэта азначае, што ў краіне выпрацаваныя і рэалізуюцца эфэктыўныя захады дзеля процідзеяньня вытворчасьці й абароту кантрафактнай прадукцыі”.

Так, былі ў Беларусі гучныя скандалы, зьвязаныя з вытворчасьцю гарэлкі “Шагал”, з пастаноўкай “Трохграшовай опэры” ў Расейскім тэатры. Міліцыя рэгулярна праводзіць рэйды на рынках і канфіскоўвае сотні відэакасэтаў і кампакт-дыскаў.

У Беларусі з 1996 году дзейнічае Закон аб аўтарскім праве і сумежных правах, ёсьць і адміністрацыйная, і крымінальная адказнасьць за парушэньне аўтарскіх правоў і прамысловай уласнасьці. Мытны кодэкс прадугледжвае спэцыялізаваныя мытныя працэдуры, якія перашкаджаюць пранікненьню кантрафактных тавараў на рынак, нядаўна зацьвердзілі Палажэньне аб узаемадзеяньні праваахоўных органаў для абароны правоў на інтэлектуальную ўласнасьць, пры Савеце Міністраў дзейнічае адмысловая камісія.

Вядомы драматург, старшыня Саюзу тэатральных дзеячаў Беларусі Аляксей Дудараў некалькі гадоў таму першы ў краіне пасьпяхова абараніў праз суд сваю інтэлектуальную ўласнасьць. Гаворыць Аляксей Дудараў:

Дудараў: “У Беларусі, што тычыцца заканадаўства, усё ў парадку. Ёсьць “Закон аб аўтарскім праве і сумежных правах”, ёсьць пастанова Саўміну. Аднак у нас грамадзтва — і тыя, хто стварае гэтую інтэлектуальную ўласнасьць, і тыя, хто ёй карыстаецца, і простыя людзі — яны не падрыхтаваныя. Любы закон трэба ўспрымаць і быць згодным зь ім. Нават у тым выпадку, калі табе як асобе ён не прыносіць карысьці, а іншым разам і шкодзіць. Але закон ёсьць закон”.

Адзін з кірункаў, які будзе абмяркоўвацца падчас візыту генэральнага сакратара Ўсясьветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасьці Каміла Ідрыса — гэта адукацыя ў сфэры інтэлектуальнай уласнасьці. Гаворыць дарадца кіраўніка Нацыянальнага цэнтру інтэлектуальнай уласнасьці Валянцін Рачкоўскі:

Рачкоўскі: “Мала мець заканадаўства, трэба, каб ня толькі замежныя суб’екты, але і нацыянальныя навучыліся ім карыстацца. Таму што колькі б дзяржава ні стварала інструмэнтаў і мэханізмаў, пакуль на ўзроўні кожнага суб’екта гаспадараньня ня будзе разуменьня, нічога ня будзе. Трэба яшчэ гэтым усім умела кіраваць”.

Драматург Аляксей Дудараў перакананы:

Дудараў: “Трэба вучыцца жыць цывілізавана. А так — мы яшчэ калгасьнікі, лічым: тое, што ў калгасе — то маё, і можна ім карыстацца без дазволу і, галоўнае, бясплатна. Гэта рудымэнты савецкага мысьленьня”.
XS
SM
MD
LG