Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Бяляцкі: “Мы хочам убачыць рэальнае пацяпленьне сытуацыі”


Алесь Дашчынскі, Менск Гаспадарчая ўправа Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта працягнула на год дамову аб арэндзе памяшканьня для Беларускага Хэльсынскага камітэту, які раней змусілі пакінуць офіс. Як ацэньвае гэты факт вядомы праваабаронца, лідэр закрытага ўладамі праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі?

Бяляцкі: “Цяжка казаць пра нейкія зьмены ў палітыцы і ў адносінах да трэцяга сэктару, грамадзкіх арганізацыяў. Мы мусім убачыць не адзінкавыя факты ці рашэньні, якія прымаюцца, мабыць, на самым высокім узроўні. Мы мусім убачыць рэальнае пацяпленьне сытуацыі для дзейнасьці няўрадавых арганізацыяў у межах Беларусі. Я нагадаю, што напрыклад, за апошнія сем гадоў ніводная праваабарончая арганізацыя ў Беларусі Міністэрствам юстыцыі зарэгістраваная не была.

Гэта ўсё пакажа блізкая будучыня: ці гэта сапраўды пачатак адкручваньня гаек, ці гэта ўсё ж адзінкавая акцыя піярнага пляну, якая фактычна не мяняе агульнай сытуацыі.

Мы сёньня маем сем асобаў, якія сядзяць адназначна паводле палітычных матываў, і сапраўды беларускія ўлады павінны знайсьці магчымасьць выпусьціць іх — гэта і Аляксандра Казуліна, і Зьмітра Дашкевіча, і Артура Фінькевіча, і іншых. І прынамсі старшыня Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы пра гэта казаў адназначна: пакуль ня будуць выпушчаныя палітычныя вязьні, перамоваў Рада Эўропы праводзіць ня будзе”.
XS
SM
MD
LG