Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пакт з д''яблам у імя свабоднай Беларусі?


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Польская Gazeta Wyborcza у новай сэрыі публікацыяў “Дэбаты аб Эўропе і Беларусі” зьмяшчае артыкул “Пакт з д’яблам у імя свабоднай Беларусі”, у якім аўтар разважае, ці павінен Захад ісьці на кантакты з афіцыйным Менскам.

“Эўразьвяз апынуўся перад дылемай: працягнуць руку дыктатару, які зьнішчае дэмакратыю, каб ратаваць незалежную Беларусь, ці пагадзіцца на “дэмакратызацыю” Беларусі пры дапамозе Крамля. Польшча, як сусед Беларусі і краіна, якая хоча ўплываць на ўсходнюю палітыку Эўразьвязу, павінна знайсьці адказ на гэтае пытаньне раней, чым Брусэль”, - піша ў “Gazecie” Яцэк Паўліцкі.

Аўтар адзначае, што апошні расейска-беларускі нафтавы канфлікт сьведчыць, што Расея бачыць Беларусь выключна ў сфэры сваіх уплываў, а ў будучыні разглядае гэтую краіну як “фрагмэнт адбудаванай імпэрыі”.

“...Як падаецца, Пуцін ужо падпісаў вырак. Так ці іначай ён давядзе да падзеньня рэжыму Лукашэнкі і пасадзіць на троне прыхільных сабе палітыкаў і давядзе да “інэграцыі” Беларусі з Расеяй. Расейскія дыпляматы ўжо пачалі казаць сваім калегам з Эўразьвязу, што могуць дапамагчы ўсталяваць дэмакратыю ў Беларусі. Частка краінаў аб’яднанай Эўропы гатовыя пагадзіцца на гэтую прапанову, але роля Польшчы ў тым, каб паказаць, што гэта памылковы шлях”, - піша “Gazeta Wyborcza”.

Спадар Паўліцкі зьвяртае ўвагу на то, што палітка ізаляцыі беларускага рэжыму не прыносіць вынікаў, але размовы зь Мескам нельга пачынаць, пакуль беларускія ўлады ня зробяць які-небудь важны крок, напрыклад вызваляць Аляксандра Казуліна, што аўтар называе “праграмай-мінімум”.

“З Лукашэнкам нельга размаўляць без папярэдніх умоваў. Трэба змусіць яго зрабіць выбар. Заходня дэмакратыя ня можа выкарыстоўваць мэтады, якія ўжывае Расея. Такім чынам застаецца толькі адно – магчыма наіўная вера ў цуд у Менску. Але нават цудам можна дапамагчы”, - піша ў сёньняшнім нумары Gazeta Wyborcza
XS
SM
MD
LG