Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заўтра ў Беларусь прыбывае новы амбасадар Літвы


Радыё Свабода Новы кіраўнік дыпляматычнай місіі Літвы Эдмінас Багдонас афіцыйна пачне выконваць свае абавязкі пасьля таго, як уручыць даверчыя лісты прэзыдэнту Беларусі.

Як заявіў раней прэзыдэнт Літвы Валдас Адамкус, “працэсы, якія адбываюцца ў Беларусі, важныя для ўсёй дэмакратычнай сусьветнай супольнасьці. Працягваючы палітыку сяброўскіх суседзкіх стасункаў і падтрымліваючы разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі, Літва нясе адказнасьць як перад сваімі партнэрамі ў рэгіёне і Эўразьвязе, так і перад усёй сусьветнай супольнасьцю”.

Раней Эдмінас Багдонас займаў розныя пасады ў міністэрстве замежных справаў Літвы. Працаваў амбасадарам Літвы ў Італіі, быў дарадцам прэзыдэнта ў міжнародных пытаньнях.

Раней амбасадарам Літвы ў Беларусі быў Пятрас Вайцекунас, які летась у чэрвені стаў міністрам замежных спарваў Літвы. Тады плянавалася, што новым амбасадарам у Менску будзе Антанас Валёніс, былы міністар замежных справаў Літвы. Аднак, як паведамляла летась у кастрычніку інфармацыйнае агенцтва БНС, літоўскае МЗС вырашыла не прасіць агрэмана кандыдатуры А.Валёніса, паколькі прадбачыць адмоўны адказ і не жадае абвастраць дачыненьні з суседняй краінай, атрымаўшы ясны сыгнал зь Менску, што Антанас Валёніс будзе непажаданым на гэтай пасадзе.

У Літве спасылаліся і на тое, што Беларуская дзяржаўная тэлевізія абвінавачвала Антанаса Валёніса, тагачаснага міністра замежных справаў Літвы, у тым, што ён нібыта арганізоўваў масавыя пратэсты супраць парушэньняў у часе прэзыдэнцкіх выбараў у сакавіку.
XS
SM
MD
LG