Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арганізатар фэстывалю савецкай настальгіі застаецца за кратамі


Ігар Карней, Менск Чарговым разам адмоўлена ў хадайніцтве аб зьмене прысуду былому кіраўніку Магілёўскай абласной філярмоніі ды арганізатару фэстывалю “Залаты шлягер” Уладзімеру Браілоўскаму. У сіле пакінутае ранейшае абвінавачаньне: дзевяць гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці. Шоўмэна абвінавацілі ў падмане і злоўжываньні даверам, у завалоданьні маёмасьцю з выкарыстаньнем службовых паўнамоцтваў, а таксама ў прадстаўленьні фальшывых дакумэнтаў і сьведчаньняў у афіцыйных дакумэнтах.

Артыстаў Магілёўскай абласной філярмоніі Барыса ды Галіну Вайханскіх у штат прымаў асабіста Ўладзімер Браілоўскі. Спадар Вайханскі кажа, што бальшыня філярманічных супрацоўнікаў дагэтуль адгукаюцца пра яго, як высокапрафэсійнага кіраўніка і музыку.

Барыс Вайханскі: “Мы прыйшлі літаральна за некалькі месяцаў да ягонага арышту. Таму больш паводле чутак іншых ведаем сытуацыю, чым змаглі ацаніць яе самі. Але ведаем: усе супрацоўнікі філярмоніі вельмі яму спачуваюць, перажываюць. Зноў жа, гэты “шлягер” аброс чуткамі пра вялікую карупцыю, пра грошы, якія там праварочваліся і пасьля асядалі ў якіхсьці канкрэтных руках. Гэта ў якойсьці ступені толькі плёткі. Да самога Браілоўскага мы вельмі добра ставімся: ён добры музыка, кіраўнік, і вельмі шкада, што яго цяпер на сваім месцы няма”.

Уладзімер Браілоўскі дагэтуль застаецца для Магілёву асобай шмат у чым знакавай. Спачатку зь нічога стварыў у сьціплым паводле музычнага патэнцыялу горадзе філярмонію. Потым арганізаваў фэстываль “Залаты шлягер”, здолеў завабіць у абласны цэнтар састарэлых зорак савецкай эстрады. Ініцыятыву падтрымаў асабіста Аляксандар Лукашэнка, якому прыйшлося даспадобы, што вядомыя за савецкім часам куміры будуць зьбірацца на ягонай радзіме.

Расейскія выканаўцы традыцыйна патрабуюць перадаплаты, і часта наяўнымі грашыма. У такой сытуацыі цяжка чакаць, што абласное ўпраўленьне культуры пагодзіцца на так званы“кэш”, і даводзілася будаваць фінансавыя “піраміды”. Ракавым стаў “Залаты шлягер-2003”. Імпрэза пачалася, а абласныя ўлады нечакана заявілі: сродкаў на ганарары няма. Браілоўскі дамовіўся з Магілёўскім аўтазаводам рэалізаваць пагрузчыкі, а прыбыткам ад продажу тэхнікі зьбіраўся расплаціцца з артыстамі. Урэшце атрымалася, што грошай аргкамітэт ад фірмы-пакупніка так і не дачакаўся. У крадзяжы абвінавацілі Браілоўскага. Не дапамаглі калектыўныя лісты і асабістыя хадайніцтвы вядомых людзей.

Прадстаўнікі канцэртных арганізацый спачуваюць Уладзімеру Браілоўскаму. Адна з кіраўніцаў агенцтва “Класс-Клуб Джаз Крафт” Сьвятлана Гур’ева кажа, што ў цяперашніх умовах пракатчыкі мусяць вельмі добра падумаць, перш чым запрасіць у Беларусь якога-небудзь замежнага артыста.

Гур’ева: “Матэрыяльная частка насамрэч вельмі кусаецца, адчувальная надзвычай. І падаткаў мы вельмі шмат плацім, перадусім, падатак на даданую вартасьць вельмі значны. За ўсё трэба плаціць. Зараз працуеш паводле поўнай перадаплаты. А калі не заплаціш нікуды і нічога, то і нічога не адбудзецца. Таму дзеля таго, каб зрабіць цяпер у Беларусі канцэрт, спачатку ўсё неабходна добра пралічыць, асабліва што тычыцца каштарысу, наколькі гэта рэнтабельна з улікам затратнай часткі. Таму ўсё вельмі складана. Вы, пэўна, заўважылі, што мы таксама сталі вельмі мала канцэртаў ладзіць. Бо, зноў жа, складана. Ёсьць вельмі моцныя фінансавыя складанасьці”.



На здымку: Апошнія дні на волі. Уладзімер Браілоўскі на піўным фэсьце ў Лідзе. Фота Дзьмітрыя Падбярэзскага.
XS
SM
MD
LG