Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крэдыты ўзяць усё цяжэй


Радыё Свабода Павелічэньне цэнаў на газ і нафту адбіваецца на ўмовах дзейнасьці банкаўскага сэктару. Ці варта чакаць зьменаў у крэдытаваньні прадпрыемстваў і насельніцтва?

Многія беларусы ахвотна карыстаюцца крэдытнымі паслугамі банкаў.

Спадарыня Натальля: “Я, напрыклад, сама нядаўна брала навагодні крэдыт на год. Без паручальнікаў. Цягам тыдня я ўсё вырашыла і купіла тое, што хацела”.

Спадарыня Алена: “А ў мяне сяброўка перад Новым годам брала крэдыт. Атрымала без праблем. Я была паручальнікам. Крэдыт у “Белпрамбудбанку” выдалі за тыдзень. Праўда, ён быў невялікі”.

Як цьвердзяць грамадзяне, пасьля Новага году атрымаць крэдыт стала цяжэй.

Спадар Васіль: “Я і сам з гэтым сутыкнуўся. Ну й наагул жыцьцё памянялася. Цяжэй стала. А праз год, кажуць, яшчэ цяжэй будзе”.

Карэспандэнт: “На што вы хацелі ўзяць крэдыт?”

Спадар Васіль: “Кватэру пабудаваць у Менску. Я сам ня зь Менску – са Стаўбцоўскага раёну. Але тут працую – праца пастаянная. Сям’ёй трэба абзаводзіцца – жыць жа неяк трэба. А здымная кватэра – гэта дорага”.

“Прыёрбанк” на мінулым тыдні афіцыйна абвясьціў пра праблемы з крэдытаваньнем. У паведамленьні прэсавай службы гаворыцца, што часова банк прыпыняе заключэньне новых дамоваў на рублёвыя крэдыты. Як вынікае з тлумачэньня, крэдытна-фінансавая сыстэма ў ранейшым рэжыме працаваць ня можа з-за вузкасьці й дарагоўлі цяперашняга грашовага рынку. У “Прыёрбанку” лічаць, што павінна быць зьнятае абмежаваньне Нацыянальнага банку па крэдытнай маржы.

Пазыцыю “Прыёрбанку” падзяляе й шэраг іншых беларускіх банкаў. Паводле банкіраў, у студзені з боку насельніцтва й суб’ектаў гаспадараньня зьменшылася колькасьць ахвотных рабіць грашовыя ўклады ў беларускія банкі. Прадпрыемствы вымушаныя кампэнсаваць дадатковымі рэсурсамі павелічэньне коштаў расейскіх энэрганосьбітаў. А грамадзянаў палохае магчымы рост інфляцыі й абясцэньваньне беларускіх грошай. У Нацыянальным банку пра трывожныя сыгналы банкаўскага сэктару ведаюць, аднак лічаць, што там мусяць актыўна прыстасоўвацца да новых фінансавых умоваў. Гаворыць начальнік упраўленьня інфармацыі Нацбанку Анатоль Драздоў.

Драздоў: “На сёньняшні дзень на фінансавых рынках суседніх краін поўна танных рэсурсаў. Банкі могуць прыцягнуць вельмі танны крэдыт з той жа, напрыклад, Прыбалтыкі, якая напоўнена таннымі грашыма Эўрапейскага Зьвязу, прадаць гэтую валюту на біржавым рынку і адпаведна задаволіць патрэбы свайго кліента. На жаль, далёка ня ўсе банкі хочуць гэтым займацца”.

Тым ня менш, як паведаміў Анатоль Драздоў, Нацыянальны банк не выключае ўнясеньня карэктываў у крэдытную палітыку ўжо ў першым квартале сёлетняга году.



Экспартна-крэдытныя агенцтвы дзяржаў-чальцоў Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва й разьвіцьця ўключылі Беларусь у сёмую, найгоршую, групу па ўзроўню крэдытнай рызыкі. У шостай групе знаходзяцца Грузія й Армэнія, а Ўкраіна, якая займала гэтую пазыцыю цягам апошніх пяці гадоў, пераведзена ў чацьвертую. Расея пераведзена ў трэцюю групу, дзе знаходзіцца яшчэ адна былая савецкая рэспубліка – Латвія.

XS
SM
MD
LG