Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палова юнакоў прызыўнога ўзросту ў войска ня йдуць


Алег Грузьдзіловіч, Менск У Беларусі закончыўся чарговы вайсковы прызыў. Чым ён адметны, ці зьмянілася стаўленьне да службы ў войску у цяперашніх прызыўнікоў?

Ці адрозьніваецца прызыў восені 2006-га – зімы 2007-га году ад папярэдніх кампаній? Меркаваньне кіраўніка прэсавай службы міністэрства абароны Вячаслава Раменчыка.

Раменчык: “Адпраўка ў войскі праведзеная ў адпаведнасьці з плянам, збояў не было, усе заплянаваныя мерапрыемствы выкананыя.”

Што да колькасьці прызваных ў войска, а таксама “ўхілістаў” ад службы, Вячаслаў Раменчык гэтых дадзеных не паведаміў, спаслаўшыся на тое, што яны будуць падсумаваныя пазьней. Вайсковец нагадаў: мінулым годам было прызвана каля 9 тысяч юнакоў. “Прыблізна такі ж узровень чакаецца і зараз”, – сказаў Вячаслаў Раменчык.

Між тым ў вайсковым ведамстве не хаваюць, што да паловы юнакоў прызыўнога ўзросту салдатамі не становяцца. Некалькі тысяч не падыходзяць да службы паводле мэдычных паказчыкаў ці атрымліваюць адтэрміноўку з прычыны вучобы, але ня меншая частка – тыя, хто проста ўхіляецца ад службы.

Паводле генэрал-маёра Ігара Глода, летась такіх было ажно 6 тысяч, і яны дадаліся да некалькіх тысяч ухілістаў ранейшага часу. У выніку, паведаміў вайсковец, ваенкаматы хадайнічалі аб завядзеньні болей за 8 тысяч вышуковых спраў на ухілістаў, а 200 чалавек нават прыцягнутыя да крымінальнай адказнасьці. Захады супраць ўхілістаў у 2007 годзе будуць ня менш строгія, паабяцаў генэрал-маёр Ігар Глод.

Але чаму не падвышаецца прэстыж вайсковай службы ў вачах беларускіх прызыўнікоў? Вось што на вуліцах Менска кажуць тыя, хто не хацеў бы ісьці служыць.

Юнак: “А што там рабіць? Магчыма, я б і служыў, але капаць адсюль і да абеду – ня хочацца. Тыя, хто служыў, кажуць мне, што я нічога не згубіў”.

Другі юнак: “Зараз такія войскі...Гэта закрытая тэма...Баюся дзедаўшчыны”.

Трэці юнак: “Ня ведаю, што і адказаць. Не адчуваецца прэстыжу войска, дзеля чаго туды ісьці”.

Аднак адмоўнае стаўленьне да службы ў войску падзяляюць ня ўсе. Большасьць суразмоўцаў, старэйшых за трыццаць гадоў, казалі: гэта была патрэбная школа мужнасьці. Гатовы ісьці ў войска і хлопец з хакейнай клюшкай, якому толькі 15 гадоў.

Хлопец: “Не, дзедаўшчыны зараз няма ў беларускім войску. Гэта мне казаў мой бацька. Ён распавядаў пра сваю службу на будаўніцтве Байкала-Амурскай магістралі, якая там была дзедаўшчына 20 гадоў таму, і што зараз”.

Паводле дадзеных вайсковай пракуратуры, мінулым годам за розныя злачынствы было асуджана 527 вайскоўцаў, ў тым ліку некалькі дзесяткаў за нестатутныя ўзаемаадносіны. Прычым, кажуць у вайсковай пракуратуры, злачыннасьць у войску зьнізілася на 23%. Аднак дакладных лічбаў гэтых злачынстваў афіцыйная статыстыка не паведамляе, гэтаксама як і не паведамляе колькасьці вайскоўцаў, якія загінулі падчас нясеньня службы ці скончылі жыцьцё самагубствам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG