Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Халезін: “У джынсах немагчыма сядзець у камэры”


Вольга Караткевіч, Прага 27-га студзеня “Свабодны тэатар” падвёў вынікі ІІ міжнароднага конкурсу, на які прадставілі 251 п''есу аўтары з 12 краінаў сьвету. Пра тэатар і ня толькі – гутарка з мастаком, журналістам, кіраўніком менскага “Свабоднага тэатру” Мікалаем Халезіным.

"Без свабоды няма сэнсу для існаваньня"

Карэспандэнтка: “Вы асабіста шмат у чым зьвязаны з словам свабода – кіруеце “Свабодным тэатрам”, займаліся арганізацыяй “Маршаў Свабоды”, песьню для эфіру заказалі “Беларусь будзе вольнай”... Што для Вас свабода?”

Халезін: “Амаль што ўсё. Хіба толькі мая сям''я, мае дочкі, мая жонка і родныя – гэта тое, што я не змагу паставіць ніжэй. Без свабоды няма сэнсу для існаваньня. Калі нешта мяне цісьне – у грудзі ці на галаву, калі нехта б''е ў плечы, тады я не разумею, што адбываецца наўкола”.

Карэспандэнтка: “Мікалай Халезін нарадзіўся ў 1964 годзе ў Менску. Пасьля школы служыў у войску ў авіяцыі, паступіў на эканамічны факультэт Інстытуту народнай гаспадаркі, але вучыцца там перадумаў. Чаму?”

Халезін: “Я зразумеў, што займацца змагу толькі творчасьцю. У мяне ў спэктаклі “Пакаленьне Jeans” ёсьць эпізод, калі я кажу, што хацеў займацца творчасьцю, але ня ведаў якой. Ведаў, што ня буду займацца апэрэтай і фальклёрам. І больш ня мог быць бухгальтарам...”

Карэспандэнтка: “А калі Вы адчулі сябе творцам?”

Халезін: “У школе. Калі мне было гадоў 10 – 12. Мая мамуля мяне заўсёды прывучала нешта рабіць рукамі. А пасьля я ўжо сам уцягнуўся, што не было праблем нават шыць, вязаць, маляваць, пісаць...”

"Я хацеў паказаць, што беларусы – пасіянарныя людзі"

Карэспандэнтка: “Вы сваімі рукамі афармлялі сьвяты гораду. Калі гэта было, у якія гады?”

Халезін: “На пачатку перабудовы”.

Карэспандэнтка: “А чым адрозьнівалася афармленьне ў той час ад цяперашняга?”

Халезін: “Тады шмат чаго можна было рабіць. Гэта былі простыя рэчы, прыгожыя, яркія, каб прыглушыць шэрасьць нашага жыцьця”.

Карэспандэнтка: “Калі б цяпер у вас была магчымасьць аформіць горад, напрыклад Менск, што б вы ўвасобілі?”

Халезін: “У мяне быў такі праект – ладзілі яго зь нябожчыкам Васем Шугалеем – фэстываль архітэктурных праектаў, але нам яго не далі рэалізаваць. Я хацеў зрабіць адну рэч: перацягнуць тоўсты-тоўсты канат паміж Нацбанкам і ГУМам і павесіць на яго сушыцца вялізарныя джынсы, вялізарныя шкарпэткі і вялізарную майку – каб ніхто не казаў пра беларусаў, што гэта такі дробны народ. Я хацеў паказаць, што беларусы – дужыя пасіянарныя людзі”.

"Знаходзіў больш. Нават грошы"

Карэспандэнтка: “Які лёс вашай п’есы “Я прыйшоў” – яе купіў МХАТ?”

Халезін: “У яе такі складаны і адначасна невыпадковы лёс, што я нават ня ведаю, чым гэта ўсё скончыцца. Сьпярша яе захацеў купіць Алег Меншыкаў, пасьля яе ў яго з-пад носа забраў Алег Табакоў, затым былі дзьве ці тры спробы зрабіць гэты спэктакль на сцэне МХАТу, пасьля чаго былі зьмены рэжысэраў – аднаго, другога, трэцяга. А потым у МХАТу скончыўся кантракт на гэтую п’есу. І цяпер, каб працягваць працу над гэтай п’есай, ім трэба наноў дамаўляцца са мной”.

Карэспандэнтка: “Мікалай, а хто там прыйшоў – у гэтай п’есе?”

Халезін: “Там прыйшоў чалавек. Я ня ведаю, ці я гэта быў, але гэта чалавек, які ідзе празь сем пакояў. У першым яго сустракае анёл, потым мама, тата, дачка, жонка, сябра, а пасьля зноў анёл. І чалавек праходзіць гэтую сьпіралепадобную дарогу і некуды сыходзіць. Аднекуль прыходзіць і некуды сыходзіць. І самае важнае: што ён рабіў увесь гэты час, у кожным з гэтых пакояў”.

Карэспандэнтка: “Вы асабіста больш знаходзілі ці гублялі?”

Халезін: “Знаходзіў больш. Нават грошы”.

"Мне шкада Віктара Манаева"

Карэспандэнтка: “У 2005 годзе Мікалай Халезін арганізаваў “Свабодны тэатар”. Цяпер гэта частка міжнароднага праекту, якім апякуюцца Вацлаў Гавэл і Том Стопард. Нобэлеўскі ляўрэат Гаралд Пінтэр аддаў тэатру ўсе правы на свае п’есы. Мікалай, раскажэце аб вашым міжнародным конкурсе і аб яго сёлетніх пераможцах”.

Халезін: “Гэта ўжо другі конкурс. На першы прыйшло 230 п’есаў, на гэты 251. На першым былі прадстаўленыя 9 краінаў, цяпер – 12. Калі на першым конкурсе гран-пры атрымаў расейскі драматург Вячаслаў Дурнянкоў, то гэтым разам першым стаў беларус Павел Пражко з п’есай “Майткі” – за яе цяпер б’юцца два расейскія тэатры”.

Карэспандэнтка: “Нядаўна пасьля двух паказаў спэктаклю “Тутэйшыя” ў Купалаўскім тэатры актор Віктар Манаеў пакрытыкаваў публіку за бурнае выяўленьне эмоцыяў у тэатральнай залі. Мікалай, такая бурная рэакцыя публікі на тое, што дзеецца на сцэне, – гэта посьпех...”

Халезін: “Я магу толькі сказаць, што мне шкада Віктара Манаева. Чаго Віктару крытыкаваць, калі нацыянальны сьцяг лунае над сцэнай? Людзі, якія глядзяць спэктакль, хочуць праяваў сваіх эмоцыяў. Яны мараць аб тым, каб прыйсьці ў тэатар і даць волю эмоцыям. Але калі тэатар сьпіць, калі ён ня кажа ніякіх актуальных словаў, калі маўчыць і калі баіцца таго, што адначасна з нацыянальным сьцягам падняліся людзі, то што тут казаць... Жах!”

"Пераможцам будзе той, хто хоча новага"

Карэспандэнтка: “У Польшчы ў Познані ёсьць "Тэатар восьмага дня". Такі назоў, бо, паводле тлумачэньня актораў, прыдумаўшы ўсё, на восьмы дзень Бог прыдумаў тэатар. За камуністычным часам нелегальны ў сваёй краіне, гэты познанскі тэатар выступаў на вуліцах эўрапейскіх гарадоў. Нядаўна "Тэатар восьмага дня" паставіў на сваёй сцэне спэктакль, угрунтаваны на зьвестках спэцслужбаў пра актораў гэтага тэатру. На вашую думку, пра што б мог быць спэктакль, зьвязаны зь беларускім “Свабодным тэатрам”?”

Халезін: “Дзякуй, што вы згадалі гэты тэатар. У лістападзе "Тэатар восьмага дня" праводзіў чытаньні п''есаў беларускіх драматургаў. Што да вашага пытаньня, у спэктаклі “Пакаленьне Jeans” я пра тое й кажу, што ў нас... У нас ёсьць эстэтычны канфлікт паміж уладай і людзьмі. Людзі хочуць новага, сьвежага, эўрапейскага, хочуць паветра, а ім кажуць “не”, даюць застой, стагнацыю, сельскагаспадарчае мастацтва. Не, ня выйдзе так: людзі маладыя ня могуць жыць з адным толькі снапом сена ў руках. Яны прагнуць новага, яны глядзяць артгаўс-кіно, яны чытаюць сучасную літаратуру, яны размаўляюць не аб тым, аб чым размаўляе ўлада. І таму пераможцам у гэтым канфлікце будзе той, хто хоча новага. Па-іншаму ня будзе”.

Карэспандэнтка: “Мікалай Халезін рыхтуе да выхаду зборнік сучаснай драматургіі “Пакаленьне Jeans”. Мікалай, было шмат крытыкі на адрас ідэі джынс у Беларусі. Чаму вы падтрымліваеце яе?”

Халезін: “Таму што ў джынсах немагчыма сядзець у камэры, таму што швы, гузікі, заклёпкі не даюць ляжаць на нарах. Гэта ня тое адзеньне, у якім можна быць у турме. Джынс – гэта тканіна маладых людзей, маладых ня толькі ўзростам, але й духам, гэта той сымбаль, які ахутаны мітам. Калі ўзьнялася над Кастрычніцкай плошчай джынсавая кашуля і калі моладзь лучылася пад ёй і процістаяла АМОНу, вось тады й стаў джынс сымбалем”.

"Я веру ў вольную Беларусь"

Карэспандэнтка: “У людзей, бывае, складаецца ўражаньне, што тэатар – гэта багемнае жыцьцё. Мікалай, “Свабодны тэатар” вядзе багемнае жыцьцё?”

Халезін: “Не, у нас вельмі цяжкое жыцьцё. Гэта жыцьцё, калі трэба так шмат працаваць, што ні пра якую багему ня можа быць і гаворкі. Багема ўвогуле ня можа існаваць у несвабодным грамадзтве. Ну дзе ў нас узяць багему, калі ў нас няма ніводнай сьвецкай газэты... Цяжкое жыцьцё – быць сёньня творцам у нашай краіне”.

Карэспандэнтка: “На Радыё Свабода ёсьць перадача “Ў што я веру”. Сёньня, карыстаючыся гэтай размоваю, я хачу спытацца ў вас: у што верыце вы?”

Халезін: “Я веру ў вольную Беларусь. Я веру ў дабрабыт. Я веру ў сваю сям’ю. І я веру ў сваіх сяброў”.
XS
SM
MD
LG