Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 30 студзеня


Юлія Шарова, Менск Агляд беларускага Інтэрнэту.

На форумах парталу сёньня абмяркоўваюць заявы Аляксандра Лукашэнкі, зробленыя ў часе сустрэчы зь лідэрам расейскіх камуністаў Генадзем Зюганавым. Адна з такіх заяваў: цкаваньне Беларусі адбываецца на ўказаньне Крамля. Вось

“Старая песьня пра ворагаў. Памятаеце, у Сталіна чым большых посьпехаў дасягаюць савецкія людзі, тым зьлейшыя навокал ворагі, нешта накшталт гэтага”.

“Канечне ж, на ўказаньне Крамля... Трэба стварыць у масавай сьвядомасьці расейцаў “кепскі” вобраз Беларусі, якая жыве задарма. Хутка выбары: апанэнты ўлады пачнуць прыводзіць у прыклад палітыку Лукашэнкі. І гэтага нельга дапусьціць... маўляў, глядзіце, пасьля падняцьця цэнаў на нашыя... энэрганосьбіты – дзе іхны эканамічны рост?”

“Якая краіна эканамічна можа за два гады вытрываць падвойнае павелічэньне цэнаў на газ?.. Літва можа, Эстонія. Прычым болей чым удвая. Прычым у 1993 годзе. Нічога, жывем”.

Чальцы суполкі Жывога журналу абмяркоўваюць інфармацыю пра дынаміку міграцыі ў Эўропе й Цэнтральнай Азіі, знойдзеную на . З гэтай інфармацыі, у прыватнасьці, вынікае, што ў Беларусі з Расеяй станоўчае сальда міграцыі.

Bon70 разважае: “Рэч у тым, што дадзеныя... цалкам супярэчаць штодзённым назіраньням. Я, напрыклад, ведаю некалькі сем’яў, якія пераехалі ў Маскву (са зьменай грамадзянства і без) і толькі аднаго-двух чалавек, якія прыехалі (відаць, бязь зьмены грамадзянства). Што да простых гастарбайтэраў, дык тут прыклад яшчэ больш відавочны – у Маскве беларусаў маса, у Менску гастарбайтэраў з Расеі не прыгадаю...”

А Arezu камэнтуе: “Цераз адсутнасьць мяжы мала хто афармляе дакумэнты афіцыйна, вось і адсутнасьць міграцыі. Што тычыцца тых, хто едзе. Прафэсіяналы едуць зь Беларусі ў Маскву й Пецярбург. А адтуль, магу меркаваць, едуць пэнсіянэры, людзі з правінцыі (магчыма, рабочых спэцыяльнасьцяў), людзі не зусім расейскай крыві (карэктна кажучы), якіх вы можаце бачыць на аўтамыйнях, станцыях тэхабслугоўваньня й рынках”.

На форумах нехта Дзяніс, які жыве ў адным з дамоў па вуліцы Дзекабрыстаў у Менску апавядае пра тое, як у беларускай сталіцы пачалі практыкаваць гэтак званы “маскоўскі” варыянт будаўніцтва. “Сёньня пачынаецца будаўніцтва дому на “галовах людзей”. Разьмяшчэньне будаўнічай пляцоўкі за тры мэтры ад жылога 18-кватэрнага дому 1946 году пабудовы, у якім жывуць каля 20 сем’яў з маленькімі дзецьмі, інваліды. Санітарныя ўмовы папросту цудоўныя: прыбіральня стаіць за трыццаць мэтраў ад дому, дзіцячая пляцоўка на ўнутрыдваровай тэрыторыі. І ўсё гэта заўтра перанясуць. Прыбіральня будзе за пяць мэтраў ад дому, а пляцоўка – уздоўж праезнай часткі. Відаць, горадабудаўнікі, санітарныя службы ды іншыя папросту не заўважылі дамка, у якім пражываюць людзі”.

Аўтарка сайту Петра сёньня разважае на тэму, чаму беларускія жанчыны не ідуць у палітыку. Жанчыны ва ўладзе, нягледзячы на тое, што ўмовы ў грамадзтве мяняюцца, сустракаюцца рэдка, канстатуе Петра. “А калі й сустракаюцца, дык на другасных ролях, накшталт марыянэткі – Ярмошынай, закліканай ствараць ілюзію наяўнасьці выбараў у племені, якім бязьзьменна кіруе гэтакі ярка выражаны самец, што кожнаму зразумела: тут можна толькі горла перагрызьці, каб заняць ягонае месца. Беларусь, якая жыве па самых патрыярхальных законах, пакуль падпарадкоўваецца сіле, а не інтэлекту... А вяртаючыся да Ярмошынай, адзначу, што менавіта ў такім раскладзе яна й выконвае самую жаночую ролю – зьмякчыць унутры племені й перад суседзямі непрыемнае ўражаньне ад “самца”. Не зьдзіўлюся, калі выявіцца, што фальсыфікацыя выбараў для яе самой пакутлівая. Але ж і жанчыны ў звычайных сем’ях, чыя мужы п’юць і зьбіваюць іх, часта апавядаюць суседзям пра падзеньне са сходаў ці ў лазенцы як прычыну сінякоў. Абы ціха было, як кажуць”.

* * * Дасылайце свае ідэі ды спасылкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24.
XS
SM
MD
LG