Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начныя досьледы”: менская сталоўка


Алесь Дашчынскі, Менск Ад савецкага часу ў беларускіх гарадох захаваліся дзяржаўныя сталовыя. Хто харчуецца у сталоўках? Якое там мэню? Ці зьмяніліся сталоўкі з савецкай пары? Наш карэспандэнт наведаў сталоўку №57 Менскага электрамэханічнага заводу, якая знаходзіцца на вуліцы Валгаградзкай, і паспрабаваў знайсьці адказы на гэтыя пытаньні.

Калі вы хочаце наведаць жывы куток сацыялізму, завітайце ў сталовую №57 у Менску. Гэта вялізная заля з пацёртай мэбляй і некалькімі карцінамі на сьценах. Дзьверы адчыняюцца з рыпам.

Да раздачы трэба прайсьці каля адчыненых дзьвярэй мыйкі. Тут дзьве жанчыны саскрэбваюць з талерак аб’едкі. У пасудамыйнае аддзяленьне лепш не заходзіць. Усё абсталяваньне там зношанае. На адным з падносаў кліенты здалі дзьве пустыя бутэлькі з-пад таннага віна. Жанчына ў халаце хуценька прыбірае бутэлькі.

Карэспандэнт: “Я бачу, вы там нейкія бутэлькі разгрузілі...”

Жанчына: “Ну, п’юць”.

А цяпер вывучаем мэню. Яно звычайнае для сталовак. Селядзец з цыбуляй – 330 рублёў. Салат “Беласьнежка” – 530 рублёў. Боршч украінскі – усяго 290 рублёў. Тэфтэлі зь ялавічыны з соўсам усяго за 1110 рублёў. Хек смажаны – за 1190. У якасьці гарніру можна ўзяць крупяную кашу за 100 рублёў. Папіць можна кісель з канцэнтрату за 180 рублёў.

Я ўзяў рыбу з кашай. Заплаціў 1290 рублёў. Паспытаў. Шчыра скажу, што ежа гэтая была бяз смаку. Але самае непрыемнае – гэта відэлец, які быў, як і іншыя прыборы, у кроплях вады. Чаму? Патлумачыла загадчыца страўні Алена Жук:

Алена Жук: “Яны не ў вадзе. Яны апарваюцца кіпенем. Мы ня можам выціраць кожны прыбор, бо гэта немагчыма. У нас праходзяць тысячы людзей за дзень. Кожны прыбор мы ня можам праціраць. І правільна – яны будуць крыху вільготныя, бо ў самім будынку вільготнасьць вялікая. Мы ж ставім сурвэткі на сталы: калі ласка, выцірайце”.

Сурвэткі ружовага колеру сапраўды былі, але не на кожным стале. Тым часам мая суразмоўніца пабегла на раздачу. Разам з тэхнолягам загадчыца мусіць працаваць папераменна і на раздачы, бо ў сталоўцы не хапае кадраў. Само па сабе прадпрыемства ня мае прыбытку, заробкі малыя, таму ніхто сюды ня хоча ісьці працаваць. Кухар пятага разраду атрымлівае 240 тысяч за месяц.

Загадчыца апавядае, чаму ў сталоўцы такія нізкія цэны:

Жук: “У нас трэцяя нацэначная катэгорыя. Самая маленькая нацэначная катэгорыя. Бо мы заводзкая сталовая”.

Карэспандэнт: “Прыбытку ніякага яна не прыносіць?”

Жук: “Яна прыносіць прыбытак, але вельмі маленькі. Гэта ж не другая нацэначная катэгорыя, дзе 70 працэнтаў нацэнкі на стравы. А тут усяго толькі 40 працэнтаў. Каб жыць на шырокую нагу – такога няма. Заробкі ў нас вельмі нізкія”.

Гэтым тлумачыцца і тое, што раздатачнае ды іншае абсталяваньне прыкметна састарэла.

А вось якраз да касы падышоў сталы кліент сталоўкі.

Кліент: “Проста ў нас не атрымліваецца недзе абедаць у іншым месцы, дык я заходжу сюды. Гатуюць? Для мяне выдатна. Можа, для некага нешта ня так. Ну я цяпер узяў катлеты. Я думаў, з бульбай будзе, а выйшла, з просам. Боршч узяў, сьмятану і булачку”.

Касірка: “Усяго 2 500”.

Кліент: “Для мяне нармальна. Я яшчэ вечарам дабаўлю ў сябе”.

Яшчэ адзін кліент-інвалід абедае па картках, якія выдалі ў аддзеле сацыяльнага забесьпячэньня. Адна картка – тры тысячы рублёў. За гэтыя карткі ён мае прыяжджаць есьці менавіта ў гэтай сталоўцы і езьдзіць ажно з Уручча. Наракае, што крыху спазьніўся.

Кліент: “Спазьняюся часта, каб раней прыходзіў, у першай палове дня, да абеду, то выбар быў бы большы”.
XS
SM
MD
LG