Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь ізноў фарпост Расеі?


Юры Дракахруст, Прага У аўторак Аляксандар Лукашэнка сустрэўся з кіраўніком расейскай кампартыі Генадзем Зюганавым. Аналіз заяваў кіраўніка Беларусі прапануе наш аглядальнік.

Ад “абарончага валу” Захаду да “фарпосту” Расеі

Ізноў было паўторана, што “Беларусь заўсёды была і будзе з расейскім народам”, што яна не адмаўляецца быць “фарпостам Расеі на Захадзе”. У нядаўнім інтэрвію нямецкай газэце “Die Welt” кіраўнік Беларусі казаў рэчы іншыя, калі не супрацьлеглыя: прапаноўваў, напрыклад, альянс транзытных краінаў для процідзеяньня расейскай энэргетычнай палітыцы. Было там сказана таксама і тое, што “Захад зразумеў: заўтра Расея можа перакрыць кран і яму”. А гаворачы пра барацьбу зь нелегальнай міграцыяй, кіраўнік Беларусі адзначаў тады, што “мы зьяўляемся для Эўропы своеасаблівым абарончым валам”.

"Ідыёт самы сапраўдны, але..."

Гэтыя выказваньні Лукашэнкі выклікалі вельмі эмацыйную рэакцыю расейскіх мэдыяў: газэты наўпрост абвінавачвалі кіраўніка Беларусі ў “здрадзе Расеі”. У мінулыя выходныя Першы канал расейскага тэлебачаньня паказаў вялікі, вельмі крытычны сюжэт пра Лукашэнку, у якім упершыню за доўгі час прыгадаў ягоныя знакамітыя выказваньні пра Гітлера. Пры гэтым пасьля адпаведнай аўдыёстужкі была паказана заява Лукашэнкі, што нічога станоўчага пра Гітлера ён не казаў, а адразу ж пасьля гэтага – інтэрвію зь беларускім кіраўніком, дзе ён прызнаецца, што казаў пра Гітлера, які “быў ідыёт самы сапраўдны, але ж аб’яднаў нацыю, што дало вынік”. Апошні раз аўдыёзапіс з выказваньнямі Лукашэнкі пра Гітлера гучаў па расейскім тэлебачаньні ў 1996 годзе, напярэдадні канстытуцыйнага рэфэрэндуму ў Беларусі.

Паўтарэньне гэтых выказваньняў цяпер сьведчыць пра тое, што расейскія мэдыі пачалі інфармацыйны наступ на беларускага кіраўніка.

“Я ні з кім не фліртую”

І сёньняшняй размовай зь Зюганавым Лукашэнка паспрабаваў “адкруціць” сваю пазыцыю. Размовы пра тое, што ён “фліртуе з Захадам”, кіраўнік Беларусі назваў “пустымі”, авансы, зробленыя Эўропе, ён трактаваў як шматвэктарную палітыку.

Іншымі словамі, ад “абарончага валу Эўропы” Лукашэнка зноў вяртаецца да ролі “фарпосту Расеі”. Пры гэтым заявы аб вернасьці зноў спалучаюцца з намёкамі аб магчымасьці альтэрнатывы: “Калі б мы праводзілі празаходнюю палітыку, тут бы ўжо даўно стаялі натаўскія войскі. Раней, чым у іншай краіне, яны былі б тут. Мы заўсёды былі з Расеяй. Але Расея заўсёды кідала ў нас камень”.

Для гэтых заяваў Лукашэнка абраў вельмі ўдалага суразмоўцу – кіраваная Зюганавым расейская кампартыя была адной зь нешматлікіх палітычных сілаў Расеі, якія ў канфлікце паміж афіцыйным Менскам і Крамлём абралі бок першага. Размаўляючы са старшынём КПРФ, Лукашэнка насамрэч казаў для таго ж Крамля і для расейскага народу. Але на расейскае кіраўніцтва і, гледзячы па апошніх апытаньнях, расейскі народ гэтыя геапалітычныя кідкі вялікага ўражаньня ўжо ня робяць.
XS
SM
MD
LG