Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тураў: створаны амэрыканцамі рэабілітацыйны цэнтар прастойвае


Радыё Свабода Амаль два гады ў пацярпелым ад Чарнобылю Тураве не выкарыстоўваецца мэдычны рэабілітацыйны цэнтар. Ён паўстаў у гарадзкім шпіталі на сродкі Эўрапейскага камандаваньня Збройных сілаў ЗША пры падтрымцы амэрыканскай амбасады ў Беларусі. Мясцовыя жыхары доўгі час ня могуць карыстацца й апаратам ультрагукавой дыягностыкі, які прастойвае пасьля звальненьня галоўнай лекаркі шпіталю Ірыны Сяргейчык.

У чэрвені 2005 году падчас адкрыцьця мэдычнага рэабілітацыйнага цэнтру ў Тураве раённыя кіраўнікі публічна заяўлялі, што з адкрыцьцём цэнтру на новую ступень уздымаецца аказаньне мэдычнай дапамогі жыхарам раёну. Аднак цэнтар не працуе й да гэтага часу. Чаму?

Гаворыць галоўны лекар Жыткавіцкага раённага шпіталю Канстанцін Грамак, якому падпарадкоўваюцца мясцовыя мэдычныя ўстановы:

Грамак: “Ён ня можа выкарыстоўвацца, таму што там няма вэнтыляцыі й каналізацыі”.

Паколькі мэдыцына фінансуецца з разьліку на аднаго жыхара, то раённае мэдычнае аб’яднаньне ня можа на свае сродкі зрабіць вэнтыляцыю й пракласьці дзьвесьце мэтраў сьцёкавага калектару да гарадзкой лазьні — якая, дарэчы, таксама ператварылася ў даўгабуд. Да таго ж для рэабілітацыйнага цэнтру патрэбна некалькі спэцыялістаў, на што раён нібыта таксама ня мае сродкаў.

Былая галоўная лекарка Тураўскага шпіталю Ірына Сяргейчык, высілкамі якой быў атрыманы грант ЗША на стварэньне цэнтру, кажа, што мясцовыя ўлады ня рупіліся нешта зрабіць у гэтым кірунку:

Сяргейчык: “Пасьля таго, як мы яго адкрылі, усе паабяцалі дапамогу, але ніхто нічога не рабіў. У сельскіх рэгіёнах Беларусі ўжо адкрытыя такія цэнтры пасьля нас. І працягваюць адкрывацца пакрысе для людзей, таму што даехаць да райцэнтру немагчыма, а платныя паслугі ў санаторыях робяць недаступнымі для сельскіх жыхароў рэабілітацыйную дапамогу”.

Дарэчы, спадарыню Сяргейчык пасьля адкрыцьця рэабілітацыйнага цэнтру раённае мэдычнае начальства звольніла з працы — нібыта за неадпаведнасьць пасадзе галоўнага лекара. Суд яе не аднавіў на працы.

Са звальненьнем Ірыны Сяргейчык Тураўскі шпіталь страціў яшчэ й спэцыяліста ультрагукавой дыягностыкі. На дасьледаваньне жыхары тураўскай зоны павінны езьдзіць у райцэнтар, дзе паводле накіраваньня з гэтага рэгіёну прымаюць на ультрагукавы апарат аднаго хворага на тыдзень.

Цяперашні кіраўнік Тураўскага шпіталю Аляксандар Ляўковіч кажа на гэта:

Ляўковіч: “Апарат у нас ёсьць. Раней прыяжджаў сюды раз на тыдзень спэцыяліст. А цяпер сытуацыя такая, што наагул адзін спэцыяліст на раён застаўся”.

Тым часам Ірына Сяргейчык, выпускніца Ленінградзкага мэдычнага інстытуту, лекарка з дваццаццішасьцігадовым стажам, застаецца бяз працы, а мясцовыя жыхары — без кваліфікаванага дасьледаваньня на сучаснай апаратуры.

Распавядае тураўчанка спадарыня Зеніна:

Зеніна: “У нас у Тураве тры тысячы жыхароў. Насельніцтва старое, ва ўсіх шмат хваробаў. Да таго ж ультрагукавой дыягностыкай карысталіся жыхары навакольных вёсак — зь Верасьніцы, Малішава бліжэй да Турава прыехаць. У Жыткавічах увесь раён, дваццаць тысяч чалавек, на адзін ультрагукавы апарат. Там запіс на ультрагук на тры месяцы наперад”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG