Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскі суд вырашыў не выдаваць Беларусі А.Міхалоўскага


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Суд у Любліне вырашыў сёньня не выдаваць беларускім уладам Аляксандра Міхалоўскага, які паводле запыту афіцыйнага Менску аб экстрадыцыі правёў за кратамі ў Польшчы 4 месяцы.

Люблінскі суд, а ў працэсе ў якасьці сьведкаў бралі ўдзел сярод іншых Станіслаў Шушкевіч і Марыюш Машкевіч, вырашыў не выдаваць Аляксандра Міхалоўскага Беларусі.

“Вырак, на маю думку, справядлівы. У суду, як мне падаецца, не было аргумэнтаў, каб прыняць іншае рашэньне. Былі прадстаўлены пераканаўчыя доказы дзейнасьці Міхалоўскага, падтрымкі ім структураў апазыцыі, у тым ліку БНФ”, – сказаў нашаму радыё апазыцыйны актывіст Аляксандар Фёдараў, які таксама быў у судзе.

На працэс у Люблін накіроўваўся і Валер Фралоў, аднак берасьцейскія памежнікі не дазволілі генэралу выехаць зь Беларусі.

Крымінальная справа супраць супрацоўніка Бабруйскага заводу вінаградных напояў Аляксандра Міхалоўскага была заведзена летась – яго абвінавацілі ў крадзяжы і спробе крадзяжу. Потым абвінавачаньні часткова прызналі беспадстаўнымі, аднак Міхалоўскі, які раней балятаваўся ў Палату прадстаўнікоў ад дэпутацкай групы “Рэспубліка”, вырашыў выехаць ва Ўкраіну, а пазьней летась у верасьні ў Польшчу, каб папрасіць там палітычнага прытулку, але на мяжы яго затрымалі на запыт беларускіх уладаў аб экстрадыцыі.

Вось што сказала нашаму радыё жонка Аляксандра Міхалоўскага Алена:

Міхалоўская: “Я вельмі ўзрадавалася! Вядома, я і чакала справядлівасьці ад польскага суду”.

На працягу апошніх пяці гадоў ў Польшчы ўсе экстрадыцыйныя працэсы па справах беларусаў, так ці іначай зьвязаных з палітыкай, скончыліся тым, што ніводзін зь іх ня быў выдадзены беларускаму боку.

Пасьля афармленьня неабходных дакумэнтаў Аляксандар Міхалоўскі выйдзе на свабоду – гэта павінна адбыцца яшчэ сёньня.
XS
SM
MD
LG