Лінкі ўнівэрсальнага доступу

І.Казуліна: “Па галадоўцы муж больш за месяц не падымаўся з ложка”


Алег Грузьдзіловіч, Менск Аляксандар Казулін сустрэўся ў калёніі з жонкай і дочкамі. Ірына Казуліна распавяла карэспандэнту “Свабоды” пра стан здароўя мужа, які пры канцы мінулага году трымаў працяглую галадоўку пратэсту.

Сям’я былога кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна сустрэлася ўпершыню за болей як дзесяць месяцаў пасьля яго затрыманьня 25 сакавіка. Як кажа Ірына Казуліна, яны былі цалкам шчасьлівыя гэтыя тры дні. “Пакойчыкі там малыя, два ложкі зусім побач, але якраз гэта было добра, бо мы зноў былі так блізка адно да аднаго!” — кажа Ірына Казуліна.

Ірына Казуліна нагадала, што яе муж спыніў галадоўку яшчэ 11 сьнежня, але толькі некалькі дзён таму адчуў сябе больш-менш нармальна.

Казуліна: “Ён амаль увесь гэты час ляжаў у ложку, настолькі яму было дрэнна. Вельмі цяжка ягоны арганізм прымаў ежу. Ён распавёў, што разоў пяць у яго былі крызісы, калі было вельмі балюча, цела быццам разрывалася ад голаду. У такія дні ён выпіваў дзесяць і болей літраў вады. Гэтак ён мучыўся”.

Цяпер, кажа Ірына Казуліна, яе муж важыць 86 кіляграмаў, адчувае сябе добра. Але яе вельмі непакоіць, што ў Аляксандра зьявіліся праблемы з сэрцам — яно б’ецца часьцей, чым раней на волі.

Сваякам Казуліна не ўдалося зрабіць ягонага фатаздымка, паколькі ім забаранілі праносіць у калёнію фотаапараты і мабільныя тэлефоны з відэакамэрамі. На маю просьбу Ірына Казуліна гэтак апісала выгляд мужа:

Казуліна: “Галоўнае, што ён усьміхаецца. Апрануты ў цёплую турэмную адзежу. Дастаткова загартаваны, як я бачу. Бо мы гулялі ў двары, усе замерзьлі, а ён яшчэ хадзіў бы і хадзіў. Постаць, канечне, хударлявая, няма той моцы, якая была раней. Але твар не выглядае стомленым, нават памаладзеў, ва ўсякім разе ў параўнаньні з тым, як мы яго бачылі падчас галадоўкі”.

Паводле Ірыны Казулінай, яе муж шмат выказваўся пра палітычную сытуацыю ў краіне, зрабіў шэраг заяваў, камэнтароў і даў колькі парадаў апазыцыйным палітыкам. Падрабязьней пра гэтыя заявы жонка палітыка абяцае паведаміць пазьней.

Пры канцы нашай размовы Ірына Казуліна перадала падзяку ўсім, хто падтрымліваў яе мужа.

Казуліна: “Яшчэ ён перадаваў велізарнае прывітаньне Радыё Свабода, “Народнай Волі”, журналістам іншых газэтаў, якія пішуць пра палітвязьняў, усім людзям, якія яго падтрымалі й даслалі лісты. Ён сказаў, што значна пашырылася геаграфія гэтых лістоў, ён усіх вітае і спадзяецца, што хутка будзем разам на волі”.

Экс-кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін быў асуджаны на пяць з паловай гадоў зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў хуліганстве і арганізацыі вулічных беспарадкаў. Віны Казулін не прызнае і тлумачыць перасьлед палітычнымі прычынамі. Апазыцыя і праваабаронцы Беларусі лічаць Аляксандра Казуліна вязьнем сумленьня і дамагаюцца ягонага вызваленьня. Да гэтых патрабаваньняў далучыліся ўрады ЗША і краінаў Эўразьвязу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG