Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фотарэпартаж: у Курапатах зламалі лаву Клінтана (абноўлены)


Ганна Соўсь, Курапаты Ва ўрочышчы Курапаты — чарговы акт вандалізму. Разламаны мэмарыяльны знак “Ад народу ЗША народу Беларусі дзеля памяці”, які падараваў прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан. У аўторак ва ўрочышчы адбылася акцыя памяці — на месцы масавых расстрэлаў запалілі сьвечкі. Адначасова падобныя акцыі прайшлі ў Расеі, яны прымеркаваныя да 70-й гадавіны трагічнага 1937 году.

Пры ўваходзе ва ўрочышча супрацоўнікі спэцслужбаў у цывільным сёньня правяралі дакумэнты ва ўсіх, хто прыйшоў узяць удзел у акцыі памяці. Падняўшыся на курапацкі пагорак, сустракаю ля разламанай лавы Клінтана другога сакратара амбасады ЗША ў Беларусі Стывэна Гілэна. Частка мэмарыяльнага знаку адсутнічае.

Гілэн: “Мы лічым гэты выпадак вялікай трагедыяй. Гэтая лава была вельмі маленькай, але гэта быў вельмі важны сымбаль сяброўства паміж беларускім і амэрыканскім народамі. Гэта трагедыя”.

Некалькі дзясяткаў чалавек, якія прыйшлі сёньня ў Курапаты ўшанаваць памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, запальваюць сьвечкі й пачынаюць сьпяваць. Ініцыятар акцыі гісторык Ігар Кузьняцоў падлічыў, што ад 1994 году, калі ўсталявалі мэмарыяльны знак, гэта ўжо адзінаццаты акт вандалізму ў Курапатах у дачыненьні да лавы Клінтана.

Кузьняцоў: “Я думаю, што тут камэнтары залішнія, паколькі апошняе апаганьваньне было 2 сьнежня 2006 году. Упершыню прамежак паміж актамі вандалізму паменшыўся зь некалькіх гадоў да амаль двух месяцаў. Гэты вандалізм можна спыніць толькі сілай. Пакуль гэта дэманстрацыя бясьсільля ўлады”.

Ігар Кузьняцоў запальвае сьвечку. Сёньня іх паставілі ля некалькіх дзясяткаў курапацкіх мэмарыяльных знакаў.

Кузьняцоў: “Акцыя адбываецца сынхронна ў Расеі і Беларусі, у Комі, Архангельскай, Томскай абласьцях. Да нас зьвярнулася Сыктыўкарскае аддзяленьне расейскага “Мэмарыялу” з просьбай падтрымаць гэтую акцыю ў сувязі з тым, што шмат нашых землякоў загінула на поўначы Расеі”.

Старшыня грамадзкага аргкамітэту ў справе ўвечненьня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў Ігар Кузьняцоў кажа, што цяпер кожны месяц 30-га чысла ў Беларусі будуць памінаць бязьвінна загінулых людзей. А завяршальным стане 29 кастрычніка 2007 году — гэты дзень будзе аб’яўлены Днём памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, паколькі менавіта 29 кастрычніка 1937 году адбыліся масавыя расстрэлы беларускай інтэлігенцыі.

Сёньня ў Курапаты прыйшлі граф Аляксандар Прушынскі й скульптар Алесь Шатэрнік, які ўпарадкаваў мэмарыяльны знак пасьля акту вандалізму ў 2001 годзе. Тады ён зрабіў мэталічны вянок, які быў прымацаваны да адрамантаванай лавы. Цяпер вянка няма, як няма і часткі знаку. Алесь Шатэрнік кажа, што лаву Клінтана можна аднавіць, і калі гэта будзе ўзгоднена з прадстаўнікамі амбасады ЗША, ён можа ўзяцца за гэтую працу.

Палітык Вячаслаў Сіўчык абураны чарговым актам вандалізму ў Курапатах.

Сіўчык: “На вялікі жаль, мы пачынаем прывыкаць да актаў вандалізму ў Курапатах. Яны ствараюцца з той атмасфэры, якую правакуе сёньняшні рэжым. І Лукашэнка, і ягонае бліжэйшае асяродзьдзе — гэта духоўныя дзеці тых людзей, якія праводзілі сталінскія рэпрэсіі”.

Супрацоўнікі амбасады ЗША ля зламанага мэмарыяльнага знаку

Людзі запальваюць сьвечкі

Акцыя памяці адбываецца ў завіруху

Ігар Кузьняцоў ставіць запаленую сьвечку ля курапацкага каменя
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG