Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Калі ў “Свабоды” ёсьць магчымасьць праверыць начальніка Шклоўскай калёніі на дэтэктары хлусьні, праверце, калі ласка”


Радыё Свабода Агляд званкоў на "Свабоду" за аўторак, 30 студзеня. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон "Свабоды" 266-39-52. Тэлефануйце, дзяліцеся навінамі, а таксама выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і сьвеце. Тэлефон "Свабоды" — гэта вольны мікрафон. Права выказацца мае кожны. Нам можна дасылаць СМС-паведамленьні на нумар — 8-029-391-22-24.

Зіноўеў: “На папрокі Беларусі ад генэрала Пронічава я заўважу, што якасьць расейскіх пашпартоў такая, што берасьцейскі памежны атрад мог бы іх выкідваць”.

Спадар: “Дарагая “Свабода,” скажыце, калі ласка, як можна такую дзяржаву трываць і такіх кіраўнікоў? Мне ўвесь тыдзень перакрывалі гарачую і халодную ваду. Колькі я не тэлефанаваў у 65-ты ЖЭС, яны тлумачаць, што нешта мяняюць. Што можна мяняць увесь тыдзень?! Перакрываюць ваду ў двух-трох будынках, а жыхарам трэба плаціць за тое, што яны выліваюць. Стаякі не павінны працаваць. Кожны стаяк трэба перакрыць, а яны не перакрываюць. І колькі можна рабіць такія злачынствы? Хіба ж гэта эканомія?! А ўсё крычаць пра эканомію! Крычаць, каб паставілі лічыльнік! Як я магу лічыльнік паставіць, калі я 25 год хварэў і па бальніцах “валяўся”?! Мяне пакалечылі, зрабілі апэрацыю, і я згубіў 6 год стажу. Гэта мне на 100 тысяч менш. І я зараз павінен плаціць за тую ваду! Як можна выліць 16 кубоў?!”

“Дапамажыце, калі ласка. Трэба тыя грошы, якія Лукашэнка аддае на глушылкі, аддаць пэнсіянэрам ці жабракам. Да якога часу будзе такая агіднасьць?! На глушылкі мільярды аддае, а жабракам – капейкі! Калі да яго дойдзе, што трэба людзей паважаць?! А не “трапацца,” як ён народ любіць. Як ён любіць народ?! Народ жабрачы! А то вось ваду перакрываюць па дзесяць разоў на тыдзень! Без вады ўжо другія суткі сядзім. Агідна робіцца! Ня ўмеюць кіраваць і ня ўмеюць жыць! Так жылі пры савецкай уладзе і ды нарыхтоўвалі вольху для жывёлы, а яна здыхала. А яны плянавалі. Дык і сёньня тое ж самае. Гэта не свабода, гэта жабрацтва, гэта агіды! У галаве ў іх няма нічога акрамя даляраў. Трэба, каб нейкая спачуваньне да народу было. Я, напрыклад, працаваў за “палачку” ў калгасе…Гады згубіў…”

Часлаў Пазьлевіч: “Прывітаньне, “Свабода”! Ад каго ці ад чаго залежыць паляпшэньне Вашага дабрабыту? Ад міністра працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Патупчыка Ўладзімера Мікалаевіча. Згодна з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь Артыкул 10, Артыкул 47 за адпрацаваную пэнсію я магу атрымліваць, згодна з Законам Аб пэнсійным забесьпячэньні – не. Спадар Патупчык учапіўся за закон ды забыўся пра Канстытуцыю. А там ёсьць вельмі цікавы Артыкул 7. Пасьля сьмерці кветку мне ня трэба, а пры жыцьці вярніце тое, на што я адпрацаваў. З павагай”.

Спадар: “Недарэчна гучыць пытаньне: Чым Вы можаце заплаціць за незалежнасьць Беларусі? Быццам бы незалежнасьцю можна гандляваць і прадаваць яе. Адказ можа быць толькі адназначным, як і сказаў Янка Філістовіч у часе пасяджэньняў Трыбуналу Беларускай ваеннай акругі. Янка сказаў: “Я буду шчасьлівы, калі сваё жыцьцё аддам за Бацькаўшчыну”. Так што за Бацькаўшчыну трэба змагацца, а не прадаваць яе”.

Віктар: “Я хацеў бы Вам сказаць наступнае. Я Вам казаў, што ўсё будзе нармальна? Я вось цяпер праслухаў па навінах ОНТ, сказалі, што ўсё, здаецца, добра, нармальна. Па 240 даляраў заключылі кантракт. Значыць, з улікам экспартнага мыта 53 даляры кошт тоны нафты складае 240 даляраў. Гэта таньней на 30 даляраў, чым летась. І колькасьць – 200 мільёнаў тон нафты. Летась яна склала 150 мільёнаў тон. А цяпер 200 мільёнаў тон. Дык вось, усё добра. І зноў будуць танчыць. Зноў загаварылі пра саюзную дзяржаву Беларусі і Расеі. Зноў расейцы – нашы браты. Будзем аб’ядноўвацца, сябраваць…ну, а Вы што новага скажаце? Вы кажаце, што ня могуць дамовіцца…Ужо пра ўсё дамоўлена. Па БТ, праўда, нічога не сказалі, але трэба яшчэ пачакаць крыху”.

Вольга Дашкевіч, маці палітвязьня Зьміцера Дашкевіча: “29 студзеня вечарам мы з мужам Вячаславам праслухалі маю інфармацыю, што калі наш сын Зьміцер ішоў на спатканьне з намі, а цяпер, як вядома, ён знаходзіцца ў Шклоўскай папраўчай калёніі № 17, яго папярэдзілі, каб не размаўляў на беларускай мове, бо ў любы момант могуць прыпыніць нашу сустрэчу. І тут жа быў камэнтар намесьніка начальніка калёніі Ермаліцкага, які сказаў, што сына папярэджвалі, каб не размаўляў на нямецкай і іншых мовах. А пра беларускую мову гаворкі не было. Гэта бессаромная хлусьня. Наш сын хрысьціянін, вывучае Біблію, згодна зь якой хлусьня лічыцца вялікім грахом. Чалавек, які прыйшоў на свой несправядлівы суд зь Бібліяй у руках, хлусіць ня толькі ня можа, гэтая хлусьня выключана на 100 %. У сваіх лістах да нас, дарэчы, якія мы не атрымліваем з 23 сьнежня мінулага году па невядомых для нас прычынах, ён заўсёды прыводзіў вытрымкі зь Бібліі, як павінен жыць чалавек, якім ён павінен быць, дзе хлусьня выключэньне. Калі ў “Свабоды” ёсьць магчымасьць праверыць спадара Ермаліцкага на дэтэктары хлусьні, праверце, калі ласка. Мы ж ня можам моўчкі праглынуць такую абразу! Дзякую за ўвагу”.

Ларыса, Менск: “Пытаньне аб тым, што такое дабрабыт для кожнага чалавека – пытаньне вельмі філязофскае. Падчас чалавеку вельмі цяжка адказаць на яго. Я, як чалавек сталага ўзросту, магу адказаць наступным чынам. Па-першае, дабрабыт залежыць ад самога чалавека. Дабрабыт – гэта ня толькі матэрыяльныя каштоўнасьці, але і тое, як ты адчуваеш сябе маральна. Бо часам чалавек і не назьбіраў багацьця, але адчувае сябе задаволеным сваёй працай і вынікамі гэтай працы, калі гэтая праца не прынесла вялікі прыбытак. Гэта тое, што залежыць ад чалавека, але многае залежыць ад таго, у якім стане знаходзіцца краіна. У стабільным грамадзтве і дабрабыт людзей паляпшаецца. Наш дабрабыт зараз будзе залежыць ад таго, якую палітыку будзе праводзіць наш урад. Цяпер ён у нейкай разгубленасьці. Ды і апазыцыя ня ў лепшым стане. Але калі іх аб’яднаць, то, можа, што і палепшыцца”.

Спадарыня: “Прывітаньне, шаноўная “Свабода”. Я сёньня Вас паслухала, але раптам заціхла радыё. Шум і ўсё, і ўжо Вас я ня чую. Яшчэ паспрабую…Ці не найду, ці не найду. Можа ўжо і не. Так я чую, як нейкі мужчына пытае ў шаноўнай “Свабоды,” чаго хоча апазыцыя. Я хачу сказаць, што апазыцыя хоча свабоды, а нам не даюць. Апазыцыя хоча вярнуць беларускую мову, а нам не даюць. Зьбіваюць хлопца за што? Што па-беларуску гаворыць? Якое яны маюць права?! У нас не Расея, у нас павінны гаварыць па-беларуску. І ня маюць права так біць за гэта. Я хачу, каб вярнулася свабода да нас. У нас уціскаюць найбольш палякаў, і на працы, і пэнсіянэраў. Але мы не баімся. Мы ідзем супраць бальшавізму. Яны ўжо на Мілінкеіча, што Мілінкевіч слаба робіць. Што яны хочуць засадзіць Мілінкевіча, як Казуліна? Ён разумна ідзе, а што ён адзін зробіць? Дзякую Вам за ўвагу”.

Спадарыня: “Паважныя лідэры БНФ, 19 сакавіка 2006 года вынікі выбараў прэзыдэнта Беларусі былі сфальсыфікаваныя. Калі Вы згодныя з гэтым, Вы павінны падтрымаць Аляксандра Мілінкевіча і напомніць Лукашэнку пра тое, што ён нелегітымны прэзыдэнт. Каб пратэст быў пераканаўчы, неабходна, як мага больш людзей вывесьці на вуліцы ва ўсіх абласных цэнтрах, раённых цэнтрах, вёсках, то бок у Менск ня змогуць усе жадаючыя, каб падтрымаць Аляксандра Мілінкевіча. Ствараецца ўражаньне, што нехта з Вас працуе на рэжым Лукашэнкі і таму зацікаўлены ў расколе апазыцыйных сілаў. 25 сакавіка, Дзень Волі, нікуды ня дзенецца. Таксама людзі выйдуць і падтрымаюць гэта сьвята. Так што будзьце разумнымі, не рабіце расколу, не ўводзьце людзей, якія яшчэ вераць Вам, у падман”.
XS
SM
MD
LG